194 дзён пратэстаў. Галоўныя падзеі дня


Улады прысудзілі турэмнае зняволенне журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія ў жывым эфіры паказалі разгром сілавікамі плошчы Пераменаў. Гэтыя і іншыя падзеі дня ў аглядзе «Белсату».

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай далі па 2 гады зняволення

У судзе Фрунзенскага раёну Менску скончылі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні нашых каляжанак Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Суддзя Наталля Бугук агучыла вырак: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі прасіла пракурорка.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Журналістак абвінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Следства сцвярджала, што стрым журналістак з пратэставай акцыі 15 лістапада нібыта пацягнуў за сабою прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наагул не маюць дачынення да плошчы Пераменаў, дзе іх затрымалі).

Hавiны
Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. СТРЫМ
2021.02.18 09:52

Рэакцыя на прысуд журналісткам

Амаль адразу пасля выраку суда з’явілася рэакцыя Святланы Ціханоўскай і яе штабу.

«На судзе яны выглядаюць больш годна чым судзі, чым тыя ж амапаўцы, якія сведчаць супраць іх. Яны ўсміхаюцца, абдымаюцца, адсылаюць усім энергетыку, а тыя хто сведчыць супраць, сядзяць і хаваюцца. Дык за кім праўда?», – адрэагавала Святлана Ціханоўская.

9 верасня 2020 года. Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Варшаве.
Фота: Юлія Шаблоўская / Белсат

За межамі Беларусі прысуд каментавалі на самых вышэйшых дзяржаўных узроўнях. МЗС Польшчы, а таксама прэзідэнт Анджэй Дуда заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць асуджаных журналістак «Белсату».

«У сувязі з прысудам журналісткам тэлеканалу «Белсат» прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда даручыў польскім дыпламатам у Менску данесці да беларускага боку сваю цвёрдую нязгоду з рэпрэсіямі супраць свабоды слова і грамадзянскіх правоў, заклікае іх спыніць і вызваліць вязняў», – Шчэрскі напісаў у Twitter.

Hавiны
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда асудзіў вырак журналісткам «Белсату» і заклікаў іх вызваліць
2021.02.18 15:29

Акрамя таго, прэзідэнт Польшчы звярнуўся да ўсяго Еўрапейскага звязу з заклікам «салідарна, паслядоўна і рашуча рэагаваць на здушэнне асноўных правоў і свабодаў» у Беларусі.

«Калі чальцы Еўразвязу вырашаць, што сітуацыя абсалютна недапушчальная, то ЕЗ пачне працэдуру ўвядзення санкцый. Рашэнне – за ўрадамі краін Еўразвязу. Дыскусіі пра гэта ідуць. Я хацеў бы звярнуцца да беларускага народу: Мы на вашым баку! Мы на баку незалежных журналістаў, мы сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі і абмяркоўваем, як на гэта адказаць», – распавёў Белсату Петэр Стана з еўрапейскай дыпламатычнай службы.

Hавiны
Палітыкі, сусветныя медыі, дзеячы культуры ды пратэстоўцы падтрымліваюць асуджаных журналістак «Белсату»
2021.02.18 14:42

Працяг суда над Віктарам Бабарыкам

У судзе зачытваюць абвінавачанне, якое ў справе Віктара Бабарыкі займае 340 старонак, паведамляе тэлеграм-канал палітыка. Пракурору на агалошванне абвінавачвання спатрэбілася пяць гадзінаў.

Артыкулы
Пракурор завяршыў зачытванне абвінавачання Віктару Бабарыку
2021.02.18 17:59

Палітыка вінавацяць у стварэнні арганізаванай злачыннай групы, якая складаецца з яго намеснікаў, і кіраванні ёю. Следства лічыць, што топ-менеджары «Белгазпрамбанку» з 2004 да 2020 года незаконна атрымлівалі грашовыя ўзнагароды. Паводле пракурора, памеры ўзнагароджанняў вагаліся ад $ 10–15 тысячаў да $ 300 тысячаў і болей. Гэтыя звесткі пракурор зачытваў цягам пяці гадзінаў у судзе яшчэ з учора, калі распачаўся працэс над Віктарам Бабарыкам.

Кашулька Віктар Бабарыка. Першы дзень суда па справе Віктара Бабарыка і супрацоўнікаў Белгазпрамбанку. Суд Маскоўскага раёну Менску. Людзі чакаюць ля ўваходу. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Генпракуратура пачала крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі

Крымінальная справа пачатая паводле ч. 3 арт. 147 КК па факце наўмыснага нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека.

У Генеральнай пракуратуры падкрэслілі, што «датычнасці працаўнікоў органаў унутраных справаў да нанясення Бандарэнку Р. І. цялесных пашкоджанняў не выявілі».

Hавiны
Распачалі крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі
2021.02.18 10:06

У каментары belsat.eu Вольга Кучарэнка адзначыла, што Генпракуратура абяцала распачаць справу менавіта 18 лютага і яна гэта зрабіла. Пры гэтым сваякі Рамана Бандарэнкі не ведаюць падрабязнасцяў справы, бо пакуль не мелі магчымасці азнаёміцца з ёй. Маці плануе наведаць Генпракуратуру на наступным тыдні.

Вольга Кучарэнка пры гэтым спадзяецца, што вінаватых у збіванні і выкраданні ейнага брата ўжо знайшлі:

«Я спадзяюся, што іх [вінаватых у забойстве. – Заўвага рэд. Belsat.eu] ужо найшлі падчас правярання. Проста пакуль ладзілася праверка, і яны [следства. – Заўвага рэд. Belsat.eu] не былі да канца ўпэўненыя ў тым, што вінаватыя – гэта вінаватыя, і не пачыналася крымінальная справа, то яны не маглі іх прыцягваць да адказнасці. Я спадзяюся, што той крок, які яны зрабілі ў выглядзе распачынання крымінальнай справы, хутка дасць свой плён, і вінаватыя будуць у судзе і панясуць заслужанае пакаранне».

Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Людзі ўцякалі з суда праз вакно

Старшыня суда ў Смаргоні Людміла Пятрова выклікала міліцыю на людзей, якія выказвалі салідарнасць з асуджанымі паводле палітычных справаў.

Старшыня суду Смаргонскага раёну Людміла Пятрова.
Фота: spring96.org

Пасля абвяшчэння прысуду ў калідоры скандавалі «Жыве Беларусь!». Адразу ж старшыня суда Людміла Пятрова забараніла дзяжурнаму міліцыянту выпускаць з суда прысутных, а сама выклікала міліцыю. У будынку заблакавалі каля 20 асобаў. Некаторыя ўцяклі праз акно. Дзевяцёх астатніх павялі ў мясцовы РАУС.

На суд над журналісткай TUT.by і лекарам незалежных журналістаў не пусцяць

19 лютага журналістку Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна распачнуць судзіць за разгалошванне інфармацыі аб стане Рамана Бандарэнкі. Працэс будзе адбывацца ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Але незалежныя журналісты TUT.BY, Onliner, «Камсамольскай праўды» ў Беларусі», БелаПАН і Office.life на паседжанне не патрапяць.

«Ваша заяўка на акрэдытацыю адхіленая», – паведаміла памочнік старшыні суда Маскоўскага раёну Марыя Грышанкова.

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін

Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медычнай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК).

Падставай для крымінальнай справы стала публікацыя журналісткі, у якой яна прывяла словы лекара аб адсутнасці ў крыві Рамана алкаголю. Доктар таксама перадаў журналістцы вынікі аналізу. Але ўлады сцвярджаюць, што Раман Бандарэнка быў п’яны. Публікаванне ж вынікаў даследавання, які абвяргаў гэтыя сведчанні, пракуратура назвала агучваннем медычнай таямніцы.

Аб’ектыў
Два гады – прысуд для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай
2021.02.18 22:05

СК belsat.eu

Стужка навінаў