Польскі «Лідскі квас» перасталі вырабляць. Дзе цяпер у Польшчы купіць беларускія прадукты?


Яшчэ зусім нядаўна ў польскіх крамах можна было набыць «Лідскі квас», але цяпер ён знік. Складана знайсці  і родныя зефіркі ці морапрадукты, прасцей адшукаць іхныя замежныя аналагі. Беларускія прадукты трапляюцца ў рэдкіх «інтэрнацыянальных» крамах, але і ім няпроста купляць беларускае. 

Беларусам за мяжою не стае не толькі блізкіх людзей і родных мясцінаў, але часамі і банальных беларускіх прадуктаў. Мы пыталі чытачоў: адныя згадалі сала, кефір, згушчонку, каўбасу, глазураваныя сыркі, цукеркі, іншыя казалі, што ўсяму можна знайсці аналагі.

Hавiны
Чаго эмігрантам не стае за мяжой і што яны хочуць забраць назад у Беларусь? Спыталі чытачоў
2022.08.07 15:33

Што рабіць тым, каму смачныя польскія pierogi будуць горшымі за звычайныя беларускія пельмені проста таму, што яны не родныя?

Прасцей знайсці польскія аналагі ці пакаштаваць украінскае

Крамы з нацыянальнаю сімволікаю ці з беларускімі кнігамі ў Польшчы ёсць, таксама ёсць беларускія бары, ладзяцца беларускія фэсты… Але беларускія прадукты практычна адсутнічаюць у звычайных польскіх крамах, а спецыялізаваных з беларускімі харчамі ў Польшчы няма. Тут вам не Арменія, дзе ёсць такая крама.

Беларускія прадукты былі модныя ва Украіне да пачатку поўнамаштабнай вайны. Можа, будуць ва ўкраінскіх крамах?

Украінская крама «Best Market» недалёка ад цэнтру Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Не. Мы пашукалі – не знайшлі. Ёсць падобныя, няма беларускіх. Напрыклад, ёсць літоўскія крабавыя палачкі ці нідэрландская згушчонка, што выглядаюць як беларускія.

Прадукты ва ўкраінскай краме «Best Market» недалёка ад цэнтру Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат
Прадукты ва ўкраінскай краме «Best Market» недалёка ад цэнтру Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Вока чапляецца за зефір «Białoru…», але ён аказваецца мясцовым «бела-ружовым». У буйной украінскай краме ў Варшаве не знайшлося беларускіх прадуктаў.

Прадукты ва ўкраінскай краме «Best Market» недалёка ад цэнтру Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

У невялічкай краме ў прыгарадзе Варшавы – нават нечага падобнага да беларускіх, але не ўкраінскіх прадуктаў.

Украінская крама «Kozak» у прадмесці Варшавы. Прушкаў, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Хочацца даўгіх плоскіх чыпсаў, а палякі такіх не робяць? Купуйте українське – ва Украіне вырабляюць прадукты, падобныя да беларускіх, якіх не робяць у Польшчы, і завозяць іх ва ўкраінскія крамы.

Польскі «Лідскі квас» ужо не лідскі

Да 2022 года польская кампанія «KGH» вырабляла «Lidski Kwas Chlebowy» – копію «Лідскага квасу». Цяпер жа кампанія робіць квас з падобнай этыкеткай ды ідэнтычным складам, але ён ужо завецца «Słowiański». Але нават гэты квас рэдка трапляецца ў польскіх крамах.

Злева: квас «Lidsky» ў 2021 годзе. Справа: квас «Słowiański» ў 2022 годзе.
Фота: kghpolska.pl

Ці звязаны рэбрэндынг з санкцыямі, невядома: на пытанні «Белсату» кампанія «KGH» не адказала.  Кампанія «Лідскае піва» і яе фінскі ўласнік «Olvi» не паведамлялі ні пра супрацу з «KGH», ні аб прэтэнзіях да палякаў за незаконнае капіяванне «Лідскага квасу».

Беларускія прадукты ў Варшаве можна шукаць у крамах кухні розных народаў

Некалькі беларускіх тавараў можна знайсці ў польскіх крамах накшталт «Кухні свету». Адна з іх – «Nostalgia», што на вуліцы Злота за гандлёвым цэнтрам «Złote Tarasy», спецыялізуецца на таварах з постсавецкіх краінаў: Украіны, Расеі, Грузіі, Азербайджану. Там жа можна знайсці прадукцыю вытворчасці краінаў Еўразвязу, падобную да той, якая вырабляецца ў постсавецкіх краінах.

Там мы знайшлі сапраўдны беларускі квас – ад «Крыніцы».

Прадукты ў краме «Nostalgia» ў цэнтры Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Там жа ёсць і сапраўдныя морапрадукты «Санта-Брэмар» (паводле непацверджаных чутак, у Варшаве можна знайсці і самога ўладальніка кампаніі).

Прадукты ў краме «Nostalgia» ў цэнтры Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Ёсць яшчэ моцны беларускі алкаголь, але на гэтым усё: астатняе не з Беларусі.

Уладальніца крамы Ірына Стройна аказалася глядачкаю «Белсату». Яна расказала, што з пастаўкамі беларускіх прадуктаў цяпер цяжка: цешыцца, што ўдалося замовіць беларускі зефір, які мае прыехаць цягам тыдня. Беларускага «вельмі-вельмі» не стае, наракае яна: як бачыць цукеркі «Камунаркі», адразу бярэ. Што здабыла «Санта-Брэмар» – гэта «цуд над Віслай», кажа Ірына.

Раней у каталогах агулавых базаў можна было адшукаць больш. Купляць наўпрост з Беларусі цяпер «практычна нерэальна», хоць яшчэ да траўня пастаўкі ішлі без праблемаў. Цяпер Ірына Стройна бярэ тавары на нямецкіх, чэшскіх і нідэрландскіх базах. Яна тлумачыць, што цяжкасці з пастаўкамі звязаныя з польскімі правіламі і сертыфікатамі ды  пачаліся яны яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Тэарэтычна, у краме «Nostalgia» можна папрасіць, каб прывезлі канкрэтны прадукт. Але трэба будзе спраўджваць, ці здолеюць такі прадукт даставіць, і калі здолеюць – чакаць як мінімум два тыдні.

Крама «Nostalgia» ў цэнтры Варшавы, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

«Настальгія» выклікае канфлікты

Ірына Стройна расказвае, што яна на рынку дзявяты год, за гэты час неаднаразова сутыкалася з абурэннем пакупнікоў з адной краіны таварамі з іншай:

«Крама – гэта міжнародная арэна. Азербайджанцы прыходзяць і кажуць: вы не пішыце, што вада «Джэрмук» армянская, цяпер мы занялі Джэрмук, гэта азербайджанская вада. І не стаўце армянскага каньяку побач з азербайджанскім».

Джэрмук у верасні абстрэльвалі, але не захапілі: той канфлікт скончыўся хісткім замірэннем, Азербайджан не анексаваў тэрыторыі Арменіі.

Трывае вайна ва Украіне, і ўкраінцы, расказвае Ірына Стройна, абураюцца таварамі, на якіх бачаць расейскую мову, літаральна «кідаюцца пельменямі». Часамі патрабуюць ад прадавачак, каб яны размаўлялі па-ўкраінску. Было нават, што прасілі прымаць плацяжы ў грыўнях, але ж польская крама так не можа. Было і такое, што ўкраінцы абураліся на саладошчы ўкраінскай кампаніі «Roshen» – з чыста палітычных прычынаў, бо кампаніяй валодае былы прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Гэтыя «савецкія» пельмені ў краме «Nostalgia» зробленыя ў Нямеччыне. У немцаў ёсць спецыяльнае азначэнне «Ostalgie» – настальгія па «сацыялістычным мінулым» сярод былых жыхароў ГДР. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Разам з тым, крама мае партнёраў-украінцаў, працягвае ўладальніца «Nostalgia». Дый некаторыя ўкраінцы, якія гучна абураліся, працягнулі хадзіць па набыткі. Учынялі скандалы ў краме і польскія радыкальныя нацыяналісты. Паліцыя ўжо звыкла заязджаць у «Настальгію».

Паляўнічая на прадукты

Сама Ірына Стройна – грамадзянка Польшчы ды этнічная полька, але нарадзілася ў расейскім Паволжы і пераехала ў Польшчу больш за 30 гадоў таму. Яна згадвае, што ў першы год, калі адкрыла краму, яшчэ не вельмі ўпэўнена размаўляла па-расейску.

У краме цяпер працуюць дзве беларускі (адна – ужо некалькі гадоў, другая нядаўна ўцякла ад рэпрэсіяў), раней працавалі ўкраінцы, была адна казашка. Некаторых работнікаў даводзіцца выпраўляць на курсы польскай мовы перад тым, як пускаць да касы: раней палякі хадзілі ў краму часцей за ўкраінцаў ці беларусаў. Англійская і расейская мовы таксама абавязковыя: у краму заходзяць людзі з розных краінаў.

Больш за міжэтнічныя канфлікты Ірына Стройна хвалююць бізнесовыя праблемы. Халадзільнікі і маразільнікі патрабуюць шмат электрычнасці, а цэны на камунальныя паслугі растуць. Улетку Варшава пусцее, тры месяцы наведнікаў мала. Неўзабаве і падвышэннем падаткаў раптоўна могуць «прыдушыць». Яна рэзюмуе па-польску: «Generalnie nie jest kolorowo» – агулам не аптымістычна.

Беларуская марская капуста «Dalnewostochnaja» прыехала ў Польшчу з Нямеччыны. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Аб прадуктовых справах Ірына расказвае з азартам калекцыянеркі. Вось пачынала з балтыйскіх прадуктаў, а палякі больш за балтыйскія цукеркі любілі расейскія «Красный октябрь» і «Бабаевский», вось каўбасу «Малышка» вазілі раней з Беларусі, а цяпер яе робіць Эстонія, вось кукурузныя палачкі «Маша и медведь» купіла ў Нямеччыне, а яны аказаліся польскай вытворчасці… Было, што пакрыўдзілі фінаў, прапанаваўшы ім рыбу з Нідэрландаў. Аднойчы мужу-паляку прынесла «нармальную селядзец» – той сказаў, што смачная, папрасіў яшчэ і заліў воцатам («што ж зробіш, яны так звыклі!»).

«З маральным бокам я спраўляюся, не перажывайце», – запэўнівае ўладальніца «Nostalgia» і зноў наракае, што давядзецца або падымаць цэны, або закрывацца.

Калі б не эканамічныя праблемы, крама прыносіла б больш радасці. Ірына тлумачыць: у краму ходзяць вядомыя польскія артысты, у ёй закупаюцца адмыслоўцы ў кухні розных народаў, у міні-кавярні ў краме заседжваюцца польскія дактары. Хваліцца, што да яе ходзяць, бо толькі ў ейнай краме могуць знайсці пэўныя прадукты.

Агляд
Месяц таму Лукашэнка забараніў інфляцыю. Паглядзелі, што патаннела, падаражэла і знікла
2022.11.08 12:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў