Пракурор запрасіў 3 гады зняволення блогеру Вадзіму Ермашуку (Vadimati)


Палітзняволены гарадзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati).
Фота: Вясна

Сёння ў судзе Шчучынскага раёну адбыліся спрэчкі бакоў. Раней блогер адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні суддзі. Сваёй віны не прызнаў. Прысуд агучаць у аўторак, 21 снежня.

Вадзімаці вінавацяць у абразе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і абразе прэзідэнта (арт. 368 КК). Паводле пракурора, Вадзім у жніўні і верасні мінулага года выклаў у сваім Instagram фота з Лукашэнкам з подпісам «нелегітымны прэзідэнт». Гэта, на думку абвінавачання, можна разглядаць як абразу.

Другі крымінальны артыкул таксама заведзены за матэрыял у Instagram. Згодна з матэрыяламі справы, 16 жніўня 2021 года Вадзім на бензастанцыі ўзяў чырвона-зялёны сцяжок, які там прадаваўся, і выклаў сторыз, у якім сказаў, што «надта дорага каштуе кавалачак анучкі».

Вадзім Ермашук застаецца за кратамі з 16 жніўня. Яго затрымалі ў Шчучыне, калі ён аглядаў мясцовую скейт-пляцоўку. Разам з сябрамі хацеў дамагчыся таго, каб у Горадні з’явілася такая ж дзеля развіцця скейтынгу ў горадзе. Блогера затрымалі нібыта за заклікі прыехаць на спартовую масавую імпрэзу.

19 жніўня Дзмітрый Цівунчык прысудзіў блогеру 25 содняў арышту паводле арт. 24.23 КаАП. 9 верасня Вадзіма асудзілі яшчэ на 15 содняў – нібыта за хуліганства. Падчас адбыцця новага арышту стала вядома, што супраць Вадзімаці распачатыя дзве крымінальныя справы.

На судзе Вадзім трымаецца бадзёра. За кратамі пачаў маляваць коміксы.

Артыкулы
«Я закон не парушаю, раблю ўсё для людзей». Хто такі блогер Вадзімаці, якога будуць судзіць за абразу Лукашэнкі?
2021.12.13 18:04

СП belsat.eu

Стужка навінаў