Сусветны банк назваў галоўных крэдытораў Беларусі. Аналізуем дадзеныя з эканамістамі


Напрыканцы мінулага году Мінфін апублікаваў афіцыйную статыстыку вонкавых дзяржаўных пазыкаў без указання інфармацыі пра крэдытораў. Раней чыноўнікі падрабязна агучвалі, якая краіна выдзеліла крэдыт і ў якім памеры. Хаванне інфармацыі ад беларусаў у афіцыйных справаздачах становіцца ўсё больш частай з’явай у нашай краіне. Але публікацыі статыстыкі з боку міжнародных структураў прыводзяць да таго, што схаваная інфармацыі і так стане вядомай для грамадзянаў.

Беларускія рублі і даляры ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Дзяржаўныя пазыкі Беларусі няўмольна павялічваюцца з месяцу ў месяц. Паводле звестак Мінфіну, у пачатку снежня мінулага году дзяржаўны доўг склаў 58,3 млрд рублёў і вырас з пачатку 2021 году на 0,5 млрд рублёў, або на 0,9 %. Але не гэта стала адметным. Эксперты звярнулі ўвагу, што чыноўнікі перасталі публікаваць інфармацыю пра крэдытораў.

Статыстыка Мінфіну на 1 лістапада. Скрыншот старонка Міністэрства фінансаў
Статыстыка Мінфіну на 1 снежня. Скрыншот старонка Міністэрства фінансаў

Сусветны банк апублікаваў статыстыку ў справе дзяржаўнага доўгу ў тым ліку і Беларусі. Паводле экспертаў міжнароднай фінансавай арганізацыі, у 2020 годзе агульныя пазыкі Беларусі дасягнулі $ 31,8 млрд. Найбуйнейшым крэдыторам нашай краіны зʼяўляецца Расея, якой мы павінныя $ 8,32 млрд. Трымальнікі аблігацый пазычылі Беларусі $ 4,49 млрд, Кітай – $ 4,78 млрд, ЕАБР – $ 2,34 млрд, Сусветны банк – $ 955,1 млн. Нямеччына – $ 38,8 млн, перад ЗША – $ 11,8 млн, ААЭ – $ 7 млн, Кувейтам – $ 2 млн.

Пазыкі Беларусі. Інфаграфіка Белсат

Такім чынам намаганні схаваць інфармацыю пра крэдытораў ад грамадзянаў краіны могуць стаць марнымі.

«Цяпер у нашай краіне такі час, што не да законаў. І цяпер бадай кожная дзяржаўная арганізацыя мяркуе, што калі іншым не да законаў, то значыць можна таксама не выконваць правілы. Іншая справа хаваецца таксама і ў тым, што сэнсу ў гэтым няма. Бо калі мы павінныя агулам больш за 30 мільярдаў долараў, то хіба ёсць істотная розніца, што трохі болей набралі пазыкаў у Расеі і крыху меней у Кітаі. Гэта без сэнсу, высвятляць. Таксама, чаму яны гэта зрабілі, ведаючы, што Сусветны банк і так агучыць статыстыку, то мне падаецца, што проста пра гэта забыліся. Бо Сусветны банк, калі пазычае грошы, збірае ўсю інфармацыю пра сваіх кліентаў, эксперты не лічаць гэта сакрэтнай інфармацыяй і друкуюць для агульнага доступу. А Мінфін пра гэта запамятаваў, а калі і не, то палічылі, што справаздачу міжнародных арганізацыяў прачытаюць не ўсе», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Hавiны
Міністэрства фінансаў больш не ўказвае дэталізацыі дзяржаўных пазык
2021.12.31 11:10

Эканамісты звяртаюць увагу, што найбольшую заклапочанасць павінна выклікаць не тое, хто зʼяўляецца крэдыторам, а сам памер дзяржаўнага доўгу нашай краіны. Валавы вонкавы доўг Беларусі, паводле Белстату, у трэцім квартале 2021 году склаў $ 42 млрд.

«Два разы на год статыстыку валавых пазыкаў разам з дзяржаўнымі гарантыямі публікуе ў справаздачы Нацбанк. Там больш адэкватная статыстыка і адлюстроўвае цяжар да ВУП і ў нашай краіне ён складае нават 42 % ад ВУП. Гэта не тыя лічбы, якія сведчаць пра верагоднасць дэфолту, але калі мы аддаем каля 10 % ад ВУП на абслугоўванне пазыкаў, то гэта сапраўды шмат. Трэба думаць, як кіраваць гэтымі пазыкамі, як іх аддаваць. Сёлета сітуацыю вельмі выратаваў экспарт», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Hавiны
Уладзімір Кавалкін: «Расейскі крэдыт пойдзе на вяртанне старых пазыкаў – не на развіццё»
2021.12.17 00:06

Сёлета разлічваць на «экспартны цуд», калі попыт на вонкавых рынках быў шалёным, а кошты імкліва пайшлі ў гару, не выпадае. Таму абслугоўванне дзяржаўных пазыкаў становіцца сапраўднай праблемай для эканомікі Беларусі. Адзінага для ўсіх краінаў параметру бяспечнага ўзроўню вонкавых пазыкаў няма. Існуе Маастрыхскае пагадненне для краінаў ЕЗ, паводле якога дзяржпазыкі не мусяць перавышаць 60 % да ВУП. У межах ЕАЭС аналагічны паказнік спачатку ўсталявалі на ўзроўні 80% да ВУП, а пазней скарацілі да 50 % ад ВУП.

«Агулам пазыкі Беларусі павінныя выклікаць заклапочанасць. Бо мы не можам сябе параўноўваць з сусветнымі развітымі рынкавымі эканомікамі. У такіх краінах дзяржаўныя пазыкі варта параўноўваць не з ВУП, з нацыянальным багаццем. У нас няма па-сутнасці ліквідных актываў. І ў выніку дзярпазыкі, іх памер у Беларусі, яны вельмі небяспечныя. Тым больш міжнародныя стандарты не зусім правільна прымяраць на нашую эканоміку. У нас гаспадарка ў стагнацыі, няма асаблівага развіцця. Таму выплочваць пазыкі становіцца ўсё больш складана. Мы ж бяром у валюце пазыкі, а ВУП вымяраецца ў рублях. І тут мы моцна залежым ад курса айчыннай валюты. А гэта таксама складае небяспеку», – кажа Леў Марголін.

Hавiны
Часам не да статыстыкі. Навошта ўлады Беларусі ўсё часцей хаваюць дадзеныя і ці можна ім давяраць
2022.01.14 17:32

СЛ belsat.eu

Стужка навінаў