Акцыя пратэсту мігрантаў у Менску. Паразмаўлялі з ініцыятаркаю пра тое, што плануюць на 26 лістапада

Месяц таму ў Facebook абвесцілі акцыю пратэсту мігрантаў, якія цяпер у Беларусі, супраць дзеянняў уладаў Беларусі. Паразмаўлялі з ініцыятарамі пра мэты і бачанне акцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ПБ / Белсат

Чаму пратэстуюць мігранты

Абвестка пра акцыю пратэсту ў Менску з’явілася ў Facebook 19 кастрычніка.

«Час перастаць выкарыстоўваць нашых братоў і сясцёр у якасці жывога шчыта беларускай уладай. З пачатку міграцыйнага прытоку дыктатар Лукашэнка забіў больш за 200 чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей. Не дамо яму красці ў нашых братоў у патрэбе грошы ды надзею!» – абвяшчаюць ініцыятары акцыі.

Міграцыйны крызіс. Хроніка галоўных падзеяў

Дзеля гэтага плануюць правесці ў Менску 26 лістапада мірную дэманстрацыю. Пачатак сходу запланавалі на 14:00 каля помніку Леніну на плошчы Незалежнасці. Там прадстаўнікі дабрачынных арганізацыяў распавядуць мігрантам пра патрабаванні для легальнага ўезду ў Еўрапейскі Звяз і пра ўмовы жыцця ды сацыяльнае забеспячэнне ў Беларусі для тых, хто не жадае рухацца далей.

Таксама мігрантам абяцаюць цёплую вопратку і халяльную – прыгатаваную паводле ісламскіх законаў – ежу.

Беларусы падтрымаюць?

У мігранцкіх тэлеграм-каналах і чатах, у інтэрв’ю мігрантаў сапраўды часта можна пабачыць звесткі пра ціск на іх з боку беларускіх сілавікоў, пра збіццё і катаванні, а таксама пра загараджальныя атрады, якія стаяць за спінамі тых, каго пасылаюць штурмаваць мяжу з Еўрапейскім Звязам. Але наколькі рэальная акцыя пратэсту ў Менску? Пра гэта карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з Фарыдой Надым, якая пазначаная ў Facebook у якасці ініцыятаркі менскай дэманстрацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ПБ / Белсат

«Мэта дэманстрацыі – спыніць выкарыстанне грамадзянаў Блізкага Усходу ў якасці суб’екту палітычнай бітвы. Штодня сотні нашых братоў і сясцёр адпраўляюцца на мяжу. Беларускі рэжым і кантрабандысты падманваюць нявінных людзей і абяцаюць ім добрае жыццё ў Нямеччыне. Але ў іх крадуць не толькі грошы, але і здароўе, жыццё», – распавяла Фарыда.

Пры гэтым ініцыятары акцыі спадзяюцца на падтрыманне беларусаў, якія цяпер у падобнай сітуацыі. Суразмоўца адзначыла, што сярод беларусаў ужо ёсць тыя, хто дапамагае ў арганізацыі дэманстрацыі, зборы ежы, лекаў і вопраткі. Але ініцыятары не супраць таго, каб беларусы таксама далучыліся да пратэсту.

«Ім няма куды вяртацца». Курд расказаў, чаму ягоны брат наважыўся на падарожжа ў Беларусь і «штурм» мяжы

«Абедзве краіны маюць досвед грамадзянскай вайны, і іх улады парушаюць асноўныя правы чалавека. Мігранты з Блізкага Усходу шукаюць лепшага жыцця. Мігранты разам з беларускімі грамадзянамі могуць дапамагчы будаваць новую дэмакратычную Беларусі, дзе кожны можа весці мірнае жыццё. Нават калі Еўразвяз не адкрые межаў, я веру, што нашыя браты разам з беларусамі могуць стварыць прастору для бяспечнага і добрага жыцця», – мяркуе ініцыятарка акцыі.

Эвакуацыя і дэманстрацыя

Фарыда адзначае, што ўрады Іраку і Сірыі, хай і не наўпрост, датычныя да міграцыйнага крызісу ў Беларусі, бо праз іх рашэнні гэтыя краіны расцэньваюцца як «саюзнікі Расеі, што аўтаматычна аддаляе нас ад Еўропы». Але цяпер улады Іраку пастанавілі пачаць эвакуацыю сваіх грамадзянаў з Беларусі.

«На сёння гэта самае разумнае рашэнне. Нават мігранты кажуць так», – падкрэсліла суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ПБ / Белсат

Арганізатары заклікаюць мігрантаў далучацца да эвакуацыйных рэйсаў у Ірак, якія стартуюць з Менску 18 лістапада. Тым не менш тых, хто застанецца 26 лістапада ў Беларусі, усё адно заклікаюць прыходзіць на дэманстрацыю на плошчы Незалежнасці ў Менску.

200 іракцаў папрасілі амбасаду забраць іх з Беларусі

«Усе мігранты, нягледзячы на паходжанне, зацікаўленыя ў нашай падзеі. Мы робім гэта для іх. Дзякуючы падтрыманню беларускіх актывістаў мы можам дапамагчы ўсім, не зважаючы на адлегласць. Мы спрабуем дагрукацца да як мага большай колькасці мігрантаў, але шмат хто страціў інтэрнэт пасля прыезду ў Беларусь, а плакаты, якія мы лепім на сценах, здзірае рэжым. Але наш галоўны інструмент – па-ранейшаму інтэрнэт. Мы ні ад каго не атрымліваем палітычнага падтрымання, таму працуем у асноўным у Іраку і Беларусі», – кажа Фарыда.

«Падзея будзе на 100 % мірнаю»

Фарыда спадзяецца, што акцыя пройдзе мірна і не спрычыніцца да сутыкненняў, бо яе мэта – «дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу».

«Падзея будзе на 100 % мірнаю, таму я не бачу прычыны для жорсткай рэакцыі ўладаў Беларусі. Нашыя беларускія сябры, якія арганізоўваюць гэты пратэст, ведаюць пра магчымыя наступствы, але не могуць заставацца абыякавымі да пакутаў нявінных людзей», – падкрэсліла суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ПБ / Белсат

Мы не можам пацвердзіць праўдзівасці словаў Фарыды і таго, ці сапраўды акцыя мае адбыцца. Мы будзем сачыць за развіццём падзеяў.

Еўрадэпутат пра супрацьдзеянне Лукашэнку: «Усё гучней ідуць размовы пра тое, каб ён быў прыцягнуты да трыбуналу»

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны