Латушка паабяцаў дамагацца санкцыяў для суддзяў, якія выносяць палітычныя прысуды

Павел Латушка. Фота: belsat.eu

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выказаўся аб прысудзе журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой.

Палітык адзначыў, што журналістак асудзілі «неправамерным рашэннем дыктатарскага суда».

«Гэта на 100 % палітычнае рашэнне, мэта якога – запалохаць усіх сумленных і незалежных журналістаў. Кацярына і Дарʼя самааддана і сумленна выконвалі сваю прафесійную дзейнасць як журналісты, і за гэта ім трэба дзякаваць, а не судзіць», – заявіў Павел Латушка.

Паводле яго, «рэжым думае, што такімі паказальнымі судамі, ператрусамі, затрыманнямі, пазбаўленнем акрэдытацыяў і іншымі рэпрэсіямі ён зможа схаваць ад людзей праўду. Думае, што зможа прымусіць маўчаць людзей, якія дапамагаюць усяму свету бачыць увесь жах, які робіцца ў Беларусі праз Лукашэнку і ягоных набліжаных».

Рэжым пайшоў на відавочнае злачынства

Разам з тым кіраўнік НАУ ўпэўнены, што «нельга прымусіць маўчаць свабодалюбных людзей, нельга схаваць праўду, калі кожны чалавек здольны рабіць фота, відэа і перадаваць сумленную інфармацыю».

«І кожны з нас, мы разам будзем выконваць місію сумленнай журналістыкі. Кожны з нас мае права лічыць сябе журналістам праўды супраць хлусні», – сказаў ён.

Павел Латушка таксама паабяцаў дамагацца санкцыяў у дачыненні суддзяў, якія выносяць палітычныя прысуды:

«Іхныя імёны і прозвішчы трывала ўпісаныя ў дакументы аб незаконных справах. Сёння максімальныя абмежаванні для несумленных суддзяў – адзін з галоўных прыярытэтаў у адстойванні санкцыйнай палітыкі. У будучыні наступіць крымінальная адказнасць у дачыненні тых, хто парушыў прысягу правасуддзя».

Святлана Ціханоўская паабяцала дамагчыся «праўды і свабоды» дзеля Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовой

Святлана Ціханоўская таксама асудзіла вырак журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовой. Яна падкрэсліла, што беларусы змогуць дабіцца «праўды і свабоды – дзякуючы Кацярыне Андрэевай, Дарʼі Чульцовой, усім сумленным журналістам, дактарам, праваабаронцам, валанцёрам і ўсім адважным беларусам».

А Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе перагледзець судовую пастанову ў справе Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай, вызваліць іх з-пад варты і спыніць пераслед журналістаў ды медыяў у краіне.

БАЖ патрабуе вызвалення Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай

МГ belsat.eu

Hавiны