Прафесар Алесь Смалянчук – пра 17 верасня: Пазітыў узʼяднання Беларусі перамешваецца з трагедыяй мільёнаў людзей


Плакат у парку перамогі. Менск, Беларусь 15 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

17 верасня ў Беларусі адзначаюць гэтак званы Дзень народнага адзінства, які выклікае шмат спрэчак праз неадназначнасць падзеяў у верасні 1939 года. Які кошт заплацілі беларусы за ўз’яднанне Беларусі і калі сапраўды варта адзначаць адзінства беларускай нацыі? «Белсат» паразмаўляў з прафесарам, доктарам гістарычных навук Алесем Смаленчуком.

– Калі казаць пра 17 верасня 1939 года, то варта пачаць крыху раней, з Рыжскага міру 1921-га, у выніку якога Беларусь падзялілі на дзве часткі. Чым тыя падзеі сталіся для беларусаў?

– Вытокі 17 верасня 1939-га сапраўды можна пабачыць у падзеях, што адбыліся амаль на 20 гадоў раней, у Рыжскім міры. Гэта было паразуменне галоўным чынам паміж савецкай дэлегацыяй і дэлегацыяй Польшчы пра падзел тэрыторыяў Беларусі ды Украіны. Брала ўдзел яшчэ савецка-ўкраінская дэлегацыя, але гэта была, хутчэй, прафанацыя, бо ўкраінцы паўтаралі пазіцыю савецкай Расеі. Рыжскі мір зацвердзілі ў сакавіку 1921 года, ён моцна ўдарыў па беларускім нацыянальным руху, па надзеях беларусаў на незалежную беларускую дзяржаўнасць. Этнічную тэрыторыю Беларусі падзялілі паміж савецкаю Расеяй і Польшчаю, гэта было абсалютна штучнае рашэнне.

Тое пагадненне моцна ўдарыла не толькі па амбіцыях беларускіх палітыкаў, але і проста па беларусах: шмат якія сем’і, што аказаліся на мяжы, былі падзеленыя, для людзей гэта было шокам. Гэта быў той боль, з якім беларусы і ўкраінцы жылі ўвесь міжваенны час. Тады фактычна не было ніводнай беларускай партыі, уключаючы нават пэўныя паланафільскія арганізацыі, якія б прызналі законнасць Рыжскага міру. Гэта абвастрала і не спрыяла ўлагоджанню беларуска-польскіх дачыненняў, увесь час правакавала і выклікала канфлікты.

Алесь Смалянчук – доктар гістарычных навук, прафесар. Вядомы даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Жыве ў Горадні. Горадня . 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Варта адзначыць, што ў пэўным сэнсе правы беларусам павінны былі гарантаваць і той, і другі палітычны субʼект перамоваў: кожны з бакоў абяцаў, што будзе падтрымліваць развіццё беларускай культуры ці хаця б не перашкаджаць. Што збольшага не выконвалася. У Заходняй Беларусі фактычна знішчылі беларускае школьніцтва, што існавала ў Першую сусветную вайну і адразу пасля. Да канца 1930-х гадоў апроч Віленскай беларускай гімназіі ніводнай беларускай навучальнай установы папросту не засталося. Адбывалася дзяржаўная палітыка асіміляцыі беларусаў у Польшчы.

Калі казаць пра савецкі бок, то ў 1920-ыя гады адбыўся перыяд росквіту беларускай культуры: праводзілі палітыку беларусізацыі. Савецкі ўрад – бальшавікі – пачалі падтрымліваць беларускую культуру, каб найперш умацаваць свае пазіцыі. У той час 85 % беларускіх школаў былі беларускамоўныя, былі 4 дзяржаўныя мовы з прыярытэтам беларускай. Але ў канцы 1920-х усё гэта было перакрэслена. Палітыка падтрымання беларускай культуры змянілася палітыкай яе вынішчэння. Тут можна доўга казаць пра рэпрэсіі 1930-х, трагедыю Курапатаў. У канцы 1930-х беларуская сітуацыя была жахлівая. У БССР усё, што было хоць трохі падобна да нацыянальнай беларускай пазіцыі, вынішчалі.

Цяпер шмат згадваюць канцэнтрацыйны лагер, створаны ўладамі Польскай Рэспублікі ў 1934 годзе ў Бярозе-Картузскай (цяпер горад Бяроза Берасцейскай вобласці, гэта было месца пазасудовага інтэрнавання праціўнікаў кіроўнага рэжыму, у тым ліку камуністаў, дзеячаў беларускага і ўкраінскага нацыянальных рухаў). Там загінулі некалькі чалавек, сядзела больш палякаў і ўкраінцаў, чымся беларусаў. Гэта непараўнальна з тым, што выраблялі сталінскія чэкісты ў СССР і БССР у той час, ператварыўшы краіну ў адзін велізарны канцлагер. У выніку савецкіх рэпрэсіяў жывымі засталіся адзінкі, і гэтыя людзі былі псіхалагічна зломленыя: яны павінны былі пісаць даносы і гэтак далей.

Hавiны
«Аб’ядналі ў магілах і дэпартацыі». Топ-10 беларускіх дзеячаў – ахвяраў паходу 17 верасня
2021.09.17 08:30

– Наколькі падзеі 17 верасня 1939 года можна разглядаць у катэгорыях гістарычнай справядлівасці і несправядлівасці?

– Уз’яднанне Беларусі, беларускіх земляў было падзеяй, якую вельмі чакала беларуская эліта і не толькі. Але тут варта памятаць, што гэта было аб’яднанне ў межах сталінскага канцлагеру. Гэта не было аб’яднанне роўных з роўнымі, вольных з вольнымі. Фактычна адбыўся захоп Заходняй Беларусі з яе шматмільённым насельніцтвам і далучэнне яе да савецкага лагеру з усімі наступствамі: рэпрэсіямі і гвалтам. Практычна ўсе дзеянні савецкай улады будаваліся на гвалце. Чаго б гэта ні датычыла – культуры, адукацыі, не гаворачы пра сацыяльна-эканамічнае жыццё, – усё было пад рэпрэсіямі, што разбуралі нармальны ўклад жыцця, нормы эканомікі. І вельмі часта ператвараліся ў здзек не толькі з цела чалавека, але і ягонай душы ды розуму. Пра якую справядлівасць у такой сітуацыі можна казаць? Безумоўна, гэта быў вельмі важны для Беларусі акт уз’яднання. Але ён адбыўся ў такіх страшных умовах, што вельмі хутка шмат якія жыхары Заходняй Беларусі зразумелі, што гэта так званае вызваленне абярнулася сапраўдным заняволеннем.

– Які быў кошт ўз’яднання Беларусі для беларусаў і для палякаў?

– Кошт быў страшэнны. Кажучы пра 17 верасня, варта падкрэсліць, што гэта быў пачатак Другой сусветнай вайны для беларусаў. Вайна пачалася 1 верасня 1939 года. Гэтаму папярэднічаў пакт Молатава – Рыбэнтропа, хоць больш правільна яго называць пактам Сталіна – Гітлера, бо ішлося пра саюз Сталіна і Гітлера. Яго падпісалі ў ноч на 23 жніўня 1939 года ў Маскве як дакумент пра ненападзенне. Але, згодна з таемнымі пратаколамі, Сталін і Гітлер дзялілі паміж сабою фактычна ўсю Усходнюю Еўропу. Польшча дзялілася прыблізна напалову, Савецкі Саюз павінен быў захапіць усходнюю Польшчу разам з Варшаваю. Гэты пакт моцна паспрыяў развязванню вайны. Гітлер зразумеў, што пазбаўлены перспектывы вайны на два фронты, і мог спакойна знішчаць Польшчу. 17 верасня сваю заходнюю мяжу перайшлі войскі Чырвонай арміі, пачалася інтэрвенцыя супраць Польшчы як парушэнне савецка-польскага пакту аб ненападзенні, падпісанага ў 1934-м на 10 гадоў.

У гэты дзень у Беларусь прыйшла вайна. Вы пытаеце пра кошт? Мы ведаем, якім коштам абярнулася для Беларусі Другая сусветная вайна. Адзначаючы свята 17 верасня, атрымліваецца, мы сёння святкуем пачатак Другой сусветнай вайны.

З першымі саветамі ў Заходнюю Беларусь прыйшлі і рэпрэсіі, што закранулі ўсе катэгорыі насельніцтва. Асабліва пацярпелі палякі. Адбыліся чатыры дэпартацыі, падчас якіх вывезлі паводле розных падлікаў 180–360 тысяч асобаў. Пад дэпартацыяй разумеецца вываз, але фактычна ідзецца пра забойства людзей, бо часта іх вывозілі ў месцы, дзе жыць было практычна немагчыма. Яны гінулі ў дарозе і на месцах свайго новага пражывання.

Калі мы займаліся вуснаю гісторыяй, высветлілася, што для насельніцтва Заходняй Беларусі, амаль усе нацыянальныя групы і катэгорыі – за выключэннем палякаў – прыход саветаў успрымалі пазітыўна. Вельмі добра спрацавала савецкая прапаганда і агітацыя. Людзі былі ўпэўненыя, што жыццё наладзіцца, будзе лепей, чым было. Асабліва калі пачалі паказваць савецкае кіно, як шчасліва жыве савецкі народ. Гэта была радасць, эйфарыя. Мне распавядалі на Слонімшчыне, што людзі ішлі па 13 кіламетраў з вёскі ў Слонім, каб пабачыць савецкія танкі і прывітаць іх кветкамі.

Алесь Смалянчук – доктар гістарычных навук, прафесар. Вядомы даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Жыве ў Горадні. Горадня . 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Але, як сведчаць дакументы і ўспаміны, вельмі хутка настроі радасці змяніліся спачатку неразуменнем. А што гэта за ўлада, якая дазваляе камусьці забіваць, напрыклад, памешчыкаў ці асаднікаў ды сама штурхае на гэта? А што гэта за ўлада, якая дазваляе рабункі, забірае чужую маёмасць? Ужо ў 1940 годзе сярод беларусаў расце настрой, як пазбавіцца ад гэтай улады. Усё больш зʼяўлялася справаў, якія вёў НКВД супраць тых, хто ўздымаўся на барацьбу. У антысавецкім падполлі сустракаецца даволі шмат беларусаў.

Неразуменне змянілася ростам варожасці. На гэта паўплывалі і вышэйзгаданыя дэпартацыі. Людзі згадвалі, як у лютым 1940 года стаялі страшэнныя маразы па 30–40 градусаў, і ў такое надвор’е збіраліся вывозіць палякаў. Суседзі прыходзілі да іх, плакалі і спачувалі. Гэта стварала разуменне, што гэта за ўлада. У дадатак – пастаянная хлусня ўва ўсім: людзі бачылі, што адбываецца насамрэч, а ў газетах чыталі зусім іншае. Ці яшчэ прыклад. Людзей заклікалі браць удзел у выбарах. Чалавек прыходзіў галасаваць і бачыў у бюлетэні адно прозвішча. У той час і польскія выбары былі недасканалыя, але там усё роўна можна было выбіраць. А тут альбо можна было галасаваць за прадстаўніка ад блоку камуністаў і беспартыйных, альбо супраць, але гэта было рызыкоўна: ты мог пасля выбараў проста не вярнуцца дахаты. 22 чэрвеня беларусы пазбавіліся гэтай улады. Толькі прыйшло іншае зло – нямецкая акупацыя.

Аналітыка
Дзень прымусовага адзінства
2021.09.17 10:30

– 17 верасня зрабілі дзяржаўным святам – Днём народнага адзінства. Як бы вы ахарактарызавалі гэты крок? Як акрэсліце цяперашняе месца 17 верасня ў беларускай гістарычнай памяці?

– У Беларусі ёсць дзве памяці пра гэты дзень. Адна – гэта той афіцыёз, які апошнім часам пачаў актыўна развівацца. Доўгі час у Беларусі афіцыйна гэтай даты ніяк не адзначалі, пра яе папросту забыліся. Можа, баяліся, што святкаванне гэтага дня на дзяржаўным узроўні можа падштурхнуць беларускі нацыяналізм. А цяпер прыгадалі, афіцыёз пачынае набіраць абароты. Гэта абсалютна штучная, ненатуральная з’ява. А форма правядзення ператварае ўсё ў дэмагогію і хлусню. Я ўпэўнены: калі зменяцца палітычныя абставіны, гэтае свята знікне бясследна.

І ёсць другая памяць – памяць беларусаў, якая сведчыць пра трагедыю. Гэта пачуццё, што прыйшла вайна, што ў Беларусі ўсталявалася вельмі моцная, бязлітасная да чалавека ўлада. У Польшчы ўсё ж суд працаваў, пры гэтым частыя былі выпадкі, калі польскі суд вызваляў камуністаў, бо паліцыя не магла даць належных доказаў камуністычнай дзейнасці. Польскі суд не прымаў сведчанняў паліцэйскіх даносчыкаў ці правакатараў. У Савецкім Саюзе, як мы добра ведаем, суда фактычна не было. Суд быў прыдаткам карных органаў, элементам рэпрэсіўнага механізму. І звычайныя людзі раптам адчулі сябе абсалютна бездапаможнымі.

Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафесар. Вядомы даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Жыве ў Горадні. Горадня . 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Польская ўлада ў той час была для палякаў, а не для беларусаў. Аднак, кажучы пра беларусаў, калі чалавек не лез у палітыку, не змагаўся за беларускую школу, мову, не мітынгаваў з патрабаваннем уз’яднацца з БССР, то ягонае прыватнае жыццё дзяржаву не цікавіла: жыві як хочаш, маеш гаспадарку – развівай, працуй, маеш усе магчымасці. У Савецкім Саюзе ў чалавека не было прыватнага жыцця. Яно мусіла быць цалкам упісанае ў савецкі ідэалагічны рэжым. Хто не ўпісваўся, той папросту гінуў у сталінскіх лагерах.

Прывяду ў прыклад Браніслава Тарашкевіча, ягоная біяграфія вельмі характэрная. Асуджаны ў Польшчы ў «справе Беларускай сялянска-работніцкай грамады», атрымаў восем гадоў, пасля тэрмін зменшылі да чатырох. У 1933-м яго абмянялі ў савецкіх уладаў на беларускага драматурга Францішка Аляхновіча. Яны былі знаёмыя, ёсць такі апокрыф: калі яны падчас абмену на мяжы ішлі насустрач адзін аднаму, Аляхновіч сказаў: «Бронюсь, што ты робіш? Ты загінеш». Тарашкевіч быў упэўнены, што ўсё для яго будзе добра. Першы год-другі ён працаваў у розных структурах, усё сапраўды было нармальна. А потым пачаліся рэпрэсіі, яго арыштавалі ды асудзілі на смерць. Прызнаў усю віну, што ён польскі шпіён з велізарным стажам. Яго прысудзілі да расстрэлу недзе ў пачатку 1938 года, але загінуў увосень 1938-га. Увесь гэты час яго білі, катавалі, прымушалі падпісваць новыя і новыя дакументы, дзе фігуравалі імёны іншых людзей. Шмат людзей былі арыштаваныя нібыта праз тое, што Тарашкевіч даў сведчанні супраць іх. Гэта быў ужо не чалавек, а напаўжывая істота, якая яшчэ магла трымаць у руцэ асадку і падпісваць тое, што падсоўвалі яму чарговы раз. Ён загінуў ад катаванняў. І падобны лёс напаткаў многіх.

Яшчэ вельмі важны момант, чаму не варта казаць пра ўз’яданне ў гэты дзень. У верасні 1939 года і пазней старая мяжа не знікла. Паехаць з Менску ў Горадню было немагчыма без афармлення спецыяльнага пропуску. Мяжа заставалася, на ёй стаялі памежнікі. Гэта рабілася для таго, каб правесці гэтае аб’яднанне, далучыць Заходнюю Беларусь да БССР, папярэдне правёўшы тут рэпрэсіі над ворагамі народу. І другі момант: баяліся адкрыць мяжу. Калі б людзі паехалі з Горадні ў Менск, то пабачылі б пустыя паліцы ў крамах, як сапраўды жывуць людзі, што такое калгасы, дзе галоўны клопат людзей быў выжыць, не памерці з голаду. Гэта былі не тыя калгасы, якія паказвала савецкае кіно. Таму трэба было ізаляваць людзей ад інфармацыі і даць магчымасць карным органам правесці масавыя рэпрэсіі ды палітыку масавага запалохвання для ўмацавання савецкай улады.

Мяжа знікла толькі ў 1941 годзе, калі прыйшлі немцы. Яны ў сваю чаргу пачалі ствараць свае, новыя межы. Гэта быў таксама страшны час.

Пасля вайны 17 верасня ў пэўны момант адзначалася. А потым Польшча стала саюзніцаю БССР. І хоць савецкія падручнікі былі перапоўненыя вобразам паляка-ворага, ідэалогія ставілася да гэтага пытання дастаткова стрымана. Другая прычына – тэма пачатку вайны для савецкай ідэалогіі ды гістарыяграфіі была табуяваная. Актыўна развівалася і прапагандавалася тэма нападу гітлераўскай Нямеччыны на СССР у чэрвені 1941 года. Калі падчас экспедыцыяў мы размаўлялі са сталымі людзьмі, васьмідзесяці і больш гадоў, ды запытвалі, калі пачалася вайна, то жыхары Заходняй Беларусі заўсёды казалі, што ў верасні 1939-га, а жыхары Усходняй Беларусі – 22 чэрвеня 1941-га.

Дзяржаўныя сцягі каля стэлы Менск – горад-герой. Менск, Беларусь 15 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

І трэцяе. Уз’яднанне БССР у агульнагістарычным маштабе было вельмі важнай і пазітыўнай падзеяй для Беларусі. У савецкай улады быў страх справакаваць нацыянальныя настроі. Гэты нацыянальны аспект увесь час намагаліся выкінуць, падкрэсліваючы сацыяльныя моманты. Але зноўку вяртаючыся да ўспамінаў людзей, непараўнальны быў той прыгнёт у Польшчы, дзе людзі працавалі ды мелі заробкі, і ў Савецкім Саюзе. Вядомая сітуацыя, калі чырвонаармейцы хапалі добра апранутых людзей на вуліцах Горадні, думаючы, што гэта памешчыкі ці капіталісты. І былі вельмі здзіўленыя, што гэта звычайныя рабочыя, якія атрымліваюць прыстойны заробак і могуць набыць сабе добры гарнітур, яны саромеюцца выходзіць на вуліцу ў працоўнай вопратцы.

– Як вы бачыце гістарычнае, сімвалічнае адзначэнне гэтай даты? Як тыя падзеі 17 верасня мусяць фіксавацца ды існаваць у свядомасці беларусаў?

– Гэта падзея вельмі важная ў агульнагістарычным маштабе беларускай мінуўшчыны. Але я катэгарычна супраць такога штучнага святкавання, чарговай кампаніі хлусні і невуцтва, якое сёння мы назіраем як працяг самых кепскіх савецкіх традыцыяў.

Калі я назіраю сёння шматлікія выступы да Дня народнага адзінства, згадваю брэжнеўскі час, калі на краіну накатваўся шал абсалютна тупой ідэалогіі. Спадзяюся, гэта як вада аб камень – абмые ды вернецца ў рэчку ці мора. За 27 гадоў нашай незалежнасці шмат зроблена гісторыкамі, каб расказаць праўду пра падзеі верасня 1939-га. Гэта свята, якое ператвараецца ў трагедыю.

Конусы перад пафарбаванымі люкамі каля Менск-арэны. Менск, Беларусь 16 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Найлепшы варыянт – у гэты дзень збіраць гісторыкаў з розных краінаў, у тым ліку польскіх, і размаўляць пра тыя падзеі. Гэта нагода задумацца над вельмі важнай і вельмі складанаю для ацэнкі падзеяй у беларускай гісторыі. Пазітыў уз’яднання перамешваецца з трагедыяй мільёнаў людзей, якія трапілі ў сталінскі лагер. І з трагедыяй беларускай эліты, якую ў межах Польшчы пераследавалі, але яна была ў стане жыць і працаваць, у адрозненне ад беларускай эліты БССР, якая ў канцы 1930-х гадоў фактычна перастала існаваць.

– Ці трэба беларусам наагул свята адзінства?

– Вядома, трэба. Але не 17 верасня. У нас ёсць 25 сакавіка – Дзень Волі, цікава, што так гэты дзень называлі яшчэ ў міжваенны час. Цудоўны дзень: абвяшчэнне незалежнасці, першая спроба абвясціць дзяржаўнасць, што скончылася няўдала, але без чаго не было б БССР і Беларусі. Гэта дзень, які нікога не прыніжае з суседзяў, гэта чыста беларускае свята. Чым не дзень яднання? І, безумоўна, абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе. Такія дні павінны быць, на такіх святах трымаецца і будуецца гістарычная памяць.

Intermarium
17 верасня 1939 года: вызваленне ці акупацыя Беларусі?
2018.09.16 22:30

СП belsat.eu

Стужка навінаў