Пісаў пра Пагоню, нацыянальны сцяг і Каліноўскага. Цікавыя факты з жыцця Максіма Танка


Даведка
Максім Танк. 1930-я гады. Крыніца: commons.wikimedia.org

17 верасня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, які вылучаўся сваімі наватарскімі творамі, а ў беларускай літаратуры застаўся як паэт-бунтар. Сабралі цікавыя факты з жыцця беларускага народнага паэта.

Сапраўднае імя Максіма Танка – Яўген Іванавіч Скурко. У якасці псеўданімаў ён выкарыстоўваў спачатку Бура, затым А.Граніт, але ў 19-гадовым узросце спыніўся на тым, які стаў сусветна вядомы: «Ha тoй чac, кaлi мнe cпaтpэбiўcя пceўдaнiм, кaлacы, вaciлькi, вepacы i iншыя мipaлюбныя пceўдaнiмы былi paзaбpaны. A мнe xaцeлacя мeць бoйкi пceўдaнiм. Tым бoльш, штo з 3axaдy нacoўвaлacя фaшыcцкaя пaгpoзa. Bыpaшыў cпынiццa нa cлoвe «тaнк», якoe звязвaлacя з мoцaй, ciлaй cyпpaцiўлeння. A кaб тaнк cтaў бoльш гpoзным, я ягo «ўзбpoiў» кyлямётaм »мaкciмaм«. Taк я cтaў Maкciмaм Taнкaм».

Максім Танк нарадзіўся 17 (4) верасня 1912 года на Мядзельшчыне ў в. Пількаўшчына непадалёк ад возера Нарач. Яго прадзед быў адным з заснавальнікаў вёскі і пакінуў 12 дзяцей, якія агулам мелі 60 дзесяцін, што пры саветах стала адзнакаю «кулакоў». Сем’і двух цётак Максіма Танка пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР рэпрэсавалі і выправілі ў Сібір.

Максім Танк з роднымі. У першым шэрагу – сястра Мілка, дзед Тодар і бабуля Улляна, брат Федзя. У другім – сястра Вера, бацька Іван і сам Яўген Скурко (Максім Танк). Крыніца: Наша ніва

Бацька Максіма Танка, Іван Тодаравіч Скурко, акрамя сельскай гаспадаркі, быў вядомы як майстар абутку, бортнік і нават знахар, ведаў некалькі замежных моваў. Гэтыя веды, як і жыццёвы досвед перадаваў чатыром дзецям (двум сынам і двум дочкам). У канцы 1940-х ледзь не быў рэпрэсаваны. Уратавала тое, што Максім Танк загадаў бацьку ўступіць у калгас.

Даведка
Максім Танк разам з жонкай Любоўю Андрэеўнай. 1938 год. Крыніца: myadel.gov.by

Падчас першай сусветнай вайны сям’я Скурко, як і больш мільёна іншых беларусаў, выправілася ў бежанства. З 1914 да 1922 года яны жылі ў Маскве, дзе малы Жэня пайшоў у сваю першую школу. У 1922 годзе з-за голаду ў сталіцы Савецкай Расеі вырашылі вярнуцца ў родную Пількаўшчыну, якая па ўмовах Рыжскага міру апынулася ў складзе Польшчы. Сям’і Скурко пашанцавала, таму што ім, у адрозненні ад соцень тысячаў беларусаў, было куды вяртацца – дзед Тодар захаваў іхную хату.

Максім Танк меў выдатную памяць, дзякуючы якой запамінаў цэлыя паэмы. Першая кніга, якую ён памятаў як тую, што пакінула незабыўнае ўражанне – М. Гогаля «Вечера на хуторе близ Диканьки», з якой пазнаёміўся яшчэ ў Маскве. У польскай школе вельмі захапіўся польскай літаратурай – Міцкевічам, Славацкім, Ажэшкай, Сянкевічам, Крашэўскім, Канапніцкай, і ў далейшым зрабіў шмат перакладаў польскіх твораў на беларускую мову.

Лёсавызначальнымі ж для яго сталі радкі Янкі Купалы з беларускага календара на 1925 год. Іх ён пранёс праз усё жыццё:

«…Карчмы ды астрогі,

Крыжы, бярозкі:

Гэта наша доля,

Доля нашай вёскі…»

Максім Танк вучыўся ў чатырох гімназіях, а дыплом аб адукацыі так і не атрымаў, паколькі двойчы быў выключаны з іх з-за ўдзелу ў забастоўках. Затое належаў да ліку самых адукаваных беларускіх паэтаў, паколькі вельмі шмат увагі надаваў самаадукацыі. У 1972 годзе ён стаў акадэмікам Акадэміі Навук Беларусі.

7 красавіка 1932 года выйшаў першы верш Яўгена Скурко, падпісаны псеўданімам «Максім Танк», а праз 20 дзён ён ужо сядзеў на Лукішках – за падпольную дзейнасць і выданне «Часопіса для ўсіх». За наступныя сем гадоў у польскіх турмах Максім Танк правёў агулам амаль два гады. Ён належаў да Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі і абвінавачваўся ў тым, што «меў намер гвалтоўна змяніць дзяржаўны лад Польшчы і адарваць частку яе тэрыторыі».

Максім Танк пасля першага арышту. 1932 год. Крыніца: myadel.gov.by

Пасля вызвалення з польскай турмы, увосень 1932 года Максім Танк вырашыў шукаць лепшай долі ў Савецкім Саюзе. Ён нелегальна перайшоў мяжу і… зноў быў арыштаваны. Два тыдні правёў у менскай «Валадарцы». Але пасля вызвалення з савецкай турмы яго ўсё роўна не пакінулі ў БССР і дэпартавалі назад у Заходнюю Беларусь – «для падрыўной дзейнасці на карысць СССР». У выніку гэта выратавала Максіму Танку жыццё, таму што ў жніўні 1933 года ў Беларусі НКУС сфабрыкавала справу супраць кэпэзэбоўцаў – палітзняволеных, якія паверылі Савецкаму Саюзу і былі абмененыя ў Польшчы. У выніку ў СССР большасць з іх расстралялі.

Максім Танк. Здымак 1932 года. Крыніца: commons.wikimedia.org

З чатырох кніг Максіма Танка, выдадзеных у Заходняй Беларусі – дзве былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Гэта яго першы зборнік вершаў »На этапах« (1936) і паэма «Нарач», якая распавядала пра паўстанне рыбакоў.

Адну з паэмаў Максім Танк назваў «Каліноўскі», а ў адным з самых першых сваіх вершаў «Ты чуеш брат» узгадаў Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг:

«Пагоні сілы баявыя,

І вы рыхтуйцеся ў паход,

Каб знішчыў путы векавыя

Наш заняволены народ.

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе працаваў у газеце «Вялейская праўда» і быў інспектарам беларускіх школ. З пачаткам вайны СССР з Германіяй быў эвакуяваны і спачатку далучыўся да народнага апалчэння. Але ў хуткім часе быў накіраваны для ўдзелу ў выданні газеты «За Савецкую Беларусь» і агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (пасля вайны перайменаваны ў часопіс «Вожык»).

Амаль два дзясяткі гадоў Максім Танк узначальваў у якасці галоўнага рэдактара часопіс «Полымя», пасля чаго да 1990 года кіраваў Саюзам Пісьменнікаў Беларусі. У гэты ж час выйшлі яго лепшыя кнігі, сярод якіх «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Перапіска з зямлёй» (1967), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «За маім сталом» (1984).

Максім Танк раздае аўторафы. 1973 год. Крыніца: belta.by

Зусім не ўжываў алкаголю і не паліў, але пры гэтым лічыўся выдатным тамадою падчас застолляў.

Быў вельмі азартным чалавекам, лічыўся »каралём прэферансу«. Таксама вельмі любіў шахматы і більярд.

Любімая ежа – сала з цыбуляю.

Галоўны крытык твораў Максіма Танка – яго жонка Любоў Андрэеўна. Як толькі што-небудзь пісаў, адразу бег да яе чытаць, а пасля яе станоўчага адказу, чытаў дзецям – сыну Максіму і дачкам-блізнятам Іры і Веры. Адна з дачок і сын сталі навукоўцамі ў вобласці хіміі.

Максім Танк усяго на некалькі месяцаў перажыў сваю любую жонку, разам з якой і быў пахаваны 7 жніўня 1995 года побач з магіламі бацькі і маці ў роднай в. Пількаўшчына.

Барыс Булат  belsat.eu

Стужка навінаў