Польскія памежнікі назвалі «абстрэл» беларускага памежнага знака правакацыяй


Польская памежная служба заявіла, што беларускія памежнікі самі пашкодзілі герб на слупе, які быў нібыта абстраляны з польскага боку.

Беларускія вайскоўцы знялі герб са слупа на мяжы.
Фота: strazgraniczna.pl

Так, 17 студзеня Памежны камітэт Беларусі заявіў, што беларускі памежны слуп быў пашкоджаны і абстраляны з боку Польшчы. Гэта стала падставаю для завядзення крымінальнай справы.

Польская памежная служба паведамляе, што раніцай 17 студзеня польскі патруль заўважыў незвычайныя паводзіны беларускіх службаў: вайскоўцы знялі шчыт з выявай дзяржаўнага герба з адной са сваіх памежных заставаў і з ім паглыбіліся на тэрыторыю Беларусі. Праз некалькі гадзінаў яны вярнуліся і пачалі фатаграфаваць месца здарэння.

У другой палове дня беларускія памежнікі паведамілі ў Падляскае памежнае аддзяленне, што эмблема з гербам на іх слупе пашкоджаная. Польскі бок прапанаваў правесці сустрэчу з гэтай нагоды, каб высветліць сітуацыю. Беларусы адмовіліся, а ўвечары ў СМІ з’явілася паведамленне аб пашкоджанні польскім бокам беларускага памежнага знака.

Таксама польскае ведамства апублікавала відэа, на якім відаць, як беларускія вайскоўцы ходзяць каля памежнага слупа, а праз некалькі гадзінаў вяртаюцца і фатаграфуюць «месца здарэння».

«Вышэйпрыведзеныя падзеі яшчэ раз паказваюць, што фантазія беларускіх спецслужбаў не мае межаў у выдумленні правакацый, закліканых абвастрыць напружанасць на мяжы», – заявілі ў памежным ведамстве Польшчы.

Польскія службы таксама заўважылі, што беларускія шчыты з дзяржаўным гербам ужо некалькі дзён адсутнічаюць на трох іншых памежных знаках на ўчастку памежнага паста ў Белавежы.

Hавiны
БТ: У «Брузгах» засталося каля 500 мігрантаў. А куды падзеліся астатнія?
2022.01.18 10:59

АД, belsat.eu

Стужка навінаў