Беларуская эканоміка працягвае скарачацца


У студзені – кастрычніку валавы ўнутраны прадукт Беларусі склаў 159 млрд рублёў, гэта на 4,7 % менш, чым было год таму за гэты ж перыяд, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Спад зафіксаваны ў прамысловасці, транспарце, гандлі. Падтрымлівае пакуль што айчынную эканоміку сельская гаспадарка.

На Жабінкаўскі цукровы завод дастаўляюць буракі, з якіх потым зробяць цукар.
Фота: sahar.by

Валавы унутраны прадукт (ВУП) падае ва ўсіх вобласцях. У невялікім плюсе толькі Менск – 1,3 %. Затое ў Менскай вобласці самае большае падзенне – на 15,8 %.

Прамысловай прадукцыі за 11 месяцаў вырабілі на 138,8 млрд рублёў, што менш за леташні ўзровень на 5,9 %. Апрацоўчая прамысловасць, на долю якой прыпадае асноўны аб’ём, абвалілася на 6,8 %. У плюсе горназдабыўчая, нягледзячы на санкцыі ў дачыненні калійнай галіны. Там рост 2,3 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым Белстат падкрэслівае, што ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем абʼём прамысловай вытворчасці вырас – на 1,5 %.

Беларусы сталі купляць менш тавараў – раздробнае тавараабарачэнне знізілася ў студзені – кастрычніку гэтага года на 2,4 % у параўнанні са студзенем – кастрычнікам мінулага і склала 51,6 млрд рублёў.

У аптовым звяне падзенне яшчэ большае – 17,4 % (да 112,2 млрд рублёў). Затое няма падзення ў грамадскім харчаванні. Рост у гэтай сферы 1,9 % (3,4 млрд рублёў) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Аб’ектыў
Яраслаў Раманчук: «Падставаў для таго, каб расла эканоміка няма»
2022.10.31 21:34

Падзенне ў студзені – кастрычніку зафіксавала статыстыка і ў транспартнай сферы. Грузаабарачэнне транспарту абвалілася на 25,3 % (74 417,4 млн т км), на 2,4 % менш перавезена пасажыраў (1254,5 млн чалавек), аднак перасоўваліся яны на больш далёкія адлегласці, бо пасажыраабарачэнне транспарту вырасла на 2 % (17 437,7 млн пас. км).

Падтрымлівае беларускую эканоміку сельская гаспадарка. Абʼём вытворчасці ў гэтай сферы за 11 месяцаў года вырас на 3,5 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да 29,6 млрд рублёў.

Як раней адзначалі эксперты Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР), менавіта рост вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, выкліканы добрым ураджаем, стаў прычынаю запаволення тэмпаў падзення беларускай эканомікі, пачынаючы са жніўня.

Нагадаем, што самае вялікае зніжэнне ВУП у гэтым годзе было зафіксавана па выніках студзеня – ліпеня – 5, 2 %. Падзенне месяц да месяца (ліпень гэтага года да ліпеня папярэдняга) было яшчэ большае – 10, 1 %. Ужо паводле вынікаў жніўня зніжэнне складала 4,9 %, а два апошнія месяцы яно трымаецца на адным узроўні – 4,7 % да выпнікаў аналагічнага перыяду мінулага года.

Эксперты ЕАБР у сваім прагнозе адзначалі, што з завяршэннем уборкі ўраджаю ў сельскай гаспадарцы пазітыўны ўплыў гэтага паказніка будзе змяншацца, і тэмпы падзення эканомікі зноў могуць паскорыцца.

Згодна з планамі ўраду, ВУП Беларусі ў 2022 годзе павінен вырасці на 2,9 % у параўнанні з 2021 годам. Паводле апошняга прагнозу МВФ, эканоміка Беларусі ў гэтым годзе скароціцца на 7 %. Аналітыкі ЕАБР мяркуюць, што падзенне складзе 5–6 %.  Прычына – санкцыі, уведзеныя ў дачыненні вядучых сфераў эканомікі – нафта- і дрэваперапрацоўкі, транспартнай і калійнай галінаў – у сувязі з падтрыманнем уладамі расейскай ваеннай агрэсіі.

Hавiны
У Беларусі скараціліся грузаперавозкі, раздробны гандаль і прамысловая вытворчасць
2022.10.17 21:51

Гелена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў