EBU заклікае вызваліць усіх зняволеных у Беларусі журналістаў


У заяве Еўрапейскага трансляцыйнага звязу адзначаюць, што 2021 год быў змрочным для журналістаў і тых, хто агітуе за свабоду прэсы.

«Паводле звестак Камітэту абароны журналістаў, сёлета 293 рэпарцёры былі заключаныя ў турму за сваю працу, 24 былі забітыя», – адзначаюць у арганізацыі.

Сёння ЕВU заклікае вызваліць усіх журналістаў, затрыманых за выкананне сваёй працы. Цяпер у Беларусі за кратамі застаюцца трое журналістаў, якія працуюць на «Белсат», што належыць польскай тэлекампаніі TVP.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі 31 журналіст застаецца ў зняволенні або ў міліцыі. Шмат каго арыштоўваюць па абвінавачаннях, якія журналісты рашуча адмаўляюць. Іншыя атрымалі працяглыя тэрміны зняволення.

Журналістка Ірына Слаўнікава.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

«Ірына Слаўнікава – беларуская журналістка. Яе затрымалі разам з мужам Аляксандрам Лойкам 30 кастрычніка 2021 года, калі яны вярнуліся ў Беларусь з адпачынку ў Егіпце. Спачатку іх затрымалі на 15 содняў за распаўсюд нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў у Facebook і «дробнае хуліганства». Але іхныя тэрміны ўтрымання пад вартаю неаднаразова падаўжаліся, і цяпер спадарыня Слаўнікава атрымала статус падазраванай у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што істотна парушаюць грамадскі парадак, або актыўным у іх удзеле», – падкрэслілі ў EBU.

Ліз Корбін, намесніца дырэктара ў справе медыяў і кіраўніца аддзелу навінаў ЕВС, заявіла: «Журналісты, якія цяпер у турме ў Беларусі, – гэта адважныя асобы, якія плацяць невыносную цану за сваю адданасць паведамляць праўду пра падзеі ў краіне. Гэта частка больш шырокай кампаніі ўраду ў замоўчванні незалежнай журналістыкі ды недапушчэнні доступу беларускага народу да надзейнай і дакладнай інфармацыі».

Акрамя затрыманняў, акрэдытацыі грамадзянаў Беларусі, якія працавалі на замежныя інфармацыйныя арганізацыі, былі скасаваныя ўладамі і не былі адноўленыя. Беларускай асацыяцыі журналістаў забаранілі легальна дзеяць у краіне, установа пераехала за межы Беларусі.

Нягледзячы на тое, што шэраг замежных журналістаў, як з трансляцыйных, так і з друкаваных ды інтэрнэт-медыяў, нядаўна атрымалі штогадовую акрэдытацыю для працы ў Беларусі пасля доўгага перапынку, гэта не ёсць прыкметаю паляпшэння свабоды СМІ.

EBU заклікае вызваліць усіх журналістаў, якія застаюцца ў зняволенні ў Беларусі, і даць магчымасць журналістам выконваць сваю працу бяспечна ды без пагрозаў і перашкодаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў