«Лукашэнка сам стаў буржуем». Навошта прапаганда распальвае нянавісць да багатых і паспяховых


На самым старце прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года дзейныя ўлады Беларусі спрабавалі распаліць нянавісць да «пузатых буржуяў». І вось, праз паўтара года, яны зноў вярнуліся да гэтай тэмы. Разбіраемся з экспертамі, для чаго гэта робяць і што можа з гэтага атрымацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

У 2020 годзе самым папулярным прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду быў кіраўнік банку з 20-гадовым стажам Віктар Бабарыка, асуджаны за гэта цяпер на 14 гадоў няволі. У адказ на ягоную папулярнасць Аляксандр Лукашэнка амаль адразу загадаў «прашарсціць пузатых буржуяў».

Аб’ектыў
Лукашэнка хоча памацаваць «пузатых буржуяў»
2020.06.10 23:20

Амаль мільён долараў нібыта знайшлі за канапай і ў іншага прэтэндэнта – Сяргея Ціханоўскага, асуджанага на днях да 18 гадоў калоніі.

Але з пачаткам паслявыбарчых пратэстаў там выявіліся ўжо не «буржуі», а, як казала прапаганда, прастытуткі, наркаманы ды іншыя праплачаныя маргіналы.

Hавiны
«Курс на ліквідацыю сярэдняга класу». Эксперты ацанілі эканамічныя планы ўладаў на 2021 год
2020.12.24 14:17

Але напярэдадні канстытуцыйнага рэферэндуму тэма багатых і заможных ізноў гучна вярнулася ў прапагандысцкі эфір. Затрыманых менеджараў і працаўнікоў прыватных і замежных кампаніяў «А1», «Hyundai», «EPAM», «Aivitam» ды іншых прымушалі ў «пакаянных» відэа сярод іншага казаць і пра свае заробкі, істотна большыя за сярэднія па краіне.

Калі ў сярэднім беларусы атрымліваюць толькі 1478,9 рубля (і гэта да выліку падаткаў і ўнёскаў), а ў рэальнасці яшчэ менш – 75 % зарабляюць менш за гэтую суму, то затрыманыя называлі месячныя сумы 4000–5000 рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Але ў аўтараў прапагандысцкіх ролікаў пытанні ўзніклі не да таго, чаму ў выніку 27-гадовага кіравання Лукашэнкі ў беларусаў такія нізкія заробкі, а чаму яны такія высокія ў кіраўніцтве прыватных кампаніяў.

Скарыстаць зайздрасць

Мэта такіх дзеянняў прапаганды – скарыстаць зайздрасць людзей і аслабіць сімпатыі да затрыманых, мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

«Для Лукашэнкі ды ідэалагічнай машыны гэта даволі распаўсюджаная тэма. Сам Лукашэнка пачынаў як народны трыбун. Выступаў супраць карупцыі і рознага кшталту «буржуяў», якія былі ягонымі класавымі ворагамі. Натуральна, сітуацыя з часам змянілася. Лукашэнка сам стаў такім буржуем, алігархам. Мы ведаем, што ён любіць і дарагія рэчы, і элітны сэрвіс, і прыгожых дзяўчат у сваёй свіце, іншыя элементы прыгожага жыцця. Але ўсё адно на публіку вельмі часта спрабуе выкарыстоўваць менавіта старыя свае штампы, каб выклікаць найбольшую сімпатыю сярод «простых людзей» – тых, хто не мае вялікіх даходаў, магчыма, жыве не ў вялікіх гарадах. І каб адпаведна ў іх фармаваць негатыўны вобраз апазіцыі», – заявіў палітолаг у каментары «Белсату».

Hавiны
«ByPol»: За пяць гадоў Лукашэнку «падарылі» 31 машыну на $ 6 млн
2021.12.03 10:01

Пры гэтым Андрэй Казакевіч адзначае, што беларуская прапаганда будуецца на эмоцыях, а не на розуме. Бо няма нічога такога ў тым, што чалавек, які 20 гадоў быў дырэктарам банку, «сам зарабіў гэтыя грошы». Не спалучаецца з сённяшнім мэсіджам пра багатых апазіцыянераў і ранейшы – пра тое, што пратэстоўцы праплачаныя.

Марш жанчын
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Адносна пратэстаў важна стварыць негатыўны вобраз. Таму трэба запускаць негатыўныя мэсіджы. Будаваць негатыўны імідж удзельнікаў. Калі сказаць, што яны праплачаныя, гэта адразу дае аргументацыю, чаму людзі выходзяць, і дэвальвуе іхныя матывы: яны змагаюцца не за правы і свабоды, а проста за грошы. Гэта мусіць выклікаць негатыўныя рэакцыі ў людзей, якія глядзяць такі матэрыял. Але калі падключаць рацыянальнае мысленне, то будуць дзіўныя вынікі. Калі там толькі маргіналы, то чаму іх так шмат? Але на гэта сам мэсідж не разлічаны, ён разлічаны на выкліканне эмоцыі», – мяркуе палітолаг.

«А чаго ім яшчэ не ставала?»

У сваю чаргу сацыёлаг Генадзь Коршунаў бачыць у сённяшняй прапагандзе «атавізмы савецкага светаўспрымання», скіраванага супраць больш багатых і больш паспяховых людзей.

«Тое ж праскоквае ў прапагандысцкім наратыве: «А чаго ім яшчэ не ставала?» Гэта неразуменне таго, што людзі могуць зарабляць грошы, а не атрымліваць. І той, хто працуе, можа зарабляць шмат. Гэта зусім іншае светаўспрыманне. Гэта выключна дзяржаўнае светаўспрыманне, калі чалавек атрымлівае ўсё ад дзяржавы і за гэта ўсё – ад працы да кватэры, адукацыі, медыцыны – ён мусіць быць вінен дзяржаве і заўсёды адчуваць да яе татальную ўдзячнасць», – мяркуе Генадзь Коршунаў.

Але, мяркуе суразмоўца, большая частка беларускага грамадства ўжо жыве ў іншай логіцы.

Hавiны
Сігнал маўчаць ці культ беднасці? Што значаць затрыманні топ-супрацоўнікаў A1, «Hyundai» і EPAM
2021.12.13 23:04

«Людзі ўжо навучыліся зарабляць. І ўжо дзесяць і болей гадоў стаўленне да прыватнікаў ды людзей, якія ўмеюць менавіта зарабляць, а не атрымліваць, змянілася. Цяпер прыватнік – гэта ўжо не буржуйчык. Гэта той чалавек, які ўмее і сам зарабляць, і ствараць працоўныя месцы для іншых», – падкрэсліў сацыёлаг.

Дарэчы, паводле эканамістаў, у 2020 годзе ў Беларусі ў прыватным сектары працавала больш за 45 % беларусаў працаздольнага веку, ці амаль 2 мільёны чалавек.

Грамадства не чуе прапаганды

Аднак, нягледзячы на прапаганду, Віктар Бабарыка дасюль застаецца самым папулярным палітыкам у Беларусі. Прычына гэтага ў тым ліку і ў тым, што прапагандысцкі «мэсідж не заходзіць на ўсё грамадства».

«Але зразумела, што на нейкую частку – тых, хто настальгуе за саветамі, – нешта рэзанаваць будзе», – мяркуе Генадзь Коршунаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Як адзначыў Андрэй Казакевіч, паводле розных падлікаў, толькі каля 20–25 % беларусаў давяраюць дзяржаўным медыям.

«Таму тым, што робіць прапаганда, яна фармуе свядомасць адной пятай ці адной чацвёртай часткі насельніцтва. А фармаваць грамадскую думку большасці яна на гэты момант не можа», – заявіў палітолаг.

Бізнесу стане меней

Пры гэтым нападкі на бізнес у перспектыве могуць ударыць па беларускай эканоміцы. У тым ліку ў выглядзе паступовага сыходу бізнесу.

«Будзе распаўсюджвацца адчуванне, што бізнес-атмасфера ў краіне пагаршаецца. Будзе менш цікавасці развіваць бізнес-праекты ў Беларусі, заставацца тут і нават прыязджаць, бо сам імідж будзе кепскім. І паступова гэта будзе прыводзіць да праблемаў з прыцягненнем інвестыцыяў, працай заходніх кампаніяў», – мяркуе Андрэй Казакевіч.

Але, на думку эксперта, уладам больш важна бізнес «трымаць у тонусе і максімальна яго адцягнуць ад палітыкі, ад грамадскай дзейнасці».

«Я думаю, што логіка такая: нікуды вы ад нас не падзенецеся, усё адно вы тут зарабляеце грошы. А пра доўгую перспектыву ніхто не думае. Галоўнае, што цяпер. Таму давайце падпарадкоўвайцеся нашым правілам. А мы вам пакажам жорсткія межы, за якія вы не можаце выходзіць», – заявіў палітолаг.

Канкурэнты спадзяюцца на бонусы?

Андрэй Казакевіч не выключае, што ўлады такім чынам спрабуюць прымусіць недзяржаўныя кампаніі змагацца супраць нязгодных, каб, «разабраўшыся з дзяржаўным сектарам, прадысцыплінаваць і недзяржаўны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: imaguru.by

«І гэтыя задачы выглядаюць больш важнымі, чым эканамічнае развіццё і бізнес-клімат», – мяркуе палітолаг.

Таксама, на ягоную думку, у такім ціску могуць быць зацікаўленыя і асобныя канкурэнты рэпрэсаваных кампаніяў.

«І калі ў выпадку з «Hyundai» нічога такога не праглядаецца, то ў выпадку з «А1» пэўныя сілы могуць разлічваць на тое, што пераход гэтай кампаніі ў іншыя рукі можа дазволіць ім атрымаць дадатковыя фінансавыя бонусы», – заключыў Андрэй Казакевіч.

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

МГ belsat.eu

Стужка навінаў