«Смажыў каўбасу на вогнішчы». БТ паказала дзіўны фрагмент размовы з польскім дэзерцірам


Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў фрагмент размовы прагандысткі Ксеніі Лебедзевай з польскім вайскоўцам Эмілем Чэчкам, які ўцёк у Беларусь.

«Я дэзертыраваў з войска праз калючы дрот, парваў штаны, параніў руку. Перабег праз нейтральную паласу і ўбачыў, што едзе польскі патруль. Я зняў форму і без адзення, голым, навакольнымі шляхамі пабег у бок Беларусі. Я вырашыў пакінуць польскае войска менавіта такім спосабам, бо немагчыма маўчаць пра тое, што адбываецца на тэрыторыі Польшчы», – сказаў польскі дэзертыр.

Афіцыйна ўлады Беларусі заяўляюць, што Эміль Чэчка папрасіў палітычнага прытулку нібыта на знак пратэсту супраць палітыкі Польшчы ў міграцыйным крызісе і жорсткага абыходжання з уцекачамі. Але ў паказаным фрагменце размовы пра мігрантаў ён нічога не кажа. На пытанне прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай, чаму ён вырашыў дэзертыраваць менавіта цяпер, Чэчка кажа нешта бязладнае:

«Я вось проста сядзеў чалавек каля плота (гэта даслоўная расшыфроўка інтэрвʼю БТ – заўв. belsat.eu), смажыў каўбасу на вогнішчы і толькі думаў пра тое, калі глядзеў на агонь, ці не будзе гэты чалавек сам на гэтым агні смажыцца. Няма працы, нічым не займаўся. І сяджу і думаю, і думаю, і думаю аб тым, што адбывалася ў гэтых лясах апошнія месяцы.

Мы спачатку прыехалі, нам сказалі, што мы будзем стаяць каля памежных слупоў. У адзін момант да нас пачалі прыязджаць мужчыны з контрразведкі. Яны проста стаялі, часам толькі каго-небудзь чаплялі, каб салдаты абвыкалі да таго, што да іх праяўляюць агрэсію. Калі салдат выходзіў кудысьці, яны правяралі дакументы без прычыны, казалі яму глупства і разумелі, што ён не можа нічога яму адказаць. Тыповая дэманстрацыя перавагі».

БТ абяцае паказаць поўную версію інтэрв’ю ў вечаровым эфіры, а пакуль быў апублікаваны толькі кароткі фрагмент размовы – каля трох хвілінаў.

Hавiны
Польшча пацвердзіла знікненне вайскоўца на мяжы
2021.12.17 15:10

Польшча пацвердзіла факт знікнення жаўнера 11-га артылерыйскага палка. Прадстаўнікі вайсковай часткі Эміля Чэчкі ахарактарызавалі дэзертыра як праблемнага, да канца ягонай службы заставалася некалькі дзён.

Польскі міністр абароны Марыуш Блашчак напісаў у Twitter, што зніклы вайсковец меў праблемы з законам і звольніўся з арміі. Паводле Блашчака, гэты жаўнер наогул не павінен быў быць скіраваны несці службу на мяжы.

РР belsat.eu

Стужка навінаў