Калі вы хочаце так кантраляваць цэны, навошта яны наагул? Эканамістка – аб праекце новай пастановы


Падобна, забарону на рост цэнаў у Беларусі не збіраюцца скасоўваць ці істотна мяняць: «Белсат» пачытаў чарнавік новай пастановы Савету Міністраў. Раней была надзея, што сістэму рэгулявання цэнаў зробяць менш жорсткаю, ды надзея згасае.

Кацярына Барнукова
Кацярына Барнукова.
Фота: Сяргей Кавалёў / «Белсат»

Акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова таксама чытала гэты чарнавік. Калі сапраўды прымуць такую пастанову, Беларусі «нічога добрага не свеціць», кажа яна «Белсату»:

«Пакуль што ўсе замерлі ў чаканні таго, што ўрад да 20 кастрычніка прыдумае нармальны спосаб цэнавага рэгулявання, з якім можна будзе неяк працаваць. У тым выглядзе, што рост цэнаў забаронены пасля 5 кастрычніка, для многіх прадпрыемстваў, вытворцаў, занятых у сферы паслуг, у рытэйле, гэта фактычна смяротны вырак».

Вытворцы і прадаўцы маглі б тыдзень, месяц ці некалькі месяцаў папрацаваць са старымі цэнамі, зазнаючы страты. Але большасць не здолее гэтак працаваць пастаянна.

Hавiны
Нам трапіўся чарнавік новай пастановы пра рэгуляванне цэнаў. Глядзім, што там (нічога добрага)
2022.10.14 20:12

Эканамістка дапускае: быць можа, урад лічыць, што асноўныя матывы і драйверы інфляцыі ўжо адлюстраваныя ў цэнах. Ды гэта, на жаль, не так: застаюцца фактары, якія могуць уплываць на рост цэнаў, а ёсць жа яшчэ віды дзейнасці, дзе пастаянныя змены цэнаў – норма. Барнукова не разумее, як урад сабе ўяўляе функцыянаванне эканомікі ў такім рэжыме.

Адмыслоўца прыводзіць прыклад: вось падвысіць «Белнафтахім» цэны на бензін, яму ж можна: а транспартавым прадпрыемствам дазволяць падвысіць свае цэны з ростам цэнаў на бензін? А аграрыям, якія таксама залежаць ад цэнаў на паліва? А прамысловым вытворчасцям?

Ім усім давядзецца ісці атрымліваць адмысловыя дазволы на пад’ём цэнаў, але ж цяжка сабе ўявіць нейкі дзяржаўны орган, які будзе мець дастаткова магутнасцяў, каб прааналізаваць проста ўсе цэны ў краіне і вызначыць, справядлівыя яны ці не.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галасаванне за вылучэнне дэлегатаў на «Усебеларускі сход» ад Наваполацку. 11 траўня 2016 года.
Фота: novaya.by

«Уявіце сябе на месцы чыноўніка. Які чыноўнік сёння дазволіць прадпрыемству павысіць цэны, нават калі гэтае падвышэнне будзе тысячу раз абгрунтаванае? Гэта ж усё роўна, што падпісаць сабе прысуд, ніхто гэтага рабіць не будзе.

Калі вы так сур’ёзна намерыліся кантраляваць цэны, трэба наагул падумаць: навошта вам гэтыя цэны тады?» – разважае экспертка.

Цана, тлумачыць Барнукова, – гэта праваднік эканамічнага сігналу пра попыт і прапанову. Калі цэны кантраляваць, сігнал пра попыт і прапанову не працуе. Значыць, няма больш рынкавай эканомікі, тавары больш не размяркоўваюцца паводле рынкавых прынцыпаў. Тады можна перайсці да цэнтралізаванай планавай эканомікі, «раздаваць каму што трэба і не рабіць выгляду, што ў нас нейкае падабенства рынку». У адрозненне ад цяперашняга «монстра, які мусіць працаваць як рынкавая эканоміка без асноўнага інструменту рынкавай эканомікі», цэнтралізаванае планаванне хаця б будзе працаваць паводле ўсіх зразумелых правілаў.

Што будзе пасля прыняцця пастановы, прагназаваць цяжка. У свеце, расказвае экспертка, быў невялікі трэнд на зніжэнне цэнаў на харчы. Калі ён захаваецца, не зважаючы на палітычную нестабільнасць, то Беларусь зможа дазволіць сабе не павышаць цэнаў. Цэны на нейкі набор тавараў можна ўтрымаць за кошт таго, што ўрад забароніць экспартаваць тавары за мяжу, а прадаваць дазволіць толькі на ўнутраным рынку. Але дзяржава не можа забараніць экспарту ўсіх мяса-малочных тавараў, бо гэта важная крыніца выручкі. Дык тады на ўнутраны рынак будуць пастаўляць найгоршыя прадукты, проста каб выканаць планавыя паказнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведнікі выставы амерыканскіх тавараў у парку Сакольнікі. Масква, СССР. 1959 год.
Фота: Thomas J. O’Halloran / U.S. News & World Report Magazine Photograph Collection.

«І будзе ў нас, як у Савецкім Саюзе, калі прыходзіш у краму, а там нешта ляжыць, што купляць асабліва не хочацца, таму ідзеш на рынак і купляеш там у тры – пяць разоў даражэй, – прагназуе Барнукова. – Такая сітуацыя можа пачаць складвацца даволі хутка, праз месяц, два, тры. Цягам некалькіх месяцаў пойдуць і банкруцтвы, а пустыя паліцы стануць не толькі ў харчовых крамах. Пачнуць нават буйныя вытворчасці спыняцца, бо яны не здолеюць імпартаваць патрэбных тавараў».

Экспертка спадзяецца хіба на тое, што правілы рэгулявання цэнаў неяк зменяць ці дапоўняць, бо гэты чарнавік «выглядае вельмі сумна». Ды дакументу яшчэ не прынялі: невядома, ці ўхваляць менавіта такую пастанову.

Аналітыка
«Па-першае, гэта абсурд». Што не так з поўным замарожваннем цэнаў у Беларусі, і што рабіць беларусам
2022.10.10 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў