Сфармаваў густ пакалення беларусаў. Якім быў «той-самы-Філімонаў-з-Відзьмо-невідзьмо»


У ноч на 17 лістапада стала вядома пра смерць тэлевядоўцы Сяргея Філімонава – аўтара перадачы «Відзьмо-невідзьмо». Яго знаёмыя кажуць, што ён ляжаў у лякарні з каронавірусам. Пра час і месца развітання абяцаюць паведаміць пазней: пакуль цела не могуць выдаць праз высокую загружанасць у сувязі з пандэміяй.

Сяргей Філімонаў, 2016 год.
Фота: Белсат

Сяргей Філімонаў расказваў, што «Відзьмо-невідзьмо» пачалося з ягонай асабістай цікавасці да «буржуазнай» культуры, фірмовы вініл «The Dark Side of the Moon» гурту «Pink Floyd» ён займеў у калекцыі ў канцы 1973 года, а гэты альбом выйшаў у сакавіку таго ж года. Надзейны доступ да заходняй культуры ў СССР быў у «байцоў ідэалагічнага фронту» – будучы аўтар «Відзьмо-невідзьмо» адвучыўся на гістарычным факультэце БДУ, у 1981 годзе атрымаў спецыяльнасць «крытыка буржуазнай культуры і прапагандыста навуковага камунізму».

Філімонаў згадваў, што фарцаваў музыкай з 15 гадоў, у пачатку 1990-х трымаў у Менску пункт відэапракату. У той жа час Белтэлерадыёкампанія шукала кагосьці, хто мог бы стаць «медыяперсонай». З другой спробы атрымалася: у культурнай тусоўцы, што збіралася ў падземным пераходзе метро «Акадэмія навук» нарадзілася ідэя тэлеперадачы пра кіно і музыку.

«Відзьмо-невідзьмо» выходзіла на БТ з 1992 года па 2002-гі. Філімонаў заставаўся на дзяржаўнай тэлевізіі адным з апошніх беларускамоўных вядоўцаў – гэта была прынцыповая пазіцыя, ён называў сябе «апошнім з магіканаў». БТ спыніла выпуск перадачы і разарвала дамову з Філімонавым, але перадача пераехала на дзяржаўны тэлеканал СТВ да 2011 года.

Тыповы выпуск «Відзьмо-невідзьмо» з сярэдзіны 1990-х можна паглядзець тут.

Віцэ-дырэктар тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі кажа, што для пакаленняў людзей, якія глядзелі тэлевізар у 1990-х, Філімонаў – асоба легендарная.

«Гэты голас, гэтая перадача «Відзьмо-невідзьмо» былі вельмі важныя, асабліва калі не было такога доступу да фільмаў і музыкі, як цяпер у інтэрнэце, – згадвае Дзікавіцкі. – Гэтую праграму заўсёды чакалі».

Апошні выпуск «Відзьмо-невідзьмо» выйшаў на дзяржаўнай тэлевізіі 24 ліпеня 2011 года. Дзікавіцкі кажа, што даведаўся пра гэта ад дыктаркі Зінаіды Бандарэнкі: яна расказала, што Філімонава звольнілі з тэлевізіі, што трэба дапамагчы. Было «натуральным» запрасіць яго на «Белсат», тлумачыць Дзікавіцкі. Ад восені 2012 года «Відзьмо-невідзьмо» выходзіла на «Белсаце».

«Як кожная таленавітая асоба, ён не быў простым чалавекам у супрацы, але гэта заўсёды быў чалавек высокаінтэлегентны, абазнаны, начытаны, – дадае Дзікавіцкі. – Чалавек, з якім заўсёды было прыемна весці размовы на розныя тэмы, у тым блізкія мне – цяжкой музыкі, у якой ён таксама быў абазнаны, у тым ліку ў навінках.

З павагі да спадара Філімонава я папрасіў яго, каб ён перайшоў са мной на «ты», а я б казаў яму «вы». Ён катэгарычна адмовіўся: сказаў, што не, таксама з павагі да сваіх калегаў ніколі не пераходзіць на «ты».

Апошні выпуск «Відзьмо-невідзьмо» выйшаў на «Белсаце» зімой 2019 года.

Тэлевядоўца, паэтка і кіназнаўца Валярына Кустава кажа, што смерць Сяргея Філімонава – вялікая страта не толькі для ягоных калегаў, але для ўсёй беларускай культуры, беларускай тэлевізіі, кіназнаўства і мастацтвазнаўства. Філімонаў быў для яе ў тым ліку настаўнікам, падтрымліваў ейныя праекты, ставіўся да маладых з «падкрэслена шляхетнай павагай і бацькоўскім настаўнічаннем», кажа яна.

«Сяргеем Філімонавым я захаплялася, глядзела ягоныя праграмы з самага-самага маленства, калі яшчэ была дашкалёнкам, – расказвае Кустава. – Заўсёды з вялікай цікавасцю, захапленнем ягоным прафесіяналізмам, ягонай дасведчанасцю. Я думаю, ягоныя праграмы застануцца ў нашай культуры, у гісторыі нашай тэлевізійнай культуры. Нездарма ягоная праграма існавала некалькі дзесяцігоддзяў.

Сяргей Філімонаў застанецца культавай постаццю для беларускай культуры, глыбокім знаўцам. Мы ўсе вельмі ўдзячныя яму за тое, што ён прышчапляў добры густ усім нам, нашаму пакаленню, маладым беларускім інтэлігентам».

Кустава дадае, што ў Філімонава была цікавая пазіцыя аб тым, што беларускую культуру можна даносіць не толькі праз сур’ёзнасць і дасведчанасць, але і праз лёгкасць і крэатыўнасць таго, як культуру падаваць.

Сяргей Філімонаў. Фота з асабістага архіву

«Які гэта быў год? Хто яго ведае, – згадвае журналіст і сябра Філімонава Аляксандр Чарнуха. – Мы сядзелі ў кватэры ў Сяргея, пілі каньяк і трындзелі пра ўсё на свеце. Ну, як трындзелі… Гаварыў пераважна Сяргей, я сядзеў з раскрытым ротам і лавіў флэшбэкі са шчаслівага дзяцінства, бо гэты голас не зблытаеш ні з якім іншым – вы і самі дакладна гэта ведаеце.

Сяргей гарэзліва ўсміхаўся, ставіў класіку кшталту «Weasels Ripped My Flesh» і гаварыў. Пра музыку, пра хіпанскае жыццё ў Маскве, пра еўрапейскія эратычныя прыгоды – слухаць яго было заўжды цікава, пра што б ён не распавядаў. Былі толькі маленькія брэйкі на ёгу. Філімонаў уважліва сачыў за сваім ментальным і фізічным здароўем, таму заўсёды выглядаў жвава, а ягоныя вочы ўсміхаліся навакольнаму свету нейкім зусім дзіцячым энтузіязмам.

Філімонаў любіў хуліганства. Для яго не існавала аўтарытэтаў ці ўмоўных канонаў. Ён мог адзначыць таленавітую працу, а мог назваць гаўно гаўном. І гэта было цалкам натуральна і інтэлігентна: нават тэлефонныя жартачкі, калі ты казаў яму «здрасьте», а ў адказ чуў «п***асьте» у слухаўку, выклікалі толькі ўсмешку.

Сяргей любіў пачаставаць смачнай вячэрай, а пасля – травіць свае гісторыі пра ведзьмінскія рытуалы і чакры, пра псіхадэлічны рок і Кронэнберга, пра партыйнае выхаванне і Элеанору Язерскую – ну, ведаеце, як гэта бывае: гісторыя пачынаецца з берлінскага клуба «KitKat», працягваецца спадчынай Фрэнка Заппы, а ў нейкі момант ты ўжо слухаеш захапляльную лекцыю пра «Jefferson Airplane» і іх уплыў на сучасную музыку. Потым Сяргей крэпка цісне табе руку, глядзіць прама ў вочы і знікае. І ты думаеш, ці то вы сапраўды сядзелі зараз у кавярні з тым-самым-Філімонавым-з-Відзьмо-невідзьмо, ці то гэта проста быў твой вельмі асабісты трып.

У мяне ад Сяргея застаўся дыван. Круты дыван, дарэчы. І стос успамінаў і захапляльных размоў. У нас усіх ад Сяргея застаўся архіў «Відзьмо-невідзьмо» і тое самае «Вітаю, шаноўнае спадарства» як прыклад якаснага тэлебачання, як прыклад апантанай прагі да ведаў, як прыклад цудоўнай мовы, як прыклад выбітнага чалавечага жыцця. Дзякуй за ўсё, сябра!»

На Facebook многія згадваюць, што Філімонаў часта публічна адмаўляў небяспеку каронавірусу і быў праціўнікам вакцынацыі, нашэння масак і абмежаванняў у пандэмію. Паводле словаў яго знаёмых, ён памёр ад наступстваў COVID-19.

Вакцынуйцеся, насіце маскі, вытрымлівайце сацыяльную дыстанцыю!

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

АА belsat.eu

Стужка навінаў