Святлана Алексіевіч у спісе «Forbes» і падрабязнасці справаздачы ICAO. Галоўнае за 18 студзеня


526 дзён працягваецца ў Беларусі палітычны крызіс. «Белсат» падводзіць вынікі аўторка, 18 студзеня, і распавядае пра галоўная навіны дня.

ICAO выпусціла справаздачу адносна пасадкі рэйсу «Ryanair» у Менску

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выпусціла справаздачу па выяўленні фактаў пра пасадку ў менскім аэрапорце рэйса «Ryanair», на якім ляцелі Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф’я Сапега.

У дакуменце паведамляецца пра неадпаведнасць паказанняў беларускіх уладаў адносна часу атрымання ананімнага ліста аб нібыта мінаванні самалёту. Таксама ў справаздачы адзначаецца некалькі выпадкаў невыканання беларускімі ўладамі стандартных працэдур. Акрамя таго, быў парушаны і пратакол аб паведамленні кода «ЧЫРВОНЫ», а КДБ не ўвёў рэжым антытэрарыстычнай аперацыі.

Беларускі амбасадар у Расеі шпіталізаваны з сардэчным прыступам

У нядзелю 72-гадовы беларускі амбасадар у Расеі Уладзімір Сямашка паскардзіўся на праблемы з сэрцам. Ціск быў падвышаны і лекары даставілі амбасадара ў шпіталь. Таксама паведамляецца, што ў Сямашкі адбылося кровазліццё ў левае вока.

«Яго стан цалкам здавальняючы і асцярог не выклікае. У найбліжэйшыя дні пасол пачне працаваць у дыпмісіі», – распавялі ў пасольстве.

Артыкулы
Юрыст: Паўторнае затрыманне пасля «содняў» – гэта катаванне і парушэнне закону
2022.01.18 07:30

«Forbes» уключыў Святлану Алексіевіч у спіс самых паспяховых жанчын, старэйшых за 50 гадоў

Амерыканскі часопіс «Forbes» уключыў беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч у спіс 50 самых паспяховых жанчын, старэйшых за 50 гадоў, у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

«У 2015 годзе Алексіевіч стала першай жанчынай з Беларусі, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію. Крытык дыктатарскіх рэжымаў, яе праца пра савецкае і постсавецкае жыццё атрымалі высокую ацэнку за тое, што была сканцэнтраваная на асобе і глыбокай чалавечнасці людзей, якія апынуліся ў крызісе. У 2020 годзе Алексіевіч далучылася да Рады, якая выступала за мірную перадачу ўлады на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Яна была ягонай адзінай удзельніцай, якую не арыштавалі, увосень 2020 года з’ехала з Беларусі ў Нямеччыну», – напісана на старонцы «Forbes».

Папа Рымскі перавёў 100 тысяч еўра мігрантам на беларускай мяжы

Адзначаецца, што пантыфік «вырашыў накіраваць унёсак памерам 100 тысяч еўра на карысць групаў мігрантаў, якія апынуліся паміж Польшчай і Беларуссю, а таксама на дапамогу «Caritas Polska» для пераадолення надзвычайнай міграцыйнай сітуацыі на мяжы паміж дзвюма краінамі».

Куды канкрэтна будуць накіраваныя гэтыя грошы, не ўдакладняецца.

Артыкулы
«Пужалі, білі палкамі, прымушалі бегаць па калідорах». Былы палітвязень пра ўмовы ў СІЗА № 2 у Віцебску
2022.01.18 11:00

Польскія памежнікі назвалі «абстрэл» беларускага памежнага знака правакацыяй

Сёння польская памежная служба паведаміла, што раніцай 17 студзеня польскі патруль заўважыў незвычайныя паводзіны беларускіх службаў: вайскоўцы знялі шчыт з выявай дзяржаўнага герба з адной са сваіх памежных заставаў і з ім паглыбіліся на тэрыторыю Беларусі. Праз некалькі гадзінаў яны вярнуліся і пачалі фатаграфаваць месца здарэння.

У другой палове дня беларускія памежнікі паведамілі ў Падляскае памежнае аддзяленне, што эмблема з гербам на іх слупе пашкоджаная. Польскі бок прапанаваў правесці сустрэчу з гэтай нагоды, каб высветліць сітуацыю. Беларусы адмовіліся, а ўвечары ў СМІ з’явілася паведамленне аб пашкоджанні польскім бокам беларускага памежнага знака.

«Вышэйпрыведзеныя падзеі яшчэ раз паказваюць, што фантазія беларускіх спецслужбаў не мае межаў у выдумленні правакацый, закліканых абвастрыць напружанасць на мяжы», – заявілі ў памежным ведамстве Польшчы.

Актывістка Алена Гнаўк ужо тыдзень трымае галадоўку ў Пружанскім ІЧУ

Паведамляецца, што ў суботу стан здароўя 64-гадовай жанчыны пагоршыўся – ёй выклікалі хуткую дапамогу.

Раней сваякі паведамілі «Белсату», што па загадзе кіраўніка пружанскага РАУС ёй забаронена атрымліваць перадачы, пісаць і чытаць.

Рэпартаж
На лініі сутыкнення. Як жывуць на Данбасе ў прадчуванні вайны
2022.01.18 13:03

АД, belsat.eu

Стужка навінаў