Ігар Ільяш аб прысудзе Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай: Лукашэнка зарабіў сабе новы статус – тэрарыста № 1 Еўропы

Ігар Ільяш, журналіст і муж Кацярыны Андрэевай, пракаментаваў абвінаваўчы вырак жонцы і нашай каляжанцы Дар’і Чульцовай, якіх сёння Наталля Бугук засудзіла на два гады калоніі.

Гэта помста Кацярыне і Дар’і за іхную прафесійную дзейнасць, помста спецслужбаў. Я скажу больш: гэта не проста палітычныя рэпрэсіі. Гэта, па сутнасці, акт дзяржаўнага тэрарызму. Запалохванне грамадства ў цэлым і журналісцкай супольнасці ў першую чаргу. У свой час Лукашэнку называлі апошнім дыктатарам Еўропы. Я думаю, што ён даўно ўжо пазбавіўся гэтага статусу і за апошнія паўгода зарабіў сабе новы статус – тэрарыста № 1 Еўропы.

Вынясенне выраку Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. 18 лютага 2021 года. Менск, Беларусь

Некалькі дзён таму Лукашэнка заявіў, што патрабуе гарантыяў для сваіх служак. Ці Кацярына і Дарʼя ды іншыя палітвязні не закладнікі для гэтых гарантыяў?

Безумоўна, гэта закладнікі, таму я і кажу пра тэрарыстычныя метады.

Калі рэжым дзеіць як тэрарыст, а Лукашэнка – гэта тэрарыст № 1 у гэтай сістэме, то вельмі складана размаўляць і весці перамовы.

Безумоўна, але імаверна ёсць іншыя метады – міжнароднага ціску, ціску грамадства на ўладу. Гэта ўсё відавочныя рэчы.

Міжнародная супольнасць увесь час кажа пра занепакоенасць. Можа, ужо хопіць непакоіцца, што можна зрабіць канкрэтна?

Цяжкае пытанне, імаверна я цяпер не магу на яго адказаць. Гэтае пытанне складанае, тут шмат складнікаў, што можна рабіць. Безумоўна, міжнародная салідарнасць у іншым выглядзе – гэта міжнародны ціск, які мусіць абавязкова быць. Канкрэтныя формы трэба абмяркоўваць.

Віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пра вырак Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай: Чорны дзень у гісторыі беларускай журналістыкі

Як асабіста ты будзеш дзеяць у гэтай сітуацыі?

Буду дамагацца вызвалення. Я буду рабіць тое, што рабіў раней: ладзіць інфармацыйную кампанію падтрымання, арганізоўваць міжнародную кампанію салідарнасці. Усяляк даўбіць і даўбіць гэты рэжым. Гэта тое, што можа зрабіць кожны журналіст. І павінен зрабіць, бо гэта атака на ўсіх нас. Кожны журналіст у Беларусі цяпер мусіць працаваць яшчэ лепш, бо гэты рэжым баіцца праўды, баіцца фактаў, то бок мы павінны даваць яшчэ больш праўды і фактаў, каб нарэшце разбурыць гэтую тэрарыстычную сістэму.

Якую апошнюю інфармацыю ад Кацярыны ты атрымаў? Магчыма, яна паспела табе нешта сказаць у судзе.

Яна перадала праз адваката перад тым, як агучылі прысуд, што яна не баіцца, ёй не страшныя гэтыя два гады. Яна цяпер чытае кнігу Салжаніцына, якую я перадаў ёй. Яна кажа, што раней людзі за свае перакананні праходзілі праз 10 і 25 гадоў лагераў, выходзілі адтуль і ўсё роўна не адмаўляліся ад сваіх перакананняў. Яна таксама не адмовіцца ад сваіх перакананняў і сваіх прынцыпаў, перажыве і будзе шчаслівая. Я падтрымліваю ейныя словы і ганаруся сваёй жонкай, тым, як яна сябе паводзіць у гэтай сітуацыі. […]

Мне не варта выказваць спачуванняў. Варта іх выказваць дзяржаўнай абвінаваўцы Аліне Касьянчык і суддзі Наталлі Бугук. Яны здзейснілі злачынства, яна паставілі крыж на сваёй будучыні, на сваім сумленні, магчымасці быць сумленным чалавекам і проста чалавекам. У іх сёння жахлівы дзень.

Суддзя, якая дала журналісткам «Белсату» 2 гады пазбаўлення волі, – адна з лідарак суворых прысудаў

belsat.eu

Hавiны