100 бяздомных жывёлінаў шукаюць гаспадароў


У парку Горкага ў Менску 2 кастрычніка ў 13:00 распачнецца дабрачынная акцыя: грамадская арганізацыя “Эгіда” плануе знайсці для 40 бяздомных катоў і 60 сабакаў новых гаспадароў.

У “Эгідзе” падкрэсліваюць, што ўсе жывёліны, якія будуць удзельнічаць у акцыі, маюць неабходныя прышчэпкі ды прайшлі абследаванне ветэрынара. Тым, хто захоча прытуліць сабаку альбо ката, трэба мець з сабою пашпарт, ашыйнік і шворку або пераносны кошык для катоў.

Гэткую акцыю “Эгіда” зарганізоўвае сёлета ўжо ў трэці раз. “Апошнім разам новы дом знайшлі каля 40 жывёлінаў, – кажа Вольга, валанцёрка арганізацыі, – і мы лічым гэта поспехам, бо нават адзін сабака альбо кот, што знойдзе сабе новага добрага гаспадара – гэта ўжо добры вынік”.

Падчас акцыі адбудзецца таксама канцэрт фальклорнага ансамбля танца “Фламея”, будзе раздавацца спецыялізаваная літаратура, а таксама бясплатныя кансультацыі дадуць ветэрынары. На месцы правядзення імпрэзы будзе працаваць адмысловы намёт “Дапамога жывёле”, куды можна прынесці ежу для катоў і сабакаў, рыштунак і ўсё, што можа прыдасца для штодзённага дагляду за жывёлінамі.

Belsat.eu

Стужка навінаў