Дэзерцірства польскага жаўнера, прысуд Пальчысу і патрабаванні Крамля. Галоўнае за 17 снежня


Belsat.eu падводзіць вынікі пятніцы, 17 снежня.

Польскі вайсковец Эміль Чэчка дэзерціраваў са сваёй вайсковай часткі, перайшоў мяжу папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі сцвярджаюць, што ён зрабіў гэта нібыта на знак пратэсту супраць палітыкі Польшчы ў міграцыйным крызісе. Неўзабаве на БТ з’явілася размова прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай з Эмілем Чэчкам, дзе дэзерцір зрабіў шэраг абсурдных заяваў.

Польскі бок пацвердзіл факт знікнення жаўнера. Міністр абароны Марыуш Блашчак заявіў, што зніклы вайсковец меў праблемы з законам. Праз дэзерцірства Чэчка былі адсунуты ад камандавання камандзір батарэі, камандзір узводу і камандзір аднаго з дывізіёнаў.

17 лістапада быў агучаны вырак палітвязню, блогеру Эдуарду Пальчысу – 13 гадоў пазбаўлення волі. У Берасці асудзілі яшчэ 12 чалавек па так званай «карагоднай справе»: 11 з іх атрымалі «хатнюю хімію», а Уладзіміру Гарбаўцу прысудзілі 2 гады «хіміі». У Менску арт-менеджара і дыджэя Аляксандра Багданава (Papa Bo) і сцэнографа Максіма Крука прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і пакаралі трыма гадамі «хіміі».

У судзе Шчучынскага раёну дзяржаўнае абвінавачванне запрасіла 3 гады зняволення блогеру Вадзіму Ермашуку (Vadimati), а ў судзе Завадскога раёну Менску – 1,5 гады зняволення для блогеркі Вольгі Такарчук.

Праваабаронцы таксама распавялі пра незвычайную крымінальную справу ў Берасці: Васіль Панасюк быў пакараны трыма месяцамі арышту за тое, што аблаяў Лукашэнку ў адным з мясцовых бараў. Як стала вядома падчас суду, берасцеец трапіў пад пераслед праз данос студэнта, які запісаў ягоныя размовы ў бары на аўдыё і выклікаў міліцыю.

Заснавальнік крамы Symbal.by Павел Белавус трэці раз запар быў пакараны адміністратыўным арыштам – цяпер на 7 содняў. Белавус знаходзіцца за кратамі ўжо больш за месяц, яго затрымалі 15 лістапада.

Таксама 17 снежня КДБ зладзіў серыю ператрусаў у дэлегатаў платформы «Сход», якую напярэдадні прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Аб’ектыў
У год народнага адзінства збіваюць, цкуюць, садзяць у турму
2021.12.17 21:50

«Кіберпартызаны» паведамілі, што партызанская група «Чорны Бусел» пры дапамозе дрону скінула ёмістасць з запальнай сумессю на вучэбны цэнтр унутраных войскаў у Валоўшчыне. Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў няма, але раней «Чорны Бусел» ужо ладзіў аналагічны напад на базу менскага АМАПу.

У Еўразвязе заявілі пра гатовасць прыняць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў выпадку неабходнасці.

Міністэрства замежных справаў Расеі апублікавала праект пагаднення паміж РФ і ЗША аб «гарантыях бяспекі». У прыватнасці, у Крамлі хочуць, каб NATO выключыла далейшае пашырэнне і любую вайсковую дзейнасць на тэрыторыі Украіны, а таксама іншых дзяржаваў Усходняй Еўропы, Закаўказзя і Цэнтральнай Азіі. Прэс-сакратарка Белага дому Джэніфэр Сакі ў сувязі з гэтым заявіла, што ЗША не плануюць адмаўляцца ад прынцыпу, паводле якога «усе краіны маюць права вызначаць сваю ўласную будучыню і вонкавую палітыку без умяшання звонку».

РР belsat.eu

Стужка навінаў