У Менску судзяць 18-гадовага палітвязня Красоўскага

Суд Савецкага раёну 18 лютага распачаў разгляд крымінальнай справы супраць 18-гадовага актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага. Юнаку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Івана Красоўскага абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Юнаку інкрымінуюць перакрыццё дарог у ноч з 10 на 11 жніўня на «Рызе», што пацягнула шкоду «Менсктрансу» на суму больш за 5,6 тыс. рублёў. Справу палітвязня разглядае суддзя Марына Фёдарава.

Суд над Іванам Красоўскім. Фота: Белсат

Івана Красоўскага затрымалі ў канцы верасня. У жніўні сілавікі яго жорстка збілі да стана інваліднага вазка.

На судзе стала вядома, што тэлефон хлопца праслухоўваўся яшчэ з 3 сакавіка 2020 года, менавіта тэлефонныя размовы з акцыі пратэсту і сталі падставай для абвінавачвання.

Віну Іван прызнаў часткова. Ён пагаджаецца, што выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні, астатняе – не прызнае. На судзе Іван Красоўскі распавёў, што сілавікі на акцыях пратэсту не агучвалі патрабаванняў, а адразу збівалі людзей і выкарыстоўвалі спецсродкі (святлошумавыя гранаты, зброя з гумавымі кулямі, дубінкі) супраць людзей. На судзе палітвязень заявіў:

«Я малады чалавек 18 гадоў, нядаўна скончыў школу, тое, што я ўбачыў на Рызе, – я ўбачыў упершыню ў жыцці, я быў на эмоцыях. Гэта ненармальна, калі супрацоўнікі міліцыі збіваюць людзей, супрацоўнікаў хуткіх».

«Нават у хуткай каталіся амапаўцы». Гісторыя № 5 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

СК belsat.eu

Hавiны