Грызлоў паабяцаў «шматпланавую» падтрымку Лукашэнкі і назваў прыярытэты інтэграцыі


Барыс Грызлоў даў сваё першае інтэрв’ю пасля прызначэння амбасадарам Расеі ў Беларусі. У ім ён распавёў пра мэты і задачы, якія пастаўленыя перад ім у нашай краіне.

Былы спікер Дзяржаўнай думы РФ адзначыў у размове з ТАСС, што на новай працы працягне сумяшчаць пасаду амбасадара і старшыні вышэйшай рады партыі «Адзіная Расея», роля якой, паводле яго, вельмі значная ў інтэграцыі дзвюх краін.

Аналітыка
«Цяжкавік» пад інтэграцыю і рэферэндум. Што азначае прызначэнне новага амбасадара РФ у Беларусі?
2021.12.23 19:08

«Галоўны прыярытэт [дзейнасці ў Менску. – Рэд. Belsat.eu] – працяг нашай шматпланавай інтэграцыі ў рамках паступальнага выканання Дагавора аб Саюзнай дзяржаве ад 1999 года, паслядоўнае збліжэнне ў рамках Саюзнай дзяржавы на прынцыпах суверэннай роўнасці, добраахвотнасці і добрасумленнага выканання ўзаемных абавязкаў», – заявіў Грызлоў.

У прыватнасці, паводле яго, неабходны «працяг сістэмных дзеянняў па сумяшчэнні нашых эканомік і прававых сістэм».

«Інтэграцыя набірае моц»

Закрануў Барыс Грызлоў і тэму змены Канстытуцыі ў Беларусі.

«Для Расейскай Федэрацыі важна, каб у Рэспубліцы Беларусь былі створаны надзейныя ўмовы для стабільнага эканамічнага росту і ўсёабдымнай грамадзянскай згоды на працяглую перспектыву. Думаю, ці наўрад хтосьці з разважных людзей рызыкне спрачацца, што падмуркам такога развіцця, найважнейшай умовай спакойнай упэўненасці беларусаў у заўтрашнім дні з’яўляецца шматпланавая падтрымка з боку Расеі, а таксама інтэграцыя, якая набірае моц у рамках Саюзнай дзяржавы», – пракаментаваў палітыку падтрыманне Масквой Аляксандра Лукашэнкі.

Паабяцаў ён і падтрымліваць затрыманых за пратэсты грамадзянаў РФ Сафію Сапегу і Ягора Дуднікава, але дадаў, што «ступень увагі да такіх грамадзян не знаходзіцца ў прамой залежнасці ад грамадскага рэзанансу».

Што датычыць пытання вайсковых базаў РФ у Беларусі, цэнтраў падрыхтоўкі, развіцця сістэмы СПА, пашырэння вайскова-тэхнічнай супрацы, то гэта плануецца разглядаць у рамках абноўленай вайсковай дактрыны дзвюх краін.

Hавiны
Пуцін прызначыў Барыса Грызлова на пасаду амбасадара ў Беларусі
2022.01.14 16:09

Нагадаем, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 14 студзеня падпісаў адпаведны загад, згодна з якім Барыс Грызлоў афіцыйна стаў паслом Расеі ў Беларусі.

Грызлоў – былы міністр унутраных спраў, старшыня савету і адзін з заснавальнікаў партыі «Адзінай Расеі». Таксама ён паўнамоцны прадстаўнік Расеі ў кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе і старшыня савету дырэктараў АТ «Тактычнае ракетнае ўзбраенне».

Былы амбасадар Расеі ў Беларусі Яўген Лук’янаў не прабыў на пасадзе і года: ён быў прызначаны толькі ў канцы сакавіка 2021 года.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў