Беларуская федэрацыя футболу паставіла задачу знішчыць «Крумкачоў»?


«Крумкачы» – адзіны беларускі футбольны клуб, у якім не ставяць подпісаў за ўладу, а падтрымліваюць народ. За гэта футбольныя ўлады помсцяць клубу, і калі раней яго проста не пускалі ў эліту, то цяпер стаіць задача знішчаць клуб. І АБФФ пачала актыўную працу ў гэтым кірунку.

У мінулым сезоне федэрацыя футболу зрабіла ўсё, каб менскі клуб не трапіў у эліту. Замест «Крумкачоў» у найвышэйшы дывізіён узялі «Смаргонь», якая заняла толькі сёмае месца ў першай лізе («Крумкачы» былі трэція) і з трэскам вылецела з найвышэйшай лігі па выніках апошняга сезону.

Крумкачы, спортивная солидарность
Гульня «Крумкачоў» супраць каманды «Дынама-Менск». Два футбалісты каманды «Крумкачы» былі затрыманыя падчас пратэстаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

«Крумкачы» зноў былі трэцімі ў першай лізе, і ў пераходных гульнях саступілі мазырскай «Славіі». А на выпадак, калі б менскі клуб перамог, федэрацыя прыдумала план «Б».

«Яны правялі працу з банкамі, каб ніхто не пацвердзіў клубу фінансавыя гарантыі 1 мільён долараў, якая патрэбная для заяўкі ў найвышэйшую лігу, – кажа «Белсату» наша крыніца. – Цяпер жа, калі гэтая задача выканана, яны прыступілі да знішчэння «Крумкачоў».

Марыя Калеснікава на матчы «Крумкачы»-«Дынама-Менск». Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Яшчэ ў хадзе сезону Уладзімір Базанаў, кіраўнік АБФФ, выклікаў да сябе кіраўніцтва «Крумкачоў» і паставіў яго перад выбарам: або галоўны трэнер Алег Дулуб, які таксама за народ і актыўна крытыкуе федэрацыю футболу, або клуб. У выніку Дулуб і «Крумкачы» ў хуткім часе развіталіся.«Быў званок ад кіраўніцтва. Сказалі, што, хутчэй за ўсё, будзе спынена супрацоўніцтва. Прычын я не пачуў і на наступны дзень развітаўся з камандай. (…) Каманда на першым месцы паводле ўсіх гульнёвых паказніках. Калі сыходзіў з клубу, то падарыў прэзентацыю, каб кіраўніцтва бачыла, у якім стане была каманда. Была адна параза на кубак, па пенальці. Але, на мой погляд, гэта не апраўдвае звальнення трэнера каманды першай лігі, якая прайграла камандзе найвышэйшай лігі», – узгадвае легендарны трэнер Алег Дулуб у эфіры «Белсату».

Пасля звальнення Алег Дулуб вымушаны быў з’ехаць ва Украіну. Цяпер ён трэнуе ўкраінскую каманду найвышэйшай лігі «Львоў».

Дулуба замяніў Алег Кубараў, але пасля сезону ён і ягоны трэнерскі штаб пакінулі «Крумкачоў». А нам прыходзіць інфармацыя: тым, хто працуе з менскім клубам, выдадуць так званы «воўчы квіток», ім не будзе месца ў беларускім футболе.

Крумкачы, спортивная солидарность
Гульня «Крумкачоў» супраць каманды «Дынама-Менск».
Фота: Белсат

Наступны крок Федэрацыі футболу Беларусі – і менскі клуб пазбавіўся стадыёну, дзе праводзіў хатнія матчы. САК «Алімпійскі» адмовіўся падпісаць з «Крумкачамі» дамову на наступны сезон.

«Крумкачоў» выжываюць з Менску. Базанаў асабіста наведваў двойчы дырэктара «Алімпійскага», каб той адмовіў клубу ў падаўжэнні арэнды. Усё робіцца на загад Кавальчука. Цяпер клуб шукае стадыён для гульняў і трэнаванняў. Склад будзе хутчэй за ўсё моладзевы, таму марнаваць грошы для выхаду ў «вышку» пры цяперашнім кіраўніцтве АБФФ бессэнсоўна. Усё роўна не пусцяць. У мінулым сезоне толькі суддзі адабралі ў нас 10 пунктаў. АБФФ проста хоча, каб клуб знік. Для пачатку з першай лігі. Бо без хатняга стадыёну прайсці ліцэнзаванне немагчыма. А ў Менску стадыёнаў, гатовых прыняць матчы першай лігі, не так і шмат», – сказаў «Белсату» адзін з працаўнікоў менскага клубу.

Адзін з футбольных блогераў лічыць, што перад АБФФ стаіць задача, каб у Менску засталося толькі «Дынама», – і зразумела, пачалі з «Крумкачоў».

«Канфлікт паміж федэрацыяй і «Крумкачамі» застарэлы, раней палітыку не было прынята змешваць са спортам. А ў 2020 годзе ўсё павярнулася інакш, і тут, як на мяне, з боку федэрацыі змяшаліся адразу тры асабістыя жаданні: заткнуць непажаданых, знішчыць апазіцыю і жаданне выгнаць з Менску ўсіх канкурэнтаў «Дынама». Таму і ўзяліся шчыльна. Прычым калі раней ціснулі, каб клуб не трапіў у найвышэйшую лігу, то цяпер махавік разгойдваецца. Чуў, што ўвогуле «Крумкачам» не толькі САК адмовіў, але і ўсе стадыёны ў Менску. Таму і трэнерскага штабу новага няма, і футбалісты разыходзяцца, а новыя не з’яўляюцца. І цяпер не менш важна – наколькі далёка гатова ісці АБФФ. Калі забароняць здаваць «Крумкачам» у арэнду палі і стадыёны і па-за Менскам, клубу канец. Ён проста не пройдзе ліцэнзавання», – тлумачыць «Белсату» адзін з футбольных блогераў.

Інтэрв’ю
Аляксандра Герасіменя прадала другі медаль праз NFT-аўкцыён. Што яшчэ выстаўляюць беларускія спартоўцы?
2022.01.18 16:34

АС belsat.eu

Стужка навінаў