Працаўнік «Горадня Азоту»: Бяруць любых людзей, хто прыходзіць уладкоўвацца…


«Страйк здарыцца толькі тады, калі рабочым перастануць плаціць. Калі яны адчуюць недахоп сродкаў. Людзі не падтрымліваюць Лукашэнкі. Усе стаміліся ад ягонай улады», – пра гэта карэспандэнтцы belsat.eu Арыне Маліноўскай распавёў Міхаіл (імя змененае дзеля бяспекі нашага суразмоўцы), які дасюль афіцыйна не звольнены з «Горадня Азоту».

Забастоўка працаўнікоў «Горадня Азоту». Горадня, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

«Заробак нам пасля выбараў адразу паднялі (відаць, забаяліся адтоку кваліфікаваных спецыялістаў) і нават заплацілі нейкую прэмію. Ну, у цэлым можна сказаць, што зарплата падрасла ў беларускіх рублях. Дапусцім, было 1000, стала 1300. Выплачвалі так да Новага года.

Аб’ём працаў павялічыўся, але праз тое, што людзі хварэюць на каронавірус. Трэба было працаваць за тых, хто ішоў на бальнічныя. Людзі абмяркоўваюць стаўленне да каронавіруса, што не робяць тэстаў. А каб зрабілі тэст, табе адных тваіх сімптомаў недастаткова. Трэба ісці і рабіць здымкі, КТ, каб праз гэта пацвердзілі, толькі пасля гэтага дадуць накіраванне на гэты ПЛР-тэст».

Інтэрв’ю
Эксперты тлумачыць, ці варта вырабляць беларускую вакцыну ад каронавіруса
2021.11.17 10:00

Наш суразмоўца кажа, што цяпер на персанал адкрыта ніхто не цісне. Напрыклад, калі прапаноўвалі падпісваць лісты супраць санкцыяў, можна было спакойна адмовіцца. Але кантроль персаналу ўсё ж адчувальна ўзмацніўся.

«Мы бачылі, што кіраўніцтва пачынае шукаць нейкія абыходныя шляхі. Шукаць нейкіх новых дастаўнікаў. Ліст хадзіў супраць санкцыяў. Але ніхто не прымушаў яго падпісваць. Ну і ніхто за яго не падпісаўся. Можа, пару чалавек. Тры-чатыры чалавекі з цэху. Але любы працаўнік мог адмовіцца падпісваць. А вось кантроль узмацніўся, гэта дакладна. Але так асабліва не сказаць, што ён бачны. Ну, ты заўважаеш, што пачынаюць хадзіць па холах, правяраюць, як вісяць гэтыя газеты розныя праўладныя. Заходзяць на ЦПК, правяраюць. Я думаю, што яны самі выдатна разумеюць, у іх задача, каб людзі не выказваліся, а проста маўчалі. Каб не было ніякіх актыўных дзеянняў. Вось у іх такая праца. Пакуль ты сядзіш моўчкі, на цябе ніхто нават не будзе звяртаць увагі».

Рабочыя каля прадпрыемства «Горадня Азот». Фота ад чытачоў «Белсату»

Паводле нашага суразмоўцы, цяпер адкрытых размоваў пра страйкі ў калектывах няма, хоць стаўлення ды сітуацыі ў краіне людзі не змянілі. Яны ўсе ўпэўненыя, што пакуль на страйкі спадзявацца не варта. Не бачаць магчымасці нават для так званага італьянскага страйку: гэта калі выконваеш сваё абавязкі марудна або выключна паводле інструкцыі.

«Усе ў негатыўным настроі. Усе хочуць пераменаў, усе стаміліся. Але адкрыта ніхто не хоча выказвацца. Бо за кожнае іншадумства да цябе могуць прыйсці, зацікавяцца табой органы. Таму ўсе сядзяць, робяць выгляд, што яны тут ні пры чым. Хоць наўме ў іх канкрэтныя ёсць думкі і мэты. Страйкі абмяркоўваюць. Але наважацца на іх нямногія. Вялікая колькасць – гэта людзі, старэйшыя за 45–50 гадоў. Яны разумеюць, што жыццё сваё яны ўжо змяніць не здолеюць. У некаторых ёсць яшчэ крэдыты на кватэры. Таму, маўляў, яны не хочуць гэтага. А моладзь, якая ўладкоўваецца на завод, хутка звальняецца. Я думаю, што страйк здарыцца толькі тады, калі рабочым перастануць плаціць. Калі яны адчуюць недахоп сродкаў. Дый італьянскі страйк ты на гэтым заводзе не зможаш зрабіць. Бо абсталяванне працуе без удзелу працаўнікоў. А аператары вымушаныя рабіць тыя ці іншыя аперацыі паводле тэхналагічнага працэсу».

А ці ёсць сярод рабочых тыя, хто актыўна падтрымлівае Лукашэнку?

«Ну, такіх канкрэтна я не бачыў. Ёсць іншыя, якія кажуць: «А вы ўпэўненыя, што прыйдзе іншая ўлада і будзе лепш?» Ну, гэта ў асноўным такія, якія сядзяць на інжынерных пасадах. У якіх зарплаты пад 3000 беларускіх рублёў. Маўляў, яны будуць маўчаць і рабіць працу сваю, бо такой зарплаты не будзе дзесьці на іншым прадпрыемстве».

Інтэрв’ю
Былы працаўнік «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч: Прадпрыемствам кіруюць сілавікі
2021.11.08 10:19

«Прымушаюць выходзіць з незалежнага прафсаюзу. Ведаю людзей, якія былі ў прафсаюзе, і ім не падаўжалі кантрактаў праз тое. І людзі некаторыя выходзілі з прафсаюзу. Кагосьці пакідалі, а кагосьці ўсё роўна звольнілі. Ён выйшаў з прафсаюзу, а яго ўсё роўна звольнілі. І я б не сказаў, што ўсіх пачысцілі. Цяпер яны тузаюць кропкава, каб не відаць было, што людзей не стае на заводзе. Бяруць любых людзей, хто прыходзіць уладкоўвацца: студэнты, якія скончылі каледжы, універсітэты. Ёсць тыя, што проста з вуліцы прыйшлі. А іх трэба вучыць усіх. Зразумела, што ў іх няма досведу, яны не змогуць працаваць. Пакуль што завод трымаецца на тых людзях, якія там яшчэ засталіся».

Інтэрв’ю
«Працуем на поўную магутнасць». Паразмаўлялі з дзейным працаўніком «Беларуськалію»
2021.11.16 11:16

АМ belsat.eu

Стужка навінаў