Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда асудзіў вырак журналісткам «Белсату» і заклікаў іх вызваліць


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда даручыў польскім дыпламатам данесці да беларускага боку сваю цвёрдую нязгоду ў справе рэпрэсіяў супраць свабоды слова і грамадзянскіх правоў, заявіў міністр Кшыштаф Шчэрскі. Сёння ў Менску журналістак «Белсату» асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі за выкананне службовых абавязкаў.

«У сувязі з прысудам журналісткам тэлеканалу «Белсат»прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда даручыў польскім дыпламатам у Менску данесці да беларускага боку сваю цвёрдую нязгоду з рэпрэсіямі супраць свабоды слова і грамадзянскіх правоў, заклікае іх спыніць і вызваліць вязняў», – Шчэрскі напісаў у Twitter.

Міністр таксама падкрэсліў: «у той жа час Польшча заклікае ўсіх партнёраў з Еўразвязу да салідарнага, паслядоўнага і рашучага адказу на здушэнне асноўных правоў і свабодаў».

Сёння журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на два гады пазбаўлення волі за «арганізацыю закалотаў». Рэпарцёрак пакаралі за стрым у інтэрнэце падчас акцыі памяці. Суд над імі – палітычны.

Суддзя Наталля Бугук таксама пастанавіла сканфіскаваць тэхнічнае абсталяванне, якое журналісты выкарыстоўвалі на працы, а таксама знішчыць іхныя асабістыя нататнікі ды іншыя рэчы.

Карэспандэнтак затрымалі 15 лістапада ў прыватнай кватэры каля плошчы Пераменаў. З кватэры ў жывым эфіры журналісткі паведамілі пра разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, якога збілі да смерці. 22-гадовая памочніца пракурора Аліна Касьянчык абвінаваціла дзяўчат у тым, што яны заклікалі браць удзел у незаконнай масавай акцыі ды матывавалі натоўп выйсці на дарогу, што нанесла страты грамадскаму транспарту сталіцы.

Гэта першы суд і асуджэнне журналістаў у Беларусі паводле крымінальнай справы, звязанай з пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

ПЯ, belsat.eu паводле PAP

Акрамя Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, яшчэ тры нашы калегі праходзяць падазраванымі паводле крымінальнай справы. Летась нашых журналістаў затрымлівалі 162 разы, і затрыманні рэгулярна суправаджаліся канфіскацыяй тэхнікі. Былі арыштаваныя 26 журналістаў, з іх шэсць – двойчы і адзін – тры разы. Усяго гэта прывяло да 34 адміністратыўных арыштаў. Нашыя калегі правялі за кратамі 392 дні. Сем арыштаваных сталіся ахвярамі фізічнага гвалту з боку службаў бяспекі. У 2020 годзе журналісты «Белсату» заплацілі штрафы на суму больш за 68 322 рублі.

Стужка навінаў