БТ: У «Брузгах» засталося каля 500 мігрантаў. А куды падзеліся астатнія?


Каля 500 мігрантаў працягваюць заставацца ў транспартна-лагістычным цэнтры ў «Брузгах» на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».

Паводле яго, мігранты «вераць, што ім усё ж адкрыюць гуманітарны калідор у Нямеччыну». Прычыны такой веры не ўдакладняюцца, як і тое, чаму беларускія ўлады дагэтуль не далі ім афіцыйнага прытулку і нармальнага жытла.

Hавiны
«Адбывалася язідафобія». Як язіды ўцякалі ад пераследаў у Іраку і сутыкнуліся з ім у Беларусі
2021.12.31 14:33

Нагадаем, што напрыканцы снежня 2021 года, паводле падлікаў беларускага язіда Худа Бакаяна, у «Брузгах» заставалася 660 асобаў, у асноўным гэта курды. Таксама частка курдаў – 100–150 чалавек – была ў іншых месцах Беларусі, перадусім Менску і Менскай вобласці.

Самі беларускія ўлады на 20 снежня называлі лічбу ў 600 асобаў у «Брузгах».

У лістападзе ж беларускія ўлады казалі пра 7 тысяч чалавек у Беларусі (з якіх 2 тыс. у «Брузгах»), польскія – пра 13-14 тыс. чалавек, украінскія – пра каля 16 тыс. чалавек. Польшча, Літва і Латвія з таго часу не прымалі значныя колькасці мігрантаў да сябе, але некаторых парушальнікаў памежнага рэжыму затрымлівалі. З таго часу Беларусь на самалётах пакінулі каля 4 тыс. мігрантаў.

Куды падзеліся астатнія, невядома.

Між тым Памежная ахова Польшчы паведамляе, што 17 студзеня нелегальна патрапіць з Беларусі ў Польшчу спрабавалі 50 чалавек. За студзень было 596 такіх спробаў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу. Былі затрыманыя 23 нелегальныя мігранты: 10 грамадзян Сірыі, сем грамадзянаў Іраку, два кубінцы, два палестынцы, адзін грамадзянін Туркменістану і адзін беларус.

Hавiны
Колькі ў Беларусі засталося мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі?
2021.12.20 18:06

МГ belsat.eu

Стужка навінаў