Яшчэ аднаму беларусу пагражае прымусовая дэпартацыя з Расеі


Штурханіна з АМАПам падчас “Ланцуга салідарнасці” ў Маладзечне 19 чэрвеня 2020 года. Акцыя пачалася ў горадзе спантанна пасля вестак аб тым, што ЦВК не зарэгістраваў Віктара Бабарыку ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Фота: Анастасія Уткіна / «Региональная газета»

Генпракуратура РФ задаволіла запыт сілавых ведамстваў Беларусі аб экстрадыцыі з краіны жыхара Маладзечна і грамадзяніна РБ Сяргея Непагоды. Пра гэта паведаміла расейская праваабаронца Дзіна Мусіна.

Паводле праваабаронцы, 16 верасня скончыўся тэрмін утрымання Сяргея Непагоды пад вартай і яго павінны былі выпусціць з СІЗА ў Санкт-Пецярбургу, але гэтага не здарылася. Непагода быў паўторна затрыманы проста ў следчым ізалятары за парушэнне міграцыйнага рэжыму (арт. 18.8 КоАП). Мужчына правёў ноч у паліцэйскім участку і цяпер знаходзіцца ў Колпінскім судзе Санкт – Пецярбурга, дзе будзе разглядацца ягоная справа.

«У выпадку, калі мужчыну прызнаюць вінаватым, да яго можа прымяняцца адміністрацыйная прымусовае выправаджэнне з краіны. Гэта значыць, ён можа апынуцца ў бліжэйшы час у Беларусі», – сказала Дзіна Мусіна.

Стала вядома, што Колпінскі суд Пецярбурга вярнуў пратакол, складзены ў дачыненні да Сяргея Непагоды за парушэнне міграцыйнага рэжыму (арт. 18.8 КаАП), у паліцыю і не разглядаў справу. Самога Сяргея пасля заканчэння пасяджэння таксама адвезлі ў паліцэйскі ўчастак. Па словах праваабаронцы Дзіны Мусінай, трымаць яго там могуць да вечара 18 верасня.

Hавiны
За сутычку з АМАПам у Маладзечне затрыманыя двое чалавек
2020.06.23 19:56

У Беларусі Сяргея Непагоду абвінавачваюць у супраціве міліцыі (ч.2 арт. 363 УК РБ). Крымінальная справа была заведзеная пасля падзей 19 чэрвеня 2020 года ў Маладзечне. Пасля таго, як на мужчыну завялі «крыміналку», ён з’ехаў у Расею. У Беларусі ён быў абвешчаны ў вышук і паўгода таму затрыманы ў Санкт-Пецярбургу. 16 верасня тэрмін утрымання пад вартай скончыўся і павінен быў адбыцца суд па абскарджанні рашэння Расейскай Генпракуратуры аб яго экстрадыцыі. Суд перанеслі, бо грамадзянін Беларусі не паспеў азнаёміцца з матэрыяламі справы. У гэты ж дзень Непагоду павінны былі вызваліць з СІЗА, але ён быў затрыманы паўторна.

ЗК/МГ/АА belsat.eu

Стужка навінаў