Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 267-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы рыхтуюцца да стральбы з мінамёта на лініі фронту. Украіна, 16 лістапада 2022 г.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай і на захадзе Луганскай вобласцяў ініцыятывай працягваюць валодаць Збройныя сілы Украіны. Міністэрства абароны РФ паведаміла пра спыненне наступу ЗСУ каля Навасёлаўскага, а таксама пра зрыў украінскіх атак у ваколіцах населеных пунктаў Каламыйчыха, Макееўка, Плашчанка, Чырвонапапоўка і Чырвоная Дзіброва.

Ваенкор Сямён Пегаў піша, што ўкраінскія сілы намагаліся прасунуцца каля Куземаўкі, былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін адзначае адбіццё атак ЗСУ з Купянскага кірунку, а таксама спробы ўкраінскага наступу на ўчастку Сватава – Крэмінная.

Расейскія вайскоўцы ў сваю чаргу беспаспяхова атакавалі каля Стэльмахоўкі і Белагораўкі. Паводле расейскага камандавання, у апошняй вайскоўцы 81-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ адмовіліся падпарадкоўвацца кіраўніцтву і выконваць баявыя задачы, у выніку чаго расстрэлам былі пакараныя 5 чалавек. Украінскі бок пакуль ніяк не пракаментаваў гэтую заяву.

Генеральны штаб ЗСУ паведаміў пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Верхнякаменскае, Салядар, Невельскае, Мар’інка і Первамайскае.

Мінабароны Расеі заяўляе пра ўзяцце пад поўны кантроль дарогі паміж населенымі пунктамі Паўлаўка і Нікольскае на поўдні Данеччыны. Пры гэтым расейскае камандаванне адзначае тры атакі ЗСУ на гэтым жа кірунку каля Прачыстаўкі, Вуглядару і Новаміхайлаўкі.

Сямён Пегаў паведамляе пра штурмавыя дзеянні расейцаў каля Вясёлага, Белагораўкі (Данецкая вобласць), Аўдзееўкі і Вадзянога.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша аб прасоўванні расейцаў у Вопытным, а таксама на паўднёвым усходзе Бахмуту, дзе цяпер працягваюцца цяжкія баі. ЗСУ ў сваю чаргу спрабуюць контратакаваць у Бахмуце і  перакідаюць у горад рэзервы дзеля стабілізацыі сітуацыі.

Інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap адзначае частковы поспех расейцаў у Вопытным.

Увечары 16 лістапада з’явіліся паведамленні пра аднаўленне баявых дзеянняў на лініі фронту ў Запарожскай вобласці. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч паведаміў пра пераход расейцаў у наступ каля Гуляйполя, якія плануюць далей выйсці да Паўлаграду і Васількоўкі, каб у выніку атачыць украінскія сілы на Данбасе. Пегаў гаворыць пра атаку Узброеных сілаў РФ на Вялікую Навасёлку, а таксама адзначае ўзаемныя артылерыйскія абстрэлы і канцэнтрацыю сілаў з абодвух бакоў. Між тым Deepstatemap не фіксуе расейскіх атак на Запарожжы.

Намеснік кіраўніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў паведаміў, што ў выніку апошніх наступаў на паўднёвым кірунку Збройныя сілы Украіны вызвалілі 198 населеных пунктаў і 5580 кв. км тэрыторыі.

У сталіцы Украіны выпаў першы снег, плошча Незалежнасці ў Кіеве. 17 лістапада 2022 г.
Фота: Ruslan KaniukaUkrinform / ddp images / Forum

Таксама 17 лістапада расейскія войскі нанеслі чарговы масіраваны ракетны ўдар па інфраструктуры Украіны. Гэтым разам выбухі прагучалі ў Адэскай, Кіеўскай, вобласцях, а таксама ў гарадах Вінніца, Умань, Львоў, Запарожжа, Паўлаград і Днепрапятроўск.

Кіраўнік украінскага энергетычнага прадпрыемства ДТЭК Дзмітрый Сахарук паведаміў, што каля 40% спажыўцоў у краіне застаюцца без электраэнергіі. Сітуацыя кантралюецца, але застаецца складанай, таму ўкраінцам варта рыхтавацца да доўгатэрміновых адключэнняў святла.

Украінскае камандаванне адзначае, што за содні было знішчана каля 400 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 83 110 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў