17 чалавек падазраюцца ў непадпарадкаванні міліцыянтам падчас мірных дэманстрацыяў

Яны «праходзяць» у статусе падазронага паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу, паведамляе Следчы камітэт.

Следчы камітэт паведамляе, што 17 чалавек зараз падазраюцца ў збіванні і непадпарадкаванні міліцыянтам падчас дэманстрацыі 14 ліпеня ў Менску. Гаворка ідзе пра тыя выпадкі, калі людзі давалі здачу АМАПу.

Фота: ТК / Belsat.eu

Следчы камітэт паведамляе, што апроч арт. 342 была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 363 (супраціў супрацоўніку крымінальных органаў) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка ўнутраных справаў). Гэтыя крымінальныя справы злучаныя ў адной вытворчасці.

«У выніку падазронымі прызнаныя 17 грамадзянаў. Высветлена, што 12 з іх чынілі ў той дзень гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў АМАПу. Зараз да 10 мужчынаў ужытая мера стрымання ў выглядзе затрымання пад вартаю, а 8 з іх прад’яўлена абвінавачванне ва ўжыванні гвалту ў дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», – гаворыцца на старонцы Следчага камітэту.

Таксама СК паведамляе, што большасць з падазроных прызналі віну і нават раскаяліся ў здзейсненым. Некаторыя нават захацелі прабачацца перад міліцыянтамі, падкрэсліваецца ў звестках.

Праз затрыманні 14 ліпеня ў Менску прайшлі больш за 100 асобаў. Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

«Варта адзначыць, што большасць затрыманых – гэта маладыя людзі да 30 гадоў, якія былі ўпэўненыя, што праз масавасць іхныя асобы не будуць усталяваныя, а дзеянні застануцца беспакаранымі», – піша СК.

Следчы камітэт заклікае грамадзянаў прытрымлівацца закону і не браць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах:

«Памятайце, што сваімі паводзінамі ўдзельнікі несанкцыянаваным мерапрыемстваў дэстабілізуюць абстаноўку ў краіне і ставяць пад пагрозу бяспеку іншых законапаслухмяных грамадзянаў».

Нагадаем, што падчас акцыяў, якія праходзілі па ўсёй Беларусі 14 ліпеня, і былі выкліканыя адмовай у рэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, толькі ў Менску было затрымана больш за 300 чалавек. Прычым затрымана брутальна і са збіваннем. Некаторыя ўдзельнікі акцыяў намагаліся даць здачы АМАПу. Паводле звестак сілавікоў, 6 атрымала траўмы, а 4 нават апынулася ў лякарні.

КТ belsat.eu

Hавiны