Адзінства на крыві: што не так са святам 17 верасня?


У Беларусі чарговы раз адзначаецца 17 верасня – так званы Дзень народнага адзінства. Яго прызначылі на дату, калі Заходнюю Беларусь далучылі да СССР у 1939 годзе: СССР разарваў дамову аб ненападзе з Польшчай і ўвёў у гэтую краіну свае войскі, у той час, як Польшча абаранялася ад нападу Гітлера. 

Карэспандэнт «Белсату» Саша Гоман распавядае, чаму святкаваць 17 верасня на дзяржаўным узроўні даволі цынічна.

Інсталяцыя да Дня народнага адзінства. Менск, Беларусь. 13 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Сёння пад тэму «адзінства» ўлады Беларусі здымаюць фільм пра міжваенны час «Мы – адзіныя», у беларускіх кінатэатрах ладзяць паказы фільму 1958 года пад назвай «Красные листья» пра Сяргея Прытыцкага, а беларускія школьнікі напісалі рэспубліканскі дыктант з цытатамі Лукашэнкі. Усё гэта – спробы адшукаць хоць нейкую ідэнтычнасць і сэнс для падзеяў 17 верасня, асабліва на фоне цяперашняй антыпольскай кампаніі.

Што адбылося ўвосень 1939 года ў Беларусі?

Фактычна, уваходжаннеЗаходняй Беларусі ў склад БССР было вынікам змовы двух таталітарных рэжымаў, Нямеччыны і СССР, паводле пакту Молатава – Рыбэнтропа. Нямеччына распачала 1 верасня 1939 года Другую сусветную вайну, а СССР выкарыстаў спрыяльную сітуацыю, каб далучыць страчаныя раней тэрыторыі былой Расейскай імперыі.

«Сяброўства народаў Нямеччыны і Савецкага Саюзу, якое было замацаванае крывёй, мае ўсе прычыны быць доўгім і трывалым», – напіша пазней у лісце да нацысцкага кіраўніцтва Сталін. Гэты ліст быў афіцыйна надрукаваны ў савецкай прэсе.

Даведка
Баец Чырвонай Арміі ў Ашмянах, 1939 год. Аўтар фота невядомы. Крыніца: Вікіпедыя

У выніку штучна раз’яднаныя на пачатку 1920-х гг. беларускія этнічныя тэрыторыі аб’ядналіся ў складзе адной дзяржавы. Сапраўды, гэта важная падзея для нацыянальнай гісторыі. Аднак з іншага боку, адразу пасля гэтага сталінская дыктатура распаўсюдзілася і на Заходнюю Беларусь, рэпрэсіі ахапілі значную частку мясцовага насельніцтва. Масавы тэрор, групавыя дэпартацыі толькі за тое, што людзі жылі на памежнай тэрыторыі, зняволенні, расстрэлы, калгасы ў форме новага прыгону, дэфіцыт ежы, вопраткі, рабаванне…

З першага ж дня камуністы пачалі арыштоўваць і забіваць усіх непажаданых – палітычных і грамадскіх дзеячаў, каталіцкіх і праваслаўных святароў, былых чыноўнікаў і афіцэраў, ды і проста тых, хто трапіўся пад руку. У лютым 1940 года пачаўся масавы вываз беларускага насельніцтва ў Сібір. У красавіку 1940 года ў Заходняй Беларусі было рэпрэсавана 26 777 чалавек, у чэрвені 1940 – 22 897, у траўні – чэрвені 1941 года – 24 412. Тысячы людзей трапілі ў сталінскія турмы і ГУЛАГ, прымусова выпраўляліся на розныя прадпрыемствы і шахты ў іншых рэгіёнах СССР.

Гісторыкі слушна адзначаюць: 17 верасня – сапраўды памятная дата, але святкаваць яе як Дзень адзінства – цынічна.

Беларусь як шматкроць пагоршаная копія міжваеннай Польшчы

Міжваенная Польшча не была ідэальнай дзяржавай. Да верасня 1939 года ў ёй былі закрытыя ўсе беларускія школы, а адказныя чыноўнікі заяўлялі, што праз 10–15 гадоў у Польшчы беларусаў не застанецца наогул. Шмат беларусаў сядзелі ў турмах, і тое былі не толькі актывісты КПЗБ, але і актывісты дэмакратычных беларускіх арганізацыяў, напрыклад, ТБШ – Таварыства беларускай школы.

Гісторыі
Змагаліся за народ, а ў выніку былі прынесены ў ахвяру.  Як Сталін здрадзіў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі
2022.09.17 11:16

Сёння беларускі рэжым спрабуе выкарыстаць гэтых людзей у сваіх прапагандысцкіх антыпольскіх мэтах, але калі прыгледзецца, мы пабачым, што сучасная Беларусь – гэта шматкроць пагоршаная копія той міжваеннай Польшчы. Напрыклад, у Беларусі знішчаныя ўсе грамадскія арганізацыі. ТБШ было закрытае ў 2021 годзе, калі арганізацыі споўнілася 100 гадоў. Замест таго, каб адсвяткаваць юбілей самай старой арганізацыі, якая змагалася за беларускую школу, яе зачынілі. Беларускіх школаў у краіне амаль няма, а большасць беларускіх патрыётаў сядзелі ў турмах акурат за беларускую культуру і мову.

Дэмакратычнасць краіны вымяраецца наяўнасцю і колькасцю палітвязняў. Ні ў даваеннай Польшчы, ні ў нас цяпер іх не лічылі палітвязнямі, а называлі «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». Фактычна, людзі, у гонар якіх названыя цяпер беларускія вуліцы – Таўлай, Пястрак, Дворнікаў, – сядзелі ў турмах за тое самае, за што сядзяць і змагаюцца людзі цяпер: за Беларусь.

Плакат на рэкламным экране, прысвечаны Дню народнага адзінства. Менск, Беларусь. 13 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

17 верасня ў савецкі час і цяпер

Увосень 1939-га, пасля паспяховага «вызвольнага паходу», 17 верасня мелася стаць галоўным ідэалагічным святам БССР. Дакладней, яно б дапоўніла ранейшае галоўнае свята – 11 ліпеня, дзень, калі ў 1920-м годзе бальшавікі выгналі палякаў з Менску. Уся перадваенная міфалогія Савецкай Беларусі круцілася вакол той даты, а ў 1939-м канон «вызвалення Беларусі» наўпрост быў бы завершаны.

Архетыпічны вораг – палякі. Дакладней, «белапалякі». Гэты калектыўны назоў актыўна выкарыстоўваўся з 1920 года і дажыў да 1939-га амаль без зменаў. «Белапалякі» – гэта ўвесь спектр кіроўнай эліты панскай Польшчы: вайскоўцы, паліцыя, асаднікі, ксяндзы, чыноўнікі. Усе, хто не сяляне і не рабочыя, без мазалёў на руках.

Мужчына ідзе ўздоўж Палацу Рэспублікі, упрыгожанага да Дня народнага адзінства. Менск, Беларусь. 15 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

17 верасня паступова эвалюцыянавала ў свята раённага маштабу: ладзіліся лакальныя мітынгі, арганізоўваліся месцы памяці, куды піянеры неслі кветкі, збіралі па вёсках успаміны аб тых часах.

Так, у літаратуры пасля хрушчоўскай адлігі з’явіўся цэлы пласт тэкстаў (вершаў, мемуараў, дакументальных аповесцяў) пра падзеі, якія папярэднічалі верасню 1939-га. Але гэта былі або моцна адцэнзураваныя творы (напрыклад, «Лісткі календара» Максіма Танка), або эпас, які плаўна перацякаў у падзеі Вялікай Айчыннай вайны («Данута» Аляксея Карпюка). Сярод неабсяжнага мора твораў, напісаных па матывах вайны, падзеі 1939-га былі проста незаўважанай кропляй.

Бліжэй да канца 1980-х гадоў 17 верасня як дата, якая нешта значыла, проста выдахлася, каб праляжаць у шуфлядзе ажно… да 2021-га. Цікава, што кожны раз, калі пра 17 верасня згадвалі, у гэты дзень укладаўся новы сэнс: ад пашырэння савецкай дзяржавы на Захад да ўз’яднання беларускага народу як такога. Як доўга пражыве дата ў чарговай інкарнацыі – пакажа час.

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў