У Беларусі скараціліся грузаперавозкі, раздробны гандаль і прамысловая вытворчасць


Белстат апублікаваў статыстку пра працу транспарту, унутраны гандаль, а таксама вытворчасць сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі за студзень – верасень 2022 года. Амаль па ўсіх гэтых паказніках – спад.

Газавыя паходні на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Гомельская вобласць, Беларусь. 4 студзеня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Нацыянальны статыстычны камітэт выклаў на сваім сайце вынікі працы за студзень – верасень 2022 года ў транспартнай галіне, гандлі і грамадскім харчаванні, прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Выявілася, што грузаперавозкі (якія двойчы трапілі па санкцыі: спачатку еўрапейскія, а потым у адказ – і беларускія) абрынуліся на 25,2% у параўнанні са студзенем – вераснем летась. Пры гэтым перавозкі пасажыраў, наадварот, крыху падраслі: амаль на 1,5%.

Аналітыка
Усе чакалі праблемаў, але не такіх. Як працуе і што прапаноўвае беларуская транспартавая галіна
2022.04.14 09:00

Раздробны гандаль за 9 месяцаў года знізіўся на 2,5% у параўнанні з гэтым жа перыядам летась, скараціўся таваразварот буйных гандлёвых сетак – амаль на 2%, аптовы гандаль упаў амаль на 17%. Затое грамадскае харчаванне ў плюсе: за студзень – верасень рост таваразвароту тут – амаль на 1,5%.

Аб’ём прамысловай вытворчасці за 9 месяцаў сёлета – 123 мільярда 800 мільёнаў рублёў, што ў супастаўных цэнах на 6% менш, чым летась. У прыватнасці, горназдабыўная галіна прадэманстравала рост 2,3%, але на 7% упала апрацоўчая прамысловасць (сюды ўваходзіць, напрыклад, нафтаперапрацоўка), на 1,5% – забеспячэнне электрычнасцю, газам і гарачай вадой, на 2% – водазабеспячэнне, збор і апрацоўка адкідаў.

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі заўважна вырасла, падлічыў Белстат: за студзень-верасень – амаль на 5% у параўнанні з леташнім перыядам. Тут улічваецца ўся гаспадарка: сельскагаспадарчая, фермерская і хатняя. Асобна ў сельскагаспадарчых арганізацыях – рост у 5,2%.

Разбор
Беларусы – «не бульбашы, а бурачнікі»? Глядзім на афіцыйную статыстыку
2022.10.02 22:39

Па звестках на 1 кастрычніка, у Беларусі сабралі больш збожжа, чым летась у гэты ж дзень (7 мільёнаў 800 тысяч тон, больш на 23%) пры росце ўраджайнасці. Таксама вырас збор і ўраджайнасць бульбы (накапалі амаль 480 тысяч тон, больш на 36%; ураджайнасць вырасла з 271 цэнтнера з гектара да 312) і іншай гародніны. Цукровых буракоў гэтаксама сабралі больш (на 37%), але ўраджайнасць сёлета менш на 76 цэнтнераў з гектара.

Hавiны
ВУП Беларусі працягвае скарачацца
2022.10.17 17:28

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў