Удар па еднасці Еўропы. Мэркель адкрыла скрыню Пандоры

Тэлефонную размову Мэркель і Лукашэнкі Польшча ўспрыняла як вялікую памылку.

Расчараванне і здзіўленне. Такія ўражанні пануюць у Варшаве пасля тэлефанавання Ангелы Мэркель да Аляксандра Лукашэнкі.

Ангела Мэркель.
Фота: European People’s Party / Flickr

– Гэтыя палітыкі ўзурпуюць права размаўляць у інтарэсах усёй Еўропы, – пракаментаваў навіну былы кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі.

– Мэркель ударыла па еўрапейскай салідарнасці, – кажа Вашчыкоўскі. Але здзіўлення не хаваюць нават дзейныя прадстаўнікі польскага ўраду.

– Гэта заўчасныя размовы, кажучы пра Мэркель і Лукашэнку. І адначасова прашу звярнуць увагу на тое, што пратакольным адпаведнікам канцлера ёсць прэмʼер Беларусі, а не прэзідэнт. Прэзідэнт павінен размаўляць з прэзідэнтам, канцлер з прэмʼерам. Гэта, на жаль, можа быць выкарыстана Лукашэнкам як элемент легітымізацыі, – выказаў меркаванне намеснік кіраўніка польскай дыпламатыі Марцін Пшыдач.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты збіраюцца для атрымання гуманітарнай дапамогі на беларуска-польскай мяжы. 14 лістапада 2021 года.
Фота: Аксана Манчук / БЕЛТА / TASS / Forum

Такіх меркаванняў польскіх палітыкаў – дзясяткі, а можа, і сотні. Падобна глядзяць на сітуацыю і польскія эксперты, якія займаюцца даследаваннямі нашага рэгіёну.

– Незалежна ад таго, хто каму тэлефанаваў, рэжым у Менску дасягнуў адной з мэтаў – змусіў Берлін да перамоваў і прызнання яго de facto. І гэта дрэнная навіна, – ацаніў сітуацыю Войцех Каноньчук з Цэнтру ўсходніх даследаванняў (OSW).

Абурэння не хаваюць і польскія публіцысты, якія звяртаюць увагу: у Беларусі сотні палітвязняў, шанцы на вызваленне якіх змяншаюцца, бо Лукашэнка пакуль не адчувае перавагі Еўропы. Наадварот, падаграваючы сітуацыю на мяжы з Польшчай, ён змусіў кіраўніка галоўнай краіны ў Еўразвязе да асабістай размовы. І варта заўважыць, што гэтая размова не датычыць вызвалення палітвязняў ці дыялогу рэжыму з грамадствам. Не, гэта пытанне толькі міграцыйнага крызісу, гуманітарнай катастрофы, справакаванай Лукашэнкам.

Hавiны
Польская паліцыя лічыць, што ў нападзе на пераход «Кузніца» ўдзельнічалі беларускія сілавікі
2021.11.17 10:57

І гэта не ўсё. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Барэль апошнія дні ўжо двойчы тэлефанаваў Уладзіміру Макею. На гэта менш звяртаецца ўвагі, але гэта не менш легітымізуе ўрад Лукашэнкі. І выглядае дзіўна, з увагі на тое, што менавіта Пуцін выказаў спадзеў на пачатак наўпроставых размоваў паміж ЕЗ і Менскам.

Польшча, за выняткам асобных эксцэнтрычных палітыкаў, выступае супраць наўпроставага дыялогу з Лукашэнкам, бо такі дыялог азначаў бы капітуляцыю і перакрэсліў бы ўсё, што зрабіла Варшава за апошні год дзеля падтрымання дэмакратычнай супольнасці Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ў пункце пропуску «Брузгі – Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

Але гэта не азначае, што падобны кансенсус ёсць у іншых краінах Еўразвязу. Больш за тое, размоваў з Лукашэнкам не выключае нават Гітанас Наўседа – прэзідэнт Літвы, у якой месціцца офіс Святланы Ціханоўскай і мае там дыпламатычны статус. Скрыня Пандоры адамкнутая, размовы з дыктатарам ужо не табу, бо з ім гаварыла канцлер асноўнай краіны ў ЕЗ.

Чарговыя тэлефанаванні Лукашэнку будуць катастрофай для беларускага дэмакратычнага руху. Ці магчымыя яны? Калі будзе чарговая эскалацыя сітуацыі на мяжы – магчыма ўсё. Але Польшча тэлефанаваць Лукашэнку не будзе дакладна, бо для Варшавы гэта ўжо асабістая справа, справа прынцыпу. Гэтага не зразумелі б палякі Анджэй Пачобут і Анджэліка Борыс, якія сядзяць у вязніцы за нашу і вашу свабоду.

Інфаграфіка
Колькі каштуе сабрацца на мяжу? Пачыталі парады з мігранцкіх каналаў
2021.11.16 10:23

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў