У Беларусі – 1007 палітвязняў, але спіс будзе павялічвацца. Размова з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна»


У Беларусі ўжо больш за тысячу палітычных вязняў. Але ці насамрэч столькі? Мо маюць рацыю тыя, хто крытыкуе гэты спіс і кажа, што сапраўдная колькасць асуджаных з палітычных матываў нашмат большая? Што дае статус палітвязня? І чаму наяўнасць палітзняволеных у краіне не адлюстроўвае ўзроўню дэмакратыі ды стану з правамі чалавека? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўлам Сапелкам.

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна».
Фота: НМ / Белсат

«Пры наданні статусу палітвязня праваабаронцы не ўлічваюць меркаванняў сваякоў»

– Спадару Павел, як пачынаецца працэс прызнання палітвязнем? Хто падае заяўку? Як прымаецца рашэнне?

– Заявак ніхто не падае. Праваабарончыя арганізацыі рознымі шляхамі атрымліваюць інфармацыю пра палітычна матываваныя справы, прысуды. Так, у асноўным гэта звароты ад людзей, аднак іх нельга назваць заяўкаю. Галоўныя праваабарончыя арганізацыі Беларусі вывучаюць, абмяркоўваюць кейс, і калі ён падпадае пад крытэры панятку «палітвязень», прымаюць рашэнне і падпісваюць заяву аб прызнанні палітвязнем.

– Як доўга разглядаюцца гэтыя кейсы? Колькі часу ідзе на вывучэнне абставінаў справы і прыняцце рашэння? І чаму часам у адной заяве палітвязнямі прызнаюцца 2–4 чалавекі, а часам – больш за 10?

– Усё вельмі індывідуальна. Часам рашэнне можа быць прынятае за дзень. Калі ж інфармацыя пра справу супярэчлівая, яе мала ці ўвогуле няма, то можа спатрэбіцца больш часу.

Колькасць людзей у адной заяве можа быць абумоўлена, напрыклад, тым, што ёсць некалькі справаў з агульнаю тэмаю. Тады адразу некалькі чалавек у заяве. А часам, як у выпадку са старшынём АГП Мікалаем Казловым, якога засудзілі за нібыта разгалашэнне таямніцы папярэдняга расследавання, прымаецца індывідуальная заява. Але часцей у нас большасць падпадае пад ужо распрацаваную заяву, бо фабулы справаў вельмі падобныя. Цяпер мы часта проста робім спасылку на папярэднія заявы, не апісваючы падрабязна сітуацыі кожнага з новых палітвязняў.

Акция солидарности с политзаключёнными в Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

– Ці ўлічваюць праваабаронцы меркаванне сваякоў? Часам, напрыклад, можна пачуць, што людзі не хочуць статусу палітвязня для іхных блізкіх, бо баяцца, што гэта пагоршыць сітуацыю. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Мы свае рашэнні прымаем не толькі дзеля таго, каб палепшыць стан палітвязняў. Гэта нашая пазіцыя, мы яе выражаем і, як правіла, не бярэм пад увагу меркавання сваякоў. Бо калі мы пачнем прымаць пад увагу пазіцыю асобна ўзятых людзей, то ўлады вельмі дакладна зразумеюць гэты сігнал і ўжо заўтра будуць ціснуць на палітвязняў ды іхных сваякоў, каб адмаўляліся ад гэтага статусу.

«Сёння ў Беларусі часам амаль немагчыма абараніць свае правы без ужывання гвалту»

– Праваабаронцы заўсёды казалі: калі ў справе ёсць элементы гвалту з боку асуджанага, то наданне статусу палітвязня робіцца сумнеўным. Але цяпер мы бачым, што палітвязнямі называюць і тых, хто прызнае на судзе, што ўчыніў гвалт – напрыклад, паводле арт. 364 КК, які так і гучыць: «Гвалт у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі», ці тых, каго судзілі за падпалы. Што змянілася ў праваабарончых крытэрах, падыходах да справаў і чаму?

– Нічога не змянілася, крытэры застаюцца тымі самымі. У справах, звязаных з ужываннем гвалту, заўсёды вывучаўся кантэкст прымянення гвалту. Калі гэта быў элемент самаабароны, абароны іншых людзей ці крайняй неабходнасці, то чалавек прызнаваўся палітвязнем. У іншых выпадках – не. Цяпер часцей можна пачуць аб прызнанні палітвязнямі нават у выпадках, звязаных з гвалтам, бо змяніліся ўмовы ў краіне. Калі яшчэ 3-4 гады таму ў людзей былі хоць нейкія юрыдычныя магчымасці абараніць свае правы без ужывання гвалту, то цяпер у пэўных сітуацыях без гэтага абысціся немагчыма. Напрыклад, сітуацыя з Палінаю Шарэндай-Панасюк. Яшчэ гады 3-4 таму, калі б да некага ў кватэру ўварваліся з парушэннямі закону, то мы маглі б меркаваць, што гэта ўсё можна абскардзіць і дамагчыся прызнання факту парушэння закону. У 2020–21 гадах аднаўленне справядлівасці сталася немагчымым, таму мы крыху інакш ацэньваем сітуацыі нават з прымяненнем гвалту.

Аднак калі, напрыклад, чалавек кіне тую ж бутэльку з нейкаю сумессю ў міліцыянтаў, якія проста стаяць, яшчэ ні на каго не напалі, мы не прызнаем яго палітвязнем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Увогуле для прызнання палітвязнем ёсць розныя крытэры. Напрыклад, гэта можа быць прысуд за рэалізацыю сваіх правоў і свабодаў. Тады праваабаронцы патрабуюць спыніць крымінальны пераслед і вызваліць чалавека, скампенсаваць яму шкоду.

А бываюць сітуацыі самаабароны, а таксама непрапарцыйнасць пакарання злачынству. Так, у справе ёсць прыкметы супрацьпраўных дзеянняў, якія патрабуюць рэагавання. Аднак гэтае рэагаванне мусіць быць прапарцыйным. Напрыклад, выпадак у Бабруйску, калі траіх чалавек асудзілі на вялізныя тэрміны – 7–8 гадоў за падпал кіёску «Табакеркі» і намаляваныя на прыпынках бел-чырвона-белыя палоскі. Ніхто не пацярпеў, шкода была невялікая, у фігурантаў справы нават не было намеру спаліць гэтую «Табакерку». Аднак іх асудзілі як за забойства. Акрамя таго, суд не адпавядаў усім прыкметам справядлівага разгляду. У такіх выпадках мы таксама надаем статус палітвязняў і патрабуем перагляду справы ды прысудаў.

Прыкладна тое самае з так званымі анархістамі-партызанамі – Аліневічам і кампаніяй. Там яшчэ да ўсяго і суд зрабілі закрытым, хоць для гэтага не было паважных прычынаў. І 2-3 падпалы – гэта не той тэрарызм, які мусіць карацца 20 гадамі пазбаўлення волі. Таму мы настойваем, што гэтая справа мусіць быць перагледжаная.

«Асуджаны на «хатнюю хімію» не можа быць палітвязнем»

– У якіх выпадках людзей выкрэсліваюць са спісу палітвязняў?

– У першую чаргу – вызваленне, у шырокім сэнсе гэтага слова. Вызваленне з-пад варты. Напрыклад, агучваюць прысуд – «хімія» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Але чалавека вызваляюць з-пад варты ў судовай зале. Ён асабіста вольны. Ён не можа быць палітвязнем, бо ён не пазбаўлены волі. Тады яго прыбіраюць са спісу. А пасля таго, як гэты чалавек паедзе адбываць пакаранне, яго зноў вяртаюць у спіс. Тыя, хто на «хатняй хіміі», не лічацца палітвязнямі. Такі падыход раздзяляе і Еўрапейскі суд правоў чалавека, калі вызначае, што ёсць пазбаўленнем волі, а што не.

– У чым розніца паміж паняткамі «палітвязень» і «вязень сумлення»?

– Вязень сумлення – гэта іншы панятак. Яго выкарыстоўвае «Amnesty International», гэта іх азначэнне, і там можа ісціся толькі пра тых людзей, якія пазбаўленыя волі за рэалізацыю сваіх правоў. У прыватнасці, гэта датычыць Марфы Рабковай, якую прызналі вязнем сумлення, бо ніякія спробы рэжыму не падманулі ў тым ліку «Amnesty International» і не прымусілі верыць у тое, што яе пераследуюць праз падпал ці нейкія сакрэтныя дзеянні ў складзе анархісцкіх групаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Як вы думаеце, ці будзе павялічвацца спіс палітвязняў?

– Будзе. Ён няўхільна павялічваецца. Мы пастаянна чуем пра новыя прысуды, прычым яшчэ за падзеі жніўня 2020 года. Цяпер дадаюцца новыя склады злачынстваў, пачынаюць працаваць змяненні ў заканадаўстве. Таму цалкам магчыма, што з’яўленне новых палітвязняў мы яшчэ будзем назіраць нейкі час. І цалкам магчыма, што доўга.

«Колькасць палітвязняў – не паказнік узроўню дэмакратыі ў краіне»

– Ці ёсць яшчэ ў свеце краіны, дзе такая ж або большая колькасць палітвязняў?

– Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Магчыма, што і не. Але важна разумець, як падыходзіць да вызначэння панятку «палітвязень». Акрамя таго, колькасць палітвязняў – гэта не паказнік узроўню дэмакратыі ў асобна ўзятай краіне ці стану з правамі чалавека. Калі ўзяць Туркменістан, то я не здзіўлюся, што палітвязняў там увогуле няма. Бо можна зрабіць такую абстаноўку ў краіне, што не застанецца каго прызнаваць палітвязнямі і каму прызнаваць. Калі людзі разумеюць правілы гульні, то часам яны пачынаюць паводле іх гуляць – проста перастаюць рабіць нейкія дзеянні, іншыя з’язджаюць.

– Што можа чакаць нашых палітвязняў пры змене рэжыму?

– Залежыць ад таго, якімі будуць гэтыя перамены. Мы патрабуем паводле адной катэгорыі – вызвалення і кампенсацыі шкоды, паводле іншых – перагляду крымінальных справаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– Што сёння дае статус палітвязня?

– У першую чаргу гэта дэстыгматызацыя вязня. Статус палітвязня здымае ярлык злачынца, парушальніка законаў. Па-другое, гэта прыцягвае ўвагу як нацыянальных, так і міжнародных арганізацыяў, агулам людзей, палітычных суб’ектаў, урадаў іншых краінаў. Па-трэцяе, патрабаванні пра вызваленне ці перагляд справаў застаюцца ў працэсе адвакацыі, пра іх увесь час кажуць. Ну і яшчэ такі статус – гэта падтрымка гэтых людзей.

– Як вы ставіцеся да меркавання, што сённяшняя лічба меншая за рэальную?

– Такая крытыка неканструктыўная. Яна не паляпшае сітуацыі палітвязняў, стану з правамі чалавека. Вымярэнне даўжыні спісаў ніяк не адлюстроўваецца на працэсе дэмакратычных змяненняў. Гэтым толькі ставяцца пад пытанні кампетэнцыі праваабаронцаў, праваабарончыя каштоўнасці. Так, насамрэч лічба большая, бо мы шмат пра каго не ведаем, і мы просім людзей распавядаць, калі ў іх ёсць інфармацыя пра палітычна матываваныя прысуды.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў