Праваабаронца: Прысуд па «справе Аўтуховіча» – гэта палітычная расправа


Улады агучылі прысуды па так званай «справе Аўтуховіча». Фігурантаў справы прызналі вінаватымі і прысудзілі тэрміны ад 25 гадоў турэмнага зняволення. «Белсат» высвятляў разам з праваабаронцамі, чым абумоўлены такі прысуд.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

У гарадзенскай турме № 1 завяршыўся судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Суддзя – Максім Філатаў. Раней гэты суддзя агучыў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які загінуў у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі. Цяпер суддзя прызначыў фігурантам «справы Аўтуховіча» ад 25 да 2,5 гады турэмнага зняволення.

Мікалаю Аўтуховічу прызначылі 25 гадоў зняволення. Баранавіцкага інваліда Уладзіміра Гундара засудзілі на 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вользе Маёравай – 20 гадоў калоніі. Віктару Снегуру прызначылі 19 гадоў зняволення. Галіну Дзербыш і Паўла Саву засудзілі на 20 гадоў.

Любоў Разановіч засудзілі на 15 гадоў, Сяргею Разановічу прызначылі 16 гадоў, Паўлу Разановічу прысудзілі 19 гадоў.

Ірыну Мерхель засудзілі на 17 гадоў калоніі, ейнага мужа Антона – на 2,5 года калоніі. Ірыне Гарачкінай прызначылі 6 гадоў і 1 месяц калоніі.

Гэтыя прысуды абумоўленыя страхам уладаў, лічыць праваабаронца Васіль Завадскі.

«Улады баяцца не столькі групы, колькі грамадства і грамадзянаў Беларусі. Прысуды ляжаць у плоскасці нагнятання страху ў краіне. Суд быў закрыты, што сведчыць, пра боязнь запусціць грамадзянаў у судовую залю, дзе б маглі людзі пабачыць пра тое, што кажуць вязні і прадстаўнікі сілавых органаў. Мы бачылі, што вязняў утрымлівалі ў нечалавечых умовах, ведаем пра катаванні людзей, яны абвяшчалі галадаванне. А гэта азначае пра жахлівы ціск, які аказваўся на вязняў, каб атрымаць неабходны вынік. Усё гэта сведчыць, што вырак не можа быць справядлівым і законным. Гэта проста расправа».

Мікалай Аўтуховіч добра вядомы ў Беларусі як грамадскі дзеяч, прадпрымальнік. На яго ціснулі яшчэ і 20 гадоў таму. Але ён асоба з абвостраным пачуццём справядлівасці і не хаваў сваіх поглядаў, свайго стаўлення да падзеяў у краіне. Таму для Лукашэнкі ён быў нават асабістым ворагам, прынамсі, гучыць такое меркаванне, дадае Васіль Завадскі.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў нагадвае, што за апошнія два гады ў краіне нічога новага не адбываецца.

«Дзікія, нечалавечыя прысуды ставяць на мэце толькі прадэманстраваць, што ўлады не жадаюць праяўляць ніякай гуманнасці, не жадае нават намякаць на паслабленне, адлігу, лібералізацыю, што б гэта не было. Рэпрэсіі будуць працягвацца і чарговы раз дэманструецца, што правасуддзя ў краіне няма, а яна дзейнічае паводле таго прынцыпу, што «не да законаў», – кажа Віталь Цыганкоў.

Палітычны аглядальнік нагадвае, што асуджаныя – проста сябры і знаёмыя Аўтуховіча. У выніку людзей судзілі не за дзеянні, а за прыналежнасць да нейкага кола. Гэта нейкі новы ўзровень беззаконня і пераходу да сталінскай сістэмы суда.

Пры гэтым улады краіны вырашылі не ствараць праблемаў з смяротным пакаранне, бо гэта быў бы новы ўзровень беззаконня, калі відавочна па палітычнай справе агучваюць смяротнае пакаранне.

Абноўлена
У Горадні агучылі прысуд Мікалаю Аўтуховічу
2022.10.17 16:20

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў