«Рэпарцёры без межаў» згадваюць «Белсат» як прыклад пераследу медыяў


Беларусь заняла 157-е месца ў «Індэксе свабоды медыяў». Такую ж пазіцыю краіна займала год таму.

«У Беларусі незалежныя журналісты працягваюць змагацца ў няроўнай барацьбе з прапагандаю «апошняй дыктатуры Еўропы», – адзначаюць у сваёй справаздачы «Рэпарцёры без межаў». – Тых, хто асвятляе сацыяльныя рухі, сістэматычна арыштоўваюць. Судовая сістэма і КДБ рэгулярна спасылаюцца на «барацьбу з экстрэмізмам», каб прымусіць маўчаць тых, хто адмаўляецца ісці афіцыйным курсам».

У справаздачы, сярод іншага, прыводзяцца факты забароны на распаўсюд фотаальбому «Прэс-фота Беларусі – 2011», пазбаўлення ліцэнзіі «аднаго з асноўных незалежных выдавецтваў». Згадваецца таксама часопіс «ARCHE» і «незалежныя медыі, якія базуюцца за мяжою, такія, як «Белсат», што «сутыкаюцца з шэрагам праяваў адміністратыўнай цяганіны».

У тройцы лідараў «Індэксу свабоды медыяў» па-ранейшаму застаюцца Фінляндыя, Нідэрланды і Нарвегія, а найгоршая сітуацыя са свабодаю прэсы, паводле ацэнкі «Рэпарцёраў без межаў», – у Туркменістане, Паўночнай Карэі ды Эрытрэі.

Найбліжэйшыя краіны – суседзі Беларусі занялі ў рэйтынгу наступныя пазіцыі: Польшча – 19-е месца, Літва – 32-е, Латвія – 37-е, Украіна – 127-е, Расея – на 148-м.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў