СК распачаў справу супраць польскіх сілавікоў паводле артыкулу «злачынства супраць чалавецтва»


Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні польскіх сілавікоў, якія 16 лістапада адбівалі напад мігрантаў на пераходзе Брузгі-Кузніца, як «злачынства супраць бяспекі чалавецтва».

У СК сцвярджаюць, што польскія сілавікі падчас падзеяў 16 лістапада выкарыстоўвалі слезацечны газ, вадамёты і святлошумавыя гранаты. Праз гэта Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па арт.128 КК («Злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Масавыя акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай і этнічнай прыналежнасцю»).

Hавiны
Стала вядома, якія ўмовы спынення памежнага канфлікту выставіў Лукашэнка Захаду
2021.11.17 11:20

Учора, 16 лістапада, група мігрантаў на пераходзе Брузгі-Кузніца атакавала польскіх памежнікаў, спрабуючы незаконна прарвацца на тэрыторыю Польшчы. Нападнікі кідалі ў польскі бок камяні і прадметы, падобныя на святлошумавыя гранаты. На відэа, што апублікавала Міністэрства абароны Польшчы, відаць, што за спінамі мігрантаў стаялі беларускія сілавікі, якія не давалі ім адысці ад мяжы. Спыніць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ўдалося пасля таго, як польскія службоўцы выкарысталі слезацечны газ і вадамёт. Пацярпелі 12 польскіх службоўцаў.

Польская паліцыя сцвярджае, што атака мігрантаў была падрыхтаваная і спланаваная ўладамі Беларусі. Галоўны камендант паліцыі Яраслаў Шымчык лічыць, што людзі, якія спрабавалі прарваць мяжу, прайшлі навучанне ў Беларусі, яны мелі спецсродкі, а сярод самых агрэсіўных з іх былі беларускія сілавікі.

  • Нагадаем, з лета 2020 года тысячы беларусаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі беспадстаўнага гвалту сілавікоў і мэтанакіраваных катаванняў. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі, ніякага расследавання нават не праводзілася.

РР belsat.eu

Стужка навінаў