15 % апытаных беларусаў згодныя: Размаўляеш па-расейску – страляеш у свой народ


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Вільня) апублікаваў вынікі снежаньскага апытання, у якім удзельнічалі больш за 1,5 тыс. беларусаў.

Беларусы пра выбары прэзідэнта: Ні за Лукашэнку, ні за апазіцыю

На прэзідэнцкіх выбарах, калі б яны адбыліся ў снежні 2013 года, большасць беларусаў галасавала б за кандыдата, які не мае дачынення ні да ўлады, ні да апазіцыі.

Колькасць тых, хто давярае і не давярае апазіцыі практычна не змянілася: 15,8 % супраць 63,4 % (у верасні было 15,3 % супраць 62,8 %). Адказваючы на закрытае пытанне: «Калі б сёння былі прэзідэнцкія выбары, за якога кандыдата вы б прагаласавалі?», толькі 13,9 % рэспандэнтаў сказалі, што «за прадстаўніка апазіцыі», а большая частка абрала адказ «за любога іншага кандыдата», то бок ні за ўладу, ні за апазіцыю.

Рэйтынгі большасці апазіцыянераў падаюць

Не растуць ці нават зніжаюцца электаральныя рэйтынгі апазіцыйных лідараў: за Андрэя Саннікава гатовыя галасаваць 3,2 % (у верасні было 3,1 %), за Анатоля Лябедзьку – 0,7 % (1,4 %) , за Віталя Рымашэўскага – 0,3 % (0,6 %).

Прыкметны рост рэйтынгу, паведамляе НІСЭПД, назіраецца толькі ў лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева: калі ў верасні за яго гатовыя былі галасаваць 5,2 %, то ў снежні – 7,1%.

Рэйтынг Лукашэнкі зніжаецца

Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню з сакавіка 2012 года зноў пачаў прыкметна зніжацца. Калі ў чэрвені 2012 года за Лукашэнку гатовыя былі галасаваць 29,7 % рэспандэнтаў, а ў верасні 2013 – 42,6 %, то ў снежні – толькі 34,8 %. Гэты рэйтынг пацвярджаецца і адказамі на закрытае пытанне, згодна з якімі за Лукашэнку гатовыя галасаваць 32,6 %.

Упершыню ў 2013 годзе колькасць тых, хто не давярае Лукашэнку, значна перавысіла колькасць тых, хто давярае: 47,5 % супраць 37,7 %.

Амаль 70 % беларусаў мяркуюць, што эканоміка краіны застаецца ў крызісным стане.

Ці расейскамоўныя страляюць?



Як адзначаецца ў прэс-рэлізе інстытуту, прычынаю цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі застаецца «і бясконцы ціск уладаў на ўсіх нязгодных, і традыцыі «моцнай рукі», якія сыходзяць глыбока ў гісторыю і культуру, і шмат чаго іншага». «Але адна з найважнейшых прычынаў хаваецца не ў «аб’ектыўных абставінах», а ў самой апазіцыі, – робяць высновы эксперты НІСЭПД. – Напрыклад, 77,6 % апытаных выказалі нязгоду з нашумелаю заявай аднаго з кіраўнікоў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага: «Калі ты размаўляеш па-расейску, ты ў акупацыйнай арміі, страляеш ў свой народ». Пагадзілася з заявай спадара Беленькага 15 % беларусаў.

{movie}Юры Беленькі: Калі ты гаворыш па-расейску — ты ў войску акупанта |right|14040{/movie}

Адмоўна беларусы ацэньваюць і доўгія дэбаты апазіцыі пра ўдзел або няўдзел у выбарах: больш за 60 % рэспандэнтаў лічаць няправільным крокам намер часткі апазіцыі на будучых мясцовых выбарах спачатку вылучыць сваіх кандыдатаў, а потым зняць іх перад самым галасаваннем (правільным крокам назвалі гэта 18,1 %).

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў