МЗС Польшчы: Палітыка Варшавы не зменіцца праз шантаж Менску


Ці магчымае далейшае супрацьстаянне на польска-беларускай мяжы, і як афіцыйная Варшава ацэньвае тэлефанаванне канцлеркі Нямеччыны ў Менск? На гэтыя пытанні «Белсату» адказаў віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ля намётавага лагеру каля пункта пропуску «Брузгі – Кузніца» на беларуска-польскай мяжы. 16 лістапада 2021 года.
Фота: Belarus State Border Committee / TASS / Forum

Напярэдадні, 16 лістапада, нерэгулярныя мігранты з беларускага боку беларуска-польскай мяжы закідвалі польскіх памежнікаў і паліцыянтаў камянямі і святлошумавымі гранатамі, тыя адказалі вадамётамі, а беларускія сілавікі ніяк не спынялі закалотаў. Праз тры гадзіны «штурму» мігранты сышлі на месца старога лагеру ў лесе. Польскі бок заяўляе, што атаку каардынавалі беларускія сілавікі. Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне вяло жывую трансляцыю беспарадкаў.

Сітуацыю на памежным пераходзе Брузгі – Кузніца каментуе віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

– Як вы можаце пракаментаваць абвастрэнне на польска-беларускай мяжы, і з чым, на вашую думку, гэта можа быць звязана?

– Мы назіраем за вельмі небяспечнай сітуацыяй, чарговы натоўп мігрантаў, якія мэтанакіравана былі сцягнутыя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, спрабуюць нелегальна перайсці дзяржаўную мяжу. Яны паводзяць сябе больш агрэсіўна, упэўненасці ім надаюць і дзеянні беларускіх спецслужбаў. Цяпер мігранты маюць дадатковыя інструменты, якія могуць дапамагчы ім перайсці мяжу. Мы глядзім на гэта як на чарговую эскалацыю крызісу з боку беларускага рэжыму. Упэўнены, што большасць беларусаў таксама назіраюць за гэтым з трывогаю.

Марцін Пшыдач.
Фота: Darek Golik / Forum

– Мігранты пачалі атакаваць польскіх памежнікаў, ёсць нават пацярпелыя ў выніку ўчорашняй спробы прарыву дзяржаўнай мяжы. Як вы мяркуеце, чаму менавіта ўчора адбыўся канфлікт на памежным пераходзе?

– Думаю, гэта вынікае з вонкавай сітуацыі. Аляксандр Лукашэнка зразумеў, што не зможа змяніць палітыку Польшчы і іншых краінаў ЕЗ. Таксама і Уладзімір Пуцін, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, зразумеў, што не ўдалося падзяліць Еўрапейскі Звяз і NATO. 27 еўрапейскіх дзяржаваў разам стаяць за Польшчай, падтрымліваюць Польшчу і выказваюць салідарнасць. То бок, паўплываць на палітыку еўрапейскіх краінаў не ўдалося, а мігранты ўжо на беларускім баку, і, я падазраю, беларускія спецслужбы хочуць як мага хутчэй папросту выпхнуць гэтых людзей і, так бы мовіць, пазбавіцца праблемы, якую рэжым Лукашэнкі сам сабе стварыў.

Адзіным выйсцем з гэтай сітуацыі зʼяўляецца заканчэнне гібрыднай аперацыі, якую Аляксандр Лукашэнка праводзіць супраць Еўразвязу, і тым шляхам, як беларускі рэжым транспартаваў мігрантаў у Беларусь, тым жа шляхам беларускі бок мусіць гэтых людзей адправіць назад дадому. Напэўна, гэтыя людзі будуць хацець вярнуць свае грошы, яны былі падманутыя, але гэта ўжо праблемы і выклікі Аляксандра Лукашэнкі.

– Ці тэлефанаванне Ангелы Мэркель да Аляксандра Лукашэнкі – праява слабасці ЕЗ? Шмат чуем каментароў, што кантакты палітыка такога ўзроўню з Лукашэнкам – гэта праява таго, што Менск дамогся таго, чаго хацеў.

– Для нямецкага боку, як было пададзена ў афіцыйнай заяве Берліну, гэта была размова канцлера Мэркель са спадаром Лукашэнкам. Не было заяўлена, што размова была з прэзідэнтам. Натуральна, што гэты чалавек выклікае вялікія праблемы ў рэгіёне, але няма нават гаворкі пра тое, каб яго прызнаць лідарам Беларусі, пасля сфальсіфікаваных выбараў. Адначасова, варта пра гэта таксама памятаць, учора было прынятае рашэнне аб новым пакеце санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Гэтыя санкцыі падтрымалі, сярод іншых, Нямеччына і Францыя, то бок няма змены еўрапейскай палітыкі ў стаўленні да афіцыйнага Менску. Я магу сказаць адносна палітыкі Варшавы – нашае стаўленне не зменіцца праз шантаж Менску. На жаль, новыя санкцыі будуць адчувальныя для беларускага грамадства, але віна за гэта ляжыць на Аляксандру Лукашэнку. Ягоная палітыка вядзе да далейшай ізаляцыі Беларусі і да росту залежнасці ад Расеі.

Аналітыка
Капітуляцыя ці «бяспройгрышная траекторыя»? Што кажуць пра размову Мэркель і Лукашэнкі
2021.11.16 14:49

– Калі мы гаворым пра сітуацыю на мяжы, ці выкарыстаў беларускі бок усе магчымасці абвастрыць бягучы крызіс? Былі ўжо і камяні, і святлошумавыя гранаты на мяжы. Як вы бачыце далейшае развіццё сітуацыі?

– Польшча не абвастрае гэтай сітуацыі. Адзінае, што робіць польскі бок, – бароніць сваю мяжу перад агрэсіўнай палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. Мы абараняем Польшчу і Еўрапейскі Звяз перад агрэсарам, якім ёсць Лукашэнка, які выкарыстоўвае бедных людзей з іншага канца свету і ставіцца да людзей, як да гарматнага мяса ў сваёй агрэсіўнай палітыцы. Чаму так адбываецца? Бо Лукашэнка не змог выйграць выбараў і сутыкнуўся з адпаведнай рэакцыяй дэмакратычнай супольнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты ў намётавым лагеры на беларуска-польскай мяжы. 15 лістапада 2021 года.
Фота: Леанід Шчаглоў / БЕЛТА / TASS / Forum

Але, адказваючы на пытанне пра магчымасць далейшай эскалацыі канфлікту, мы гатовыя да ўсіх варыянтаў. Мы баронім свае межы і не саступім ні на крок, пакуль агрэсія з боку ўладаў Лукашэнкі не скончыцца.

– У Літве, Латвіі і Польшчы кажуць пра чацвёрты артыкул NATO, які можа быць ужыты. Калі будзе рашэнне аб прымяненні, што гэта дасць?

– Чацвёрты артыкул прадугледжаны для сітуацыяў, калі чальцы Альянсу адчуваюць пагрозу агрэсіўнай палітыкі, у гэтым выпадку нашага суседа. Тады праводзяцца кансультацыі, абмяркоўваюцца ў межах дзяржаваў-чальцоў з партнёрамі, у нашым выпадку з Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй, Францыяй, ЗША, як гэтаму супрацьстаяць. Мы такія кансультацыі ўжо ладзім. Мы ўжо гаварылі з партнёрамі пра тое, як эфектыўна рэагаваць на гэтую гібрыдную аперацыю Лукашэнкі. На яе, я не сумняваюся, зялёнае святло ён атрымаў і з боку Крамля. Аднак калі ўзнікне неабходнасць, мы не выключаем, што будзем выкарыстоўваць наступныя інструменты NATO.

Я ўвесь час падкрэсліваю: мы не зацікаўленыя ў тым, каб гэтая сітуацыя пагаршалася. Няхай беларускі бок зробіць з гэтага высновы. Усе чальцы Еўрапейскага Звязу, NATO падтрымліваюць Польшчу. Няма неабходнасці правяраць магчымасці NATO і ЕЗ. Яшчэ ёсць час спыніць гэтую агрэсіўную палітыку. Гэты апошні шосты пакет санкцыяў ёсць сігналам для разважанняў і аналізу. Калі зменаў не будзе, мы абмяркуем наступныя крокі. Ужо прынялі пяты пакет санкцыяў, ужо сёння вядуцца дыскусіі пра чарговы. Да таго моманту, пакуль Лукашэнка не зразумее, што гэта не шлях да прызнання яго прэзідэнтам.

Не можа быць, каб увесь беларускі народ пакутаваў толькі таму, што адзін чалавек думае, што яго адпаведным чынам не прынялі. Беларусь заслугоўвае таго, каб быць вольнай, незалежнай і суверэннай, дэмакратычнай дзяржавай. А беларусы будуць жыць у міры і росквіце гэтак жа, як гэта адбываецца ў іншых дзяржавах. Мы ўсе перажылі траўму многіх папярэдніх гадоў савецкага панавання. Нам важна, каб беларусы таксама маглі мірна жыць, культываваць уласную культуру, багацець, як увесь мірны заходні свет.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя ўсталёўваюць плот на літоўска-беларускай мяжы ў Друскінінкаі, Літва. 4 лістапада 2021 года.
Фота: JANIS LAIZANS / Reuters / Forum

– Вы згадалі аб кансультацыях NATO, пра чацвёрты пакет санкцыяў – напрыклад, у «Белавіі» забяруць 17 самалётаў, санкцыі супраць некалькіх фізічных асобаў, чыноўнікаў Лукашэнкі, турыстычных кампаніяў, гатэляў. Але гэта не значныя ўдары для Лукашэнкі. Заўтра адкрыецца іншая кампанія, у гатэлях будуць плаціць гатоўкаю, «Белавія» возьме з Расеі пару новых самалётаў. З аднаго боку, ёсць кансультацыі і даволі слабыя санкцыі. З іншага боку, мы ўсё больш бачым, што Лукашэнка ўзбройвае гэтых мігрантаў. Ім ужо выдалі святлошумавыя гранаты, што будзе заўтра? Ці не здаецца вам, што рэакцыя Еўропы не адэкватная таму, што адбываецца, і як Лукашэнка гэта абвастрае?

– Я лічу, што мы, як заходні свет, павінны прамаўляць праз справы, а не праз словы. Усё, што я ні скажу, будзе мець меншае значэнне, чым прынятыя рашэнні. Успомнім, што акрамя санкцыяў ужо праз два тыдні пачынаюць дзеяць амерыканскія санкцыі, якія будуць вельмі сурʼёзнымі для Лукашэнкі. Вядома, заўсёды можна лічыць, што гэтыя санкцыі маглі б быць больш жорсткія. Збольшага з вашым меркаваннем я згодны. Пасля фальсіфікаваных выбараў, магчыма, гэты адказ Еўрапейскага Звязу быў не занадта адэкватны. Магчыма, калі б тады ён быў адэкватны, як хацела Польшча, сёння Беларусь была б вольная дзяржава, яна была б у зусім іншым становішчы.

Але Еўразвяз абапіраецца на пэўны кансенсус, трэба заручыцца згодай усіх дзяржаваў. Не ўсе, магчыма, глядзелі тады на гэтую справу з адной і той жа перспектывы. Сёння я думаю, што ўсё мяняецца. Сёння ўсе бачаць, як агрэсіўны палітык Лукашэнка. Можна лічыць гэтыя санкцыі слабымі, але Лукашэнку яны закранулі, таму ён і прыступае да такіх агрэсіўных дзеянняў. Змены ў санкцыйнай палітыцы чакаюцца. Аднак іх Менск адчувае. Мы ўвесь час даём уладам Беларусі магчымасць прааналізаваць гэтую сітуацыю і прыняць адпаведныя рашэнні. Калі не будзе зменаў у палітыцы, мы працягнем дзейнічаць. У Еўрапейскага Звязу ёсць інструменты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці з Беларуссю на Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: Wojciech Krynski / Forum

І мы эканамічна, як дзяржавы ЕЗ, спакойна справімся без эканамічнай супрацы з Беларуссю. Пытанне ў тым, ці дасць рады Лукашэнка без магчымасці весці замежны гандаль. Нагадаем, што гэты замежны гандаль вядзецца праз польскую мяжу. Падзеі на польскай мяжы змусілі закрыць ужо адзін памежны пераход. Там няма магчымасці гандляваць. Калі гэтая сітуацыя будзе эскалявацца, Польшча будзе вымушаная разгледзець далейшыя крокі ў кантэксце польскай мяжы. Дакладна гэтак жа і іншыя дзяржавы. Усё гэта павінна зрабіцца сігналам да развагаў для палітычнага істэблішменту і ўладаў Беларусі.

Hавiны
Міграцыйны крызіс. Хроніка галоўных падзеяў
2021.11.17 07:30

ІК belsat.eu

Стужка навінаў