Новая хваля каронавіруса ў Беларусі: чэргі, нястача дактароў і абмежаванні ковідных выплатаў


У Беларусі, як і ўва ўсім свеце, пачалася чарговая хваля каронавіруса. Але яшчэ большаю праблемаю для грамадзянаў нашай краіны сталася тое, што ў шпіталях востра адчуваецца нястача дактароў. Яшчэ летам медыі пісалі, што ў медычных установах дэфіцыт больш за 10 тысяч медыкаў. Цяпер, калі людзі вымушаныя больш звяртацца ў больніцы, гэта стала моцна адчувальным.

Фота: ІА / Белсат

Чытачы «Белсату» паведамляюць пра імклівы рост колькасці інфікаваных каронавірусам і рост колькасці ахвяраў пандэміі. У Пінску, напрыклад, пачалі перапрафілёўваць установы аховы здароўя.

«У Пінскай цэнтральнай гарадской больніцы для хворых на каронавірусную інфекцыю адвялі 2/3 месцаў. Таксама для лячэння ковідных хворых перапрафілявалі Малоткавіцкую інфекцыйную больніцу і гінекалагічны корпус Пінскага міжраённага радзільнага дому. Раней у Пінск прывозілі хворых са Століна. Цяпер з імі пачаў працаваць шпіталь у гэтым раённым цэнтры. Таксама разглядаюць пытанне пра перадачу ўчастковага шпіталю ў Лагішыне пад рэабілітацыю людзей, якія перахварэлі на COVID-19», – паведамляюць чытачы «Белсату».

Жыхарка Жабінкі на Берасцейшчыне распавяла, што ў гэтым горадзе павальна заражаюцца каронавірусам:

«Людзі стаяць у доўгіх чэргах у два маленькія кабінеты на аналіз. Ёсць і смяротныя выпадкі. Напрыклад, нядаўна памерла жанчына, маці траіх дзяцей. Прыём хворых ужо больш за год збіраюцца пераносіць у старое тэрапеўтычнае аддзяленне, і толькі цяпер пачалі пераабсталёўваць кабінеты».

Чарга ў больніцу ў Жабінцы. Фота: чытачы Белсату
Чарга ў больніцу ў Жабінцы. Фота: чытачы Белсату

Чарга ў шпіталь у Жабінцы. Фота: чытачы «Белсату»

Аб’ектыў
Ажыятаж у медычных установах падчас новай хвалі каронавіруса
2021.09.16 23:24

У Кіраўску, дзе летась выбухнула моцная хваля захворванняў, таксама назіраюць рост колькасці інфікаваных каронавірусам. Кіраўчане паведамляюць, што летась большая палова людзей ужо перахварэла, а цяпер сталі масава рабіцца прышчэпкі супраць інфекцыі. Пры гэтым дактары рэкамендуюць пацыентам кітайскую вакцыну, не расейскую. На думку мясцовых медыкаў, яна лепшая. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ў Бабруйску пасля прышчэпкі расейскаю вакцынаю «Спутник V» памерла 24-гадовая жанчына.

Афіцыйнай статыстыцы даверу няма

Ахвярамі каронавіруса надалей застаюцца людзі сталага веку. Такую гісторыю распавялі чытачы:

«Мой тата памёр ад каронавіруса 27 ліпеня ў больніцы № 4. У гэтым жа шпіталі таксама ад каронавіруса памёр тата маёй сяброўкі. Калі я забірала труну з маім бацькам, а гэта было 9 жніўня, у паперах стаяў нумар 148116. Мая сяброўка забірала свайго тату 9 жніўня, і ў яе нумар быў ужо больш за 150 тысячаў. Прычым калі ў маім выпадку прычынаю смерці ўказалі COVID-19, то прычынаю смерці таты сяброўкі назвалі праблемы з сэрцам. Але дактары не здолелі нічога патлумачыць. Нават не маглі абгрунтаваць таго факту, чаму ейны бацька быў у чырвонай зоне пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Акрамя гэтага, у тым жа шпіталі ў ліпені памерла мама маёй аднакласніцы. А 28 ліпеня, калі я была ў шпіталі з паперамі, сутыкнулася з яшчэ адным знаёмым, у якога інфекцыя забрала жыццё роднага. І яны яшчэ пішуць, што ахвяраў каронавіруса ў нас зусім не шмат. Агулам нібыта каля 10 чалавек за дзень памірае. Гэта ж зусім не адпавядае рэчаіснасці».

Фота: чытачы Белсату
Фота: чытачы Белсату
Аб’ектыў
Чэргі ў паліклінікі – дэфіцыт дактароў ці чацвёртая хваля?
2021.09.14 23:10

Дактароў не стае

На фоне таго, што колькасць зваротаў у больніцы вырасла, людзі скардзяцца, што востра не стае дактароў. Гэтак, мянчук прачакаў у чарзе ў шпіталі амаль 9 гадзінаў.

«Людзей было больш за 100 прыблізна. Лекараў не хапае, яны звальняюцца. Мая малодшая дачка ў жніўні зламала руку. У дарослай больніцы нас прыняў добры, уважлівы доктар. Зламала руку 15 жніўня, а зняць не можам, бо той лекар звольніўся. А ў дзіцячай больніцы адмовіліся здымаць. Сказалі, хто лячыў, той хай і здымае. Цяпер не толькі сталыя людзі нікому не патрэбныя, але і дзеці. Як жыць, адкажыце!?» – пытае ў роспачы жыхар сталіцы.

Фота: Белсат

Яшчэ адзін такі прыклад прывёў таксама жыхар Менску, які наведваў сталічную паліклініку № 10:

«Чарга на ЭКГ для дзяцей з раніцы – 10 асобаў. На адно дзіця патрабуецца 10–15 хвілінаў, кабінет працуе толькі з 8:00 да 12:00. А пасля гадзіны чакання доктарка наагул забрала апарат і пайшла на другі паверх, бо такі апарат адзін на ўсю паліклініку».

Медыкі кажуць, што расейская вакцына не дапамагае

Абураюцца існаю сітуацыяй і дактары. Здзіўляе іх, напрыклад, патрабаванне адміністрацыі класці ў шпіталі толькі асобаў з пацверджаным ковідам.

«Такім чынам, пакуль чалавек будзе чакаць (3–5 дзён!!!) вынік, хутчэй за ўсё, ён удома памрэ. Бо накіроўваем толькі тых, хто сапраўды мае патрэбу ў медычным лячэнні ў больніцы. Такім чынам штучна зніжаецца статыстыка пра захворванні і смяротнасць», – адзначае медык з Берасцейскай вобласці.

Доктар, які просіць не называць ягонага імя, распавядае, што медыкам істотна абмежавалі ковідныя выплаты:

«Надбаўкі засталіся, але значна скараціліся. Напрыклад, у пазамінулым месяцы ў мяне было 16 пацыентаў (столькі дазволілі пакінуць) у кантакце са мною. За гэта заплацілі 450 рублёў даплаты. У мінулым месяцы было тых жа 16 чалавек, але дадалі ўсяго 180 рублёў. Заробак за месяц склаў 470 рублёў, і гэта з ковіднымі. А ў пазамінулым месяцы – 980 рублёў».

Пры гэтым доктар кажа, што вакцынацыя не дапамагае. У шпіталях, паводле яго, шмат людзей ляжыць з дзвюма зробленымі прышчэпкамі, хварэюць цяжка:

«У знаёмай дачка працуе ў фармацыі, фасуе вакцыну. Яе там размарожваюць, бо прыходзіць з Расеі ў вялікіх літражах, фасуюць у нас і зноў замарожваюць. Вакцыну пасля размарожвання нельга зноў марозіць, а мы гэта даём людзям… Цяпер вялікая колькасць хворых, шмат ідзе на кісларод. Я лічу, што без каранціну не будзе нічога добрага».

Аб’ектыў
Чаму беларусы не давяраюць вакцынацыі?
2021.08.31 23:24

СК belsat.eu

Стужка навінаў