Еўрапейскі трансляцыйны звяз заклікаў вызваліць журналістак «Белсату» і спыніць ціск на медыі ў Беларусі


Еўрапейскі трансляцыйны звяз (EBU) распаўсюдзіў заяву, у якой адзначыў устрывожанасць узмацненнем нападаў на свабоду слова ў Беларусі.

У Беларусі суд прызнаў вінаватымі Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову ў «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», падчас асвятлення акцыі ў Менску. Еўрапейскі трансляцыйны звяз (EBU) заклікае вызваліць дзеўчын і спыніць пераслед журналістаў.

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што журналістаў саджаюць за краты за тое, што яны проста робяць сваю працу – забяспечваючы доступ людзей да незалежных навінаў і інфармацыі», – заявіў генеральны дырэктар EBU Ноўэл Керан.

Прысуд адбыўся пасля налётаў міліцыі на дамы журналістаў і працаўнікоў СМІ ў пачатку тыдня. Сілавікі ўчынілі ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў, сканфіскавалі абсталяванне і дакументацыю, а таксама правялі ператрусы ў дамах асноўных працаўнікоў.

«Свабода прэсы – адно з асноўных правоў чалавека, і надзвычай трывожна назіраць, як улады ў Беларусі парушаюць міжнароднае заканадаўства, працягваюць спрабаваць рэпрэсаваць свабоду слова і забараняць сваім грамадзянам доступ да інфармацыі, якая ўяўляе грамадскі інтарэс.

Мы заклікаем улады неадкладна вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову і дазволіць СМІ свабодна паведамляць, не баючыся пераследу», – сказаў Ноўэл.

Нядаўна прадстаўнікі EBU сустрэліся з АБСЕ, каб абмеркаваць пытанні свабоды СМІ па ўсім рэгіёне і важнасць забеспячэння свабоды слова ў Беларусі.

Hавiны
«Яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў». Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш звярнуўся да беларускіх журналістаў
2021.02.18 13:32

СК belsat.eu

Стужка навінаў