Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гэта чорны дзень у гісторыі Беларусі і «Белсату»

Сённяшні прысуд журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай – красамоўны доказ таго, што палітычны тэрор у Беларусі ўзмацняецца. Гэта таксама беспрэцэдэнтная падзея ў гісторыі «Белсату». Гэта чорны дзень.

Аказваецца, гэта ўжо не «звычайная журналістыка». Нашыя журналісты мусяць паводзіць сябе так, як быццам бы на вайне, і панесці адчувальныя страты. Каб прабіцца са свабодным словам, яны плацяць за гэта сваёй асабістаю свабодай.

Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб абудзіць свабодны свет, у тым ліку Еўрапейскі Звяз, каб палітыкі маглі рабіць рэальныя крокі, а не толькі абурацца тым, што адбываецца ў Беларусі.

Я ацэньваю зробленыя да гэтага часу захады вельмі крытычна, хутчэй, як удаванне і крывадушнасць. Пакуль цяжка казаць пра нейкі рэальны ціск на рэжым. Таксама не сакрэт, што рэальна падтрымлівае беларускую дыктатуру Уладзімір Пуцін, і ён таксама мусіць мець дачыненне да сістэмных зменаў у Беларусі.

На жаль, да гэтага часу я бачу, што вольны свет прызвычайваецца да таго, што ў Беларусі журналіста раз-пораз арыштоўваюць на некалькі дзён… Ну так павінна быць. Нармальна. Я спадзяюся, што сённяшні прысуд – два гады калоніі для нашых журналістаў – зменіць гэтую тэндэнцыю. Беларусь не на антыподах, гэта не востраў пасярод акіяну. Гэта краіна ў цэнтры Еўропы, не так далёка не толькі ад Варшавы ці Вільні, але таксама і не нашмат далёка ад Берліну.

Сённяшнія судовыя працэсы ў Беларусі нагадваюць час глыбокага вайсковага стану ў Польшчы. Тады сапраўды прысуды былі вельмі вялікія. На шчасце, большасць зняволеных выйшлі раней. Мой спачылы бацька ў апошнім слове, рэагуючы на ​​патрабаванне пракурора пра пазбаўленне волі на 8 гадоў, заявіў, што ў яго нерэальныя чаканні, бо ПНР так доўга не пратрымаецца. І ён сапраўды меў рацыю. І ці сапраўды нашыя дзяўчаты будуць адбываць два гады калоніі, таксама залежыць ад рашучасці і цвёрдых намераў самых беларусаў.

Таму таксама варта сказаць нашым беларускім сябрам, каб трымаліся, бо будучыня іхнай краіны менавіта ў іхных руках, што б мы ні рабілі звонку.

Я ўдзячная адвакатам, якія абаранялі нашых журналістак. Адвакаты Аляксандр Хаецкі і Сяргей Зікрацкі – маладзёны, у адрозненне ад абаронцаў на камуністычных палітычных працэсах у Польшчы. Тады абвінавачваных рэпрэзентавалі дасведчаныя адвакаты сталінскага часу. Аднак гэтыя маладыя беларускія юрысты ўжо ўпісалі слаўную старонку ў гісторыю беларускай адвакатуры.

Тое, што сёння адбылося, – яшчэ не канец барацьбы за свабоднае слова і свабодную Беларусь. Барацьба працягваецца.

Стужка навінаў