«Ён не зʼяўляецца прэзідэнтам». У ЕЗ выказаліся наконт патрабаванняў Лукашэнкі


У ЕЗ не лічаць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам і не бачаць падставаў для адмены санкцыяў супраць рэжыму.

Сёння міністарка замежных справаў Эстоніі Эва-Марыя Лійметс распавяла, што Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Захад прызнаў яго прэзідэнтам і зняў санкцыі ў абмен на спыненне міграцыйнага крызісу. Лійметс сцвярджае, што гэта стала вядома ў выніку размовы паміж Лукашэнкам і Ангелай Мэркель.

Лукашэнка ўручае кветкі канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель. 11 лютага 2015 г. Фота president.gov.by

Прадстаўнік Еўрапейскай службы вонкавапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана ў інтэрв’ю Zerkalo.io так пракаментаваў выстаўленыя ўмовы:

«Я магу толькі паўтарыць, што Лукашэнка не мае легітымнасці і, на нашу думку, ён не зʼяўляецца прэзідэнтам пасля таго, як маніпуляваў выбарамі. Ён можа быць прызнаны прэзідэнтам толькі ў тым выпадку, калі будзе абраны на свабодных і сумленных выбарах пад міжнародным назіраннем і ў выніку рашэння большасці беларускага народу. Цяпер гэтага не адбываецца.

Адмена існых санкцыяў магчыма, калі знікнуць прычыны, па якіх мы іх увялі. То бок, як толькі спыняцца рэпрэсіі супраць беларускага насельніцтва, як толькі правы і свабоды беларускага народу пачнуць паважацца, усе затрыманыя за мірныя дэманстрацыі супраць рэжыму і палітычныя зняволеныя будуць вызваленыя, як толькі судовая сістэма перастане выкарыстоўвацца для пераследу палітычных апанентаў, як толькі незалежным СМІ будзе дазволена зноў працаваць, як толькі вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека, катаваннях, смерці пратэстоўцаў будуць прыцягнуты да адказнасці, як толькі спыніцца інструменталізацыя міграцыі.

Так што ўсё фактычна знаходзіцца ў руках Лукашэнкі, і адзінае, што патрабуецца, гэта яго дзеянні і скасаванне ўсіх парушэнняў, якія адбываюцца да гэтага часу і якія прымусілі нас увесці санкцыі».

Аб’ектыў
Вымушаныя перамовы
2021.11.16 22:55

РР belsat.eu

Стужка навінаў