Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі і Расеі


На пазачарговай генеральнай асамблеі Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў сяброўства Беларусі і Расеі. Прычына – няздольнасць абедзвюх краінаў выконваць свае абавязанні, паведамляе МПК на сваім сайце.

Беларускія спартоўцы на адкрыцці Паралімпіяды 2020 года ў Токіа, Японія.
Фота: Athit Perawongmetha / Reuters / Forum

Сяброўства Беларусі і Расеі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце прыпыненае. Гэта пастанавілі на пазачарговай генеральнай асамблеі МПК, што прайшла ў Берліне.

Абедзве краіны абвінавацілі ў «няздольнасці выконваць свае сяброўскія абавязанні ў адпаведнасці са статутам Міжнароднага паралімпійскага камітэту. Чальцы МПК мусяць рабіць усё, каб у паралімпійскім спорце панаваў дух сумленнай гульні, ахоўваліся бяспека і здароўе спартоўцаў і выконваліся асноўныя этычныя прынцыпы. Таксама забароненыя любыя дзеянні, што супярэчаць мэце або задачам Параліміпійскага камітэту ці пагражаюць пагаршэннем рэпутацыі МПК, паралімпійскага руху або паралімпійскага спорту, адзначаецца ў паведамленні МПК.

За прыпыненне сяброўства Беларусі прагаласавалі 54 дэлегаты, 45 – супраць, 18 устрымаліся. Сяброўства Расеі прыпынілі 64 галасамі за, 39 былі супраць, 16 устрымаліся.

Перагледзець гэтую пастанову можна будзе толькі на наступнай генеральнай асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэту, якая збярэцца ў апошнім квартале 2023 года.

Прэзідэнт МПК Эндру Парсанз адзначыў, што перад галасаваннем у дэлегатаў была магчымасць правесці дыскусію, а прадстаўнікам Беларусі і Расеі – абараніць сваю пазіцыю.

«Сітуацыя, з якой цяпер сутыкаецца свет спорту, вельмі напружаная і складаная. Я спадзяюся і малюся за тое, каб канфлікт ва Украіне як мага хутчэй скончыўся, каб мір быў забяспечаны і каб больш не было гібелі ні ў чым не вінаватых людзей», – сказаў Парсанз.

Летась у сакавіку Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў беларускіх і расейскіх спартоўцаў ад удзелу ў Гульнях у Пекіне. Парсанз тады казаў, што паралімпійцы сталі ахвярамі дзеянняў сваіх уладаў.

Hавiны
Паралімпійскія гульні – упершыню ў гісторыі без спартоўцаў Беларусі і Расеі
2022.03.05 14:57

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў