Сакрэтныя жаданні Аляксандра Лукашэнкі на экране. Разбор інтэрв’ю турэцкаму тэлеканалу

Аляксандр Лукашэнка агучвае свае патаемныя жаданні, пагрозы і патрабаванні ў чарговых інтэрв’ю замежным медыя. На днях ён выказаўся для турэцкага тэлеканала TRT. Размова традыцыйна насычаны фэйкамі і маніпуляцыямі. Там усё як звычайна, ці ёсць нешта новае? «ПраСвет» прааналізаваў хлусню незаконнага правіцеля Беларусі. Каментуюць Павел Мацукевіч і Ілля Куса.

Галоўнай тэмай інтэрв’ю ўжо традыцыйна сталі мігранты. Чарговы раз Лукашэнка адмаўляе сваё дачыненне да падзеяў на мяжы:

«Факты на стол. Калі такія факты будуць, я публічна прабачуся».

Нагадаем яшчэ раз. На некалькіх відэа назіраем, як беларускія сілавікі кантралююць мігрантаў, пераганяюць з месца на месца, прыціскаюць да агароджы, бяруць у кацёл. Польскія памежнікі не раз паведамлялі, што беларускія сілавікі дапамагалі мігрантам прарывацца праз мяжу. Вось толькі частка фактаў, таму прасіць прабачэння можна пачынаць. Пры гэтым Лукашэнка супярэчыць сваім жа словам з інтэрв’ю BBC:

«Цалкам магчыма. Вось я цалкам гэта дапускаю. Магчыма, хтосьці і дапамог. І я нават не буду разбірацца».

Але ўжо ў інтэрв’ю TRT Лукашэнка вінаваціць у міграцыйным крызісе Еўропу, якая па ягоных словах запрасіла мігрантаў. Насамрэч афіцыйны Менск перастаў выконваць дамову з Еўразвязам аб стрымліванні мігрантаў – адсюль і новы паток. Лукашэнка пераносіць на Захад і іншую сваю адказнасць, заяўляе, што з Беларусі хацелі зрабіць Украіну.

Павел Мацукевіч, экс-дыпламат:

«Беларускія ўлады цешаць сябе надзеяй, што яны прыдумаюць такую гісторыю, якая апраўдае ўвесь той гвалт, які адбывалася ў Беларусі. Адбываецца відавочная падмена паняццяў і маніпуляцыі фактамі. Вядзецца актыўны пошук вінаватага, хто адказвае за ўвесь гэты крызіс у Беларусі, хто ставіць пад пагрозу нацыянальную эканоміку, хто паставіў пад пагрозу развіццё Беларусі».

Паскардзіўся дыктатар журналістцы і на заходнія санкцыі. У чарговы раз прыгразіў: калі ўлады Беларусі апынуцца ў надзвычайным становішчы, транзіт газу перакрыюць. Але перакрываць прыйдзецца трубаправод, які належыць «Газпраму».

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў:

«Мы па-ранейшаму хочам спадзявацца, што нішто не перашкодзіць Расейскай Федэрацыі і надалей бездакорна выконваць свае абавязацельствы па дзеючых кантрактах».

Яшчэ адзін папрок у бок Захаду: Еўразвяз не забраў да сябе паабяцаныя 2 тысячы мігрантаў. Хоць абяцання ніхто не даваў.

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі заявіла:

«Падчас Першай размовы з Ангелай Меркель механізм, які прапанаваў прэзідэнт, быў наступным: Еўрапейскі Звяз стварае гуманітарны калідор для дзвюх тысяч бежанцаў, якія знаходзяцца ў лагеры».

Ды й выцягнуць для сябе долю легітымнасці з сітуацыі са званком Ангелы Меркель у прапаганды таксама не атрымалася. У інтэрв’ю Лукашэнка кажа пра тое, што цяпер перамоваў няма і мяняе рыторыку.

Ні ў Беларусі, ні ў Турцыі легітымнасць не мае патрэбы ў прызнанні іншых дзяржаў. Нечаканае параўнанне, улічваючы тое, што прэзідэнт Турцыі, у адрозненні ад Лукашэнка і так прызнаны ў Еўрасаюзе. Тым не менш TRT – турэцкі дзяржаўны тэлеканал з шырокім ахопам аўдыторыі, праз якую Лукашэнка хоча прасоўваць сябе як легітымнага, лічыць эксперт.

Ілля Куса, Украінскі інстытут будучыні, эксперт па міжнароднай палітыцы:

«Для Лукашэнкі важна, каб у яго была аўдыторыя за мяжой для таго, каб захоўваць тое, што засталося ад яго знешняй легітымнасці. Гэта значыць, для яго турэцкі кірунак з’яўляецца адным з тых, дзе яго могуць пачуць, зразумець у нейкай ступені і можа быць нават падтрымаць. Улічваючы, што ў Турцыі, і ў медыя турэцкіх і на палітычным узроўні істотна Лукашэнку не крытыкавалі».

Яшчэ адна падтрымка, на якую намякнуў дыктатар – фінансавая. Пра магчымую дапамогу ад прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана Лукашэнка ўспамінаў і ў лагеры мігрантаў:

«Еўрапейскі Звяз абяцаў дапамагчы вывезці бежанцаў на радзіму, тых, хто захацеў бы выехаць, і не даў ні капейкі, не аплаціў ніводнага рэйсу, каб іх вярнуць на радзіму. І калі журналіст мяне пра гэта спытаў, я яму сказаў: мы і прасіць не будзем Еўрапейскі Звяз. Калі трэба, папросім Рэджэпа Эрдагана».

Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года. Фота: Ян Марэцкі / Streenger

Ілля Куса, Украінскі інстытут будучыні, эксперт па міжнароднай палітыцы:

«У пытанні фінансавай дапамогі ў Турцыі ёсць свае абмежаванні. Тым больш цяпер эканамічная сітуацыя ў Турцыі не найлепшая. Спадзявацца на тое, што Турцыя неяк дапаможа Лукашэнку і яго ўраду грашыма, зарана».

Экс-дыпламат Павел Мацукевіч лічыць, што ўсё ж асноўная мэта прапаганды – беларусы:

«Вось Аляксандр Лукашэнка ўласна разжоўвае падзеі і дае свой погляд на тыя ці іншыя рэчы, якія затым прапагандысты будуць разносіць у шырокія беларускія масы, таму я думаю, што ўсё ж такі галоўная ягоная аўдыторыя – гэта не заходняя аўдыторыя і не турэцкая аўдыторыя, а Беларусь».

За апошні месяц Лукашэнка даў 4 інтэрв’ю: гэтае апошняе для турэцкай тэлекампаніі, для BBC і для расейскіх прапагандыстаў Ігара Каротчанкі і Дзмітрыя Кісялёва.

Сюжэт для праграмы «ПраСвет» 16.12.21

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны