Здрада знутры і захоп звонку. Як краіны гублялі сваю незалежнасць апошнія 100 гадоў?


Лідар КХП БНФ Зянон Пазняк заклікаў зняць міжнародныя санкцыі з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, бо гэта нібыта штурхае рэжым у бок Масквы і пагражае стратаю незалежнасці Беларусі. Гэтыя заявы шмат хто з удзельнікаў беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху палічыў недарэчнымі і нават здрадніцкімі.

Дык ці былі нейкія прэцэдэнты таго, што дзяржавы страчвалі незалежнасць праз эканамічныя санкцыі? Як наагул знікалі краіны за апошнія 100 гадоў?

Карэйская імперыя

Карэя была міжнародна прызнанаю незалежнаю краінай у канцы ХІХ стагоддзя, аднак дзяржаўныя рэформы ў ёй ішлі дастаткова марудна. У выніку слабасць карэйскіх узброеных сілаў прывяла да таго, што Расея і Японія пачалі разглядаць Карэю як тэрыторыю, якую трэба падзяліць на сферы ўплыву, падпарадкаваць палітычна ды эканамічна.

Расейска-японскае суперніцтва прывяло да вайны ў 1904–1905 гадах на тэрыторыі Карэі і Кітаю. Японія ў вайне перамагала, і ў жніўні 1904-га Карэя была вымушаная падпісаць японска-карэйскую дамову, згодна з якою траціла значную частку суверэнітэту ў замежнай і ўнутранай палітыцы.

Японскія войскі ўваходзяць у Сеул у 1904 годзе. Крыніца: wikipedia.org

Пасля таго як Японія канчаткова перамагла ў вайне, новыя японска-карэйскія дамовы – у 1905 і 1907 гадах – цалкам пазбавілі Карэю самастойнасці ў вонкавай і ўнутранай палітыцы. Кантраляваная японскімі войскамі Карэя стала пратэктаратам Японіі. У 1910 годзе Японія афіцыйна далучыла да сябе Карэю.

Тагачасная міжнародная супольнасць не выступіла дзеля абароны Карэі, бо ў гэты час разглядала яе як законную зону каланіяльнага ўплыву больш прагрэсіўнай Японіі.

Аўстрыя

Пасля Першай сусветнай вайны паўстала Аўстрыя – нямецкамоўнае сэрца былой Аўстра-Вугорскай імперыі, пазбаўленае ўсіх сваіх былых уладанняў у Чэхіі, Вугоршчыне, Польшчы, Украіне, Славаччыне і на Балканах.

У краіне адразу паўстаў даволі моцны рух за аб’яднанне з роднаснаю «вялікаю Нямеччынай». Акрамя таго, яе разрывалі знутры магутныя сацыяльныя супярэчнасці. Эскалацыя палітычнага гвалту ў краіне прывяла да стварэння ў 1934 годзе правакансерватыўнай дыктатуры канцлера Энгельбэрта Дольфуса, які спрабаваў жорсткаю рукою паставіць на месца і левых радыкалаў, і мясцовых нацыстаў, што наагул адмаўлялі права Аўстрыі на асобнае існаванне. Пазней Дольфуса забілі нацысцкія баевікі.

Прыхільнікі незалежнасці Аўстрыі незадоўга да нацысцкай анексіі, 1938 год. Крыніца: wikipedia.org

Аўстрыя пэўны час абапіралася на падтрыманне італьянскага дыктатара Бэніта Мусаліні, але той паступова ішоў на супрацу з Гітлерам, і Аўстрыя страціла супрацьвагу нямецкаму ўплыву. У 1936 годзе аўстрыйцы былі вымушаныя вызваліць усіх нацыстаў з турмаў і нават залучыць іх у органы ўлады.

У 1938 годзе аўстрыйскі канцлер Курт фон Шушніг пад пагрозаю нямецкай вайсковай інтэрвенцыі быў вымушаны падпісаць дамову, якая фактычна пераўтварала краіну ў нямецкі пратэктарат. У апошні момант Шушніг спрабаваў прызначыць рэферэндум, які б засведчыў народнае падтрыманне незалежнасці, але новыя ваенныя пагрозы прымусілі яго адмяніць галасаванне і сысці ў адстаўку. Ён фактычна аддаў уладу нацыстам і заклікаў войска не ўступаць у баявыя сутыкненні з немцамі.

У ноч на 12 сакавіка нямецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Аўстрыі. 10 красавіка адбыўся рэферэндум, згодна з якім, за абʼяднанне з Нямеччынаю прагаласавалі нібыта 99,75 % аўстрыйцаў.

Чэхаславаччына

Другім з парэшткаў Аўстра-Вугоршчыны, акрамя самой Аўстрыі, была Чэхаславаччына, дзе немцы традыцыйна складалі каля 25 % насельніцтва. Немцы ды іншыя нацыянальныя меншасці патрабавалі самакіравання і скардзіліся на ўціск. Гэтым і скарыстаўся Гітлер.

У 1938 годзе ў населеных немцамі тэрыторыях (Судэты) адбыліся справакаваныя мясцовымі пранацысцкімі элементамі закалоты, пасля якіх у Берлін была адпраўленая афіцыйная просьба дапамагчы. Берлін фактычна пагражае абвесціць вайну, калі з Судэтаў не выведуць чэхаславацкіх войскаў, а ахову парадку не перададуць уласна немцам.

Нямецкае насельніцтва Чэхаславаччыны вітае нямецкія войскі ў 1938 годзе. Крыніца: Bundesarchiv

Маштабны міжнародны крызіс, які ўсё больш абвастраўся і ўцягваў усё больш удзельнікаў, прывёў да сустрэчы ў Мюнхене. У ёй узялі ўдзел кіраўнікі Нямеччыны, Брытаніі, Францыі ды Італіі. Каб пазбегнуць вайны, Брытанія і Францыя 30 верасня 1938 года пагадзіліся, каб Судэты адышлі Нямеччыне.

У 1939-м пра незалежнасць ад Прагі абвесціць Славаччына, а парэшткі краіны Гітлер зноў жа шляхам таемных пагрозаў кіраўніцтву дзяржавы ды адкрытай ваеннай агрэсіі пераўтворыць у нямецкі пратэктарат.

Краіны Балтыі

З самога пачатку расейскія камуністы планавалі захапіць тэрыторыі краінаў Балтыі былой Расейскай імперыі – Фінляндыю, Літву, Латвію, Эстонію. Хоць фармальна бальшавікі прызналі, напрыклад, незалежнасць гэтых краінаў і ўвогуле права нацыяў на самавызначэнне.

Бальшавікі беспасярэдне бралі ўдзел у грамадзянскай вайне ў Фінляндыі, потым ваявалі супраць Эстоніі, намагаліся захапіць Латвію і Літву. Жыхары краінаў Балтыі, якім дапамагалі Вялікая Брытанія, Францыя і часткова Нямеччына, здолелі адбіцца.

Ужо ў мірны час, 1 снежня 1924 года, СССР зарганізаваў дзяржаўны пераварот у Эстоніі. Групы камуністычных баевікоў з вінтоўкамі, пісталетамі, аўтаматычнаю зброяй і ручнымі гранатамі выйшлі захопліваць дзяржаўныя будынкі, але пасля вулічных баёў былі адбітыя. Загінулі 26 жаўнераў з боку ўраду і 125 баевікоў. Яшчэ 500 тэрарыстаў здаліся ў палон.

Савецкія войскі ўваходзяць у Рыгу ў 1940 годзе. Крыніца: wikimedia.org

Аднак у канцы 1930-ых сітуацыя заўважна змянілася. Літва, Латвія ды Эстонія ў пачатку Другой сусветнай вайны аказаліся паміж молатам і кавадлам – нацысцкаю Нямеччынай і камуністычным СССР. Сталін і Гітлер таемна падзялілі паміж сабой Усходнюю Еўропу, прычым краіны Балтыі аказаліся пераважна ў сталінскай зоне кантролю.

СССР у 1939 годзе прымусіў краіны Балтыі пусціць савецкія войскі, а ўлетку 1940-га пад пагрозаю пачатку вайны – стварыць у патрэбныя СССР урады. Францыя і Брытанія з антыгітлераўскага блоку ў гэты час ніяк не здольныя былі дапамагчы жыхарам краінаў Балтыі, бо зазнавалі паразу ад сталінскага сябра – Гітлера.

17–21 чэрвеня былі створаныя гэтак званыя народныя ўрады, пачалося раззбраенне насельніцтва і ваенізаваных арганізацыяў трох краінаў. Поўную ўладу атрымалі эмісары Масквы, пад іхную ж дыктоўку з парушэннем унутраных законаў былі праведзеныя «выбары», на якіх не было альтэрнатыўных кандыдатаў, а ў выбарчых платформах гэтых кандыдатаў не было напісана, што яны будуць выступаць за далучэнне да СССР. Ужо праз месяц – 21–22 ліпеня – «абраныя парламенты» абвесцілі стварэнне трох новых савецкіх рэспублік.

Танкі, штыкі і цёмныя калідоры

Як ні шукаў аўтар, гэтак і не знайшоў выпадку ў сучаснай гісторыі дыпламатыі, калі б нейкая дзяржава аддала сваю незалежнасць іншай дзяржаве праз эканамічныя санкцыі з боку трэціх краінаў.

Ува ўсіх выпадках мела месца беспасярэдняя ваенная пагроза звонку на фоне нежадання ці негатовасці міжнароднай супольнасці падтрымаць краіну, якая аказалася пад пагрозаю. Тое, што ў гэтых умовах палітычныя лідары паддаваліся замежным ультыматумам, не было наступствам нейкіх эканамічных санкцыяў. Толькі ўласнай нерашучасці ці вайсковай слабасці.

Не эканамічныя санкцыі пагражаюць беларускай незалежнасці, а тое, што рэжым гатовы гандляваць беларускаю незалежнасцю, каб працягнуць сваё жыццё яшчэ на некалькі месяцаў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў