Мазыраніна, які быў сімвалам футбольнай каманды «Славія», асудзілі да трох гадоў калоніі


Раніцай 4 траўня бягучага году жыхару Мазыра Аляксандру Сузько, калі ён збіраўся на працу, патэлефанавалі. Пасля званка маладзён выйшаў да пад’езду, дзе яго затрымаў ГУБАЗіК з дапамогай супрацоўнікаў САХРу. Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Судзілі разам з групай футбольных заўзятараў і пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. «Белсат» паразмаўляў пра сітуацыю з чалавекам, які добра ведае Аляксандра. У публікацыі наш суразмоўца з меркаванняў бяспекі пажадаў застацца ананімным.

«Увесь вольны час працаваў, каб мець магчымасць нешта купіць сыну»

Аляксандр Сузько на працы.
Фота: асабісты архіў Аляксандра Сузько

Аляксандр Сузько з нараджэння жыве ў Мазыры. 22 лістапада яму споўнілася 28 гадоў. Дзень народзінаў давялося адзначаць за кратамі. А назаўтра, 23 лістапада, суд Мазырскага раёну агучыў вырак – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Да затрымання Аляксандр працаваў барменам-афіцыянтам у некалькіх месцах, сярод іх – Дом культуры НПЗ у Мазыры, рэстаран «Васількі».

Hавiны
Кінулі камень у вакно пракурора – сталі тэрарыстамі
2021.12.04 21:26

Пару гадоў таму мужчына разышоўся са сваёй жонкай, у іх застаўся сын Міраслаў, якому цяпер чатыры гады. Каб мець магчымасць нешта сыну купіць, некуды яго адвесці, Аляксандр у вольныя хвіліны браўся за падпрацоўкі.

– Падкрэсліваю ягоную працавітасць, і што ён паўсюль быў афіцыйна ўладкаваны, працаваў паводле дамоваў, бо часта можна пачуць, што асуджаныя за пратэсты – беспрацоўныя, маргіналы, і т.п., – кажа знаёмы Аляксандра. – А Саша вельмі любіць свайго сына, і хоць не жыве разам з ім, аднак працаваў дзеля яго і стараўся праводзіць з ім час, якога з-за працы было мала. Саша ахвяраваў сваім адпачынкам, падчас якога вывозіў сына на аздараўленне ў санаторый. Цяпер Міраславу сказалі, што тата з’ехаў у камандзіроўку па працы.

Аляксандр Сузько ў выглядзе сімвала футбольнай каманды «Славія» – арла.
Фота: асабісты архіў Аляксандра Сузько

Акрамя працы ў якасці афіцыянта, у Аляксандра была яшчэ адна падпрацоўка, якую таксама можна назваць хобі, захапленнем – ён быў сімвалам мазырскай футбольнай каманды «Славія». Апранаўся ў арла, выступаў у такім іміджы на матчах каманды, а таксама на гарадскіх мерапрыемствах, напрыклад, на адкрыцці фірмовай крамы «Славіі».

– Магчыма, таму яго далучылі да групы, якую назвалі футбольнымі заўзятарамі, і разам судзілі, – кажа наш суразмоўца. – Аднак гэта не была кампанія Сашы. Яны ніколі разам не бавілі час. Ды ў іх і ўзрост зусім розны. Там хлапцам толькі-толькі па 20 гадоў споўнілася, а Сашы ўжо 28. Так, раней, некалі ў юнацтве ён быў заўзятарам, заўзеў за «Славію». І цяпер заўзее, аднак гэта стала ягонай працай. Ён афіцыйна працаваў на матчах каманды, быў уладкаваны, атрымліваў за гэта заробак.

Па хадайніцтве міліцыянтаў суд зрабілі закрытым

Аляксандра затрымалі 4 траўня. Па словах нашага суразмоўцы, мазыраніну патэлефанавалі раніцай, калі ён збіраўся на працу. Хто патэлефанаваў і пра што была размова – невядома. Аднак пасля званку мужчына выйшаў да пад’езду, дзе яго ўжо чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і САХРу.

Hавiны
Палітвязня з інваліднасцю засудзілі на 3 гады калоніі
2021.12.15 14:25

Адначасова з Аляксандрам тады затрымалі 11 чалавек ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Усіх абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у жніўні 2020 году. Вылічылі нібыта па фотаздымках. МУС абвесціў тады, што былі затрыманыя ўдзельнікі «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці» і сцвярджаў, што падчас пратэсных акцыяў 11 жніўня 2020 году яны выкарыстоўвалі газавыя балончыкі супраць міліцыянтаў і кідалі ў іх камяні.

У выніку, паводле МУС, адзін супрацоўнік пацярпеў, а службовыя аўтамабілі – былі пашкоджаныя. Спыняць парушальнікаў прыйшлося папераджальнымі стрэламі ў паветра.

«Вядома, што дзесяць фігурантаў (ад 18 да 27 гадоў) уваходзяць або раней уваходзілі ў мясцовую каляфутбольную групоўку праварадыкальнай накіраванасці. Шасцёра з іх беспрацоўныя, яшчэ чацвёра – судзімыя за крадзяжы, рабаванні, хуліганства і ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. Аднаму з падазраваных 54 гады, ён не ўваходзіць у групоўку», – распавядала былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Затрыманні ў Мазыры 4 траўня.
Фота: скрыншот з відэа МУС

Пра стаўленне да Аляксандра падчас затрымання і ўжо ў зняволенні ягоны знаёмы не распавядае – непакоіцца, што гэта можа пашкодзіць вязню. Толькі кажа, што там – «не цукар». А вось адзін з асуджаных разам з Аляксандрам, Данііл Скіпальскі заяўляў аб збіцці сілавікамі ў Мазырскім ІЧУ.

10 дзён пасля затрымання Аляксандр Сузько правёў у ІЧУ Мазыра, потым яго перавялі ў СІЗА №3 у Гомель. На суд, які распачаўся 30 верасня, зноў прывезлі ў Мазыр. За 10 дзён да прысуду, паводле нашага суразмоўцы, абвінавачаных на пэўны час зноў вывезлі ў Гомель, бо яны прасілі, каб ім дазволілі прывесці сябе ў парадак, памыцца перад прысудам. У Мазырскім ІЧУ такой магчымасці не было.

На першым жа паседжанні суд зрабілі закрытым па хадайніцтве пацярпелых міліцыянтаў, якія нібыта апасаліся за сваю бяспеку і нават жыццё. Суддзя Галіна Кніжонак задаволіла хадайніцтва, таму, кажа знаёмы Аляксандра, пра тое, што было на судзе, якія прыводзіліся доказы, у чым менавіта абвінавачвалі маладзёнаў, вядома мала.

«Ці гэта злачынства – сфатаграфавацца са сцягам?»

Аляксандр Сузько.
Фота: скрыншот з відэа МУС

Разам з Аляксандрам Сузько судзілі яшчэ чацвярых юнакоў: Данііла Скіпальскага, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнку і Кірыла Канапацкага. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт.342 КК РБ) і ў гвалце ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК).

У той час, як некаторыя з групы прызналіся, што кідалі камяні падчас пратэстаў, Аляксандр і да суда, і на судзе адмаўляў сваю віну. Яму прад’явілі, што ён стаяў у счэпцы 11 жніўня 2020 году.

– Аднак у Мазыры нават счэпкі не было, – кажа наш суразмоўца. – І ніякіх доказаў віны Сашы не было, акрамя фотаздымкаў, на якіх ён са сцягам. Аднак ці гэта злачынства – сфатаграфавацца са сцягам?

Тым не менш, суд палічыў усіх пяцярых вінаватымі. Усім, акрамя Кірыла Канапацкага, суддзя Галіна Кніжонак прысудзіла па тры гады ў калоніі агульнага рэжыму. Канапацкаму – 3 гады і 6 месяцаў, бо ў яго была яшчэ непагашаная ранейшая судзімасць. Акрамя таго, кожны з маладзёнаў мусіць выплаціць 1500 беларускіх рублёў маральнай шкоды начальніку аддзелу ДАІ Мазырскага РАУСу Валянціну Пілеру, якога суд прызнаў пацярпелым. Першапачаткова «даішнік» прасіў па 3000 з кожнага, аднак суд зменшыў гэтую суму.

Беларускія праваабаронцы прызналі Аляксандра Сузько палітзняволеным.

Артыкулы
Праваабаронца Павел Сапелка: Статус палітвязня здымае з чалавека цэтлік злачынцы
2021.11.28 07:30

«Ваш ліст – сонца, надзея, якая нясе водар свабоды і шчасця»

Знаёмы Аляксандр Сузько кажа, што сям’я колішняга сімвалу «Славіі» – маці, а таксама сын, цяпер апынуліся ў няпростым фінансавым становішчы. Бо на сына Аляксандр плаціў аліменты і акрамя гэтага заўсёды дапамагаў. Таксама маці падтрымліваў. У сям’і за апошнія паўгады пайшло шмат сродкаў на адвакатаў – больш за тры тысячы рублёў. Таму наш суразмоўца просіць неабыякавых падтрымаць сям’ю Сузько. Кантакты і рэквізіты ёсць у рэдакцыі.

Цяпер Аляксандр зноў у Гомельскім СІЗА №3 – чакае разгляду апеляцыі. Але на яе надзеі ні сям’я, ні сябры не ўскладаюць – бачаць, што яшчэ нікому апеляцыйная скарга не змяніла прысуд, падкрэслівае знаёмы мазыраніна.

Ліст ад палітвязня Аляксандра Сузько.
Фота: Alesya Melnikova/Facebook

Пра ўмовы ўтрымання за кратамі Аляксандр Сузько распавядаў у лісце адной з беларусак, якая піша палітвязням, каб падтрымаць іх:

«Ваш ліст я адкрыў у цёмнай камеры, куды не трапляе нават сонечны прамень, паколькі на вокнах, акрамя рашотак, яшчэ металічныя пласціны, якія закрываюць ад маіх вачэй цудоўны свет з такімі людзьмі, як Вы. Ваш ліст быў сонцам, надзеяй, якая нясе водар свабоды і шчасця, і будучага жыцця. Гэты водар звязаны ў мяне з пахам свежазваранай кавы, якую я як бармен умею прафесійна прыгатаваць і ў кампаніі аматараў футболу, выпіць гэтую каву».

Ганна Ганчар, belsat.eu

Стужка навінаў