«Google» і «Apple» выдалілі праграму «Навальны», звязаную з «Разумным галасаваннем»


Кампаніі «Google» і «Apple» выдалілі з сваіх онлайн-крамаў праграму «Навальны» з функцыяй «Разумнага галасавання». Пра гэта ў тэлеграм-канале паведаміла каманда апазіцыянера. Пры гэтым у «Google Docs» дасюль даступны дакумент са спісам рэкамендацыяў, піша vot-tak.tv.

У прыкладанні публікавалі навіны каманды Аляксея Навальнага. Таксама ў ім быў доступ да рэкамендацыяў «Разумнага галасавання». Гэты праект уяўляе сабою спіс кандыдатаў, якія маюць шанцы перамагчы прадстаўніка «Единой России» ў кожнай акрузе.

«Цяпер усе сусветныя медыі будуць пытаць «Apple» і «Google», як жа так здарылася, а іх карпаратыўныя юрысты будуць мычэць пра «legal compliance», пра неабходнасць «выконваць законы краінаў, у якіх мы працуем». Дык вось, гэта ўсё «bullshit», лухта. Ёсць універсальныя правы чалавека, якія ляжаць у аснове сучаснай цывілізацыі», – напісаў у тэлеграм-канале Леанід Волкаў, паплечнік Аляксея Навальнага.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

19 жніўня «Раскамнагляд» запатрабаваў ад «Apple» і «Google» выдаліць дадатак «Навальны» з «App Store» і «GooglePlay», спаслаўшыся на сувязь праграмы з ФБК. У верасні ведамства прыгразіла IT-гігантам шматмільённымі штрафамі ды абвінавачаннем ва ўмяшанні ў выбары.

16 верасня кампанія «Apple» паведаміла расейскім уладам, што не можа выдаліць праграмы «Навальны» з «App Store». Пра гэта прадстаўнікі карпарацыі заявілі на пасяджэнні часовай камісіі Савету федэрацыі пра замежнае ўмяшанне. Прадстаўнікі «Apple» казалі, што яны тэхнічна не могуць выдаліць гэтага дадатку. Акрамя таго, яны спаслаліся на «пэўныя прававыя тонкасці», якія не дазваляюць галошнай кампаніі ўплываць на «App Store».

На пасяджэнне таксама запрашалі менеджара кампаніі «Google». Прадстаўнік фірмы гатовы быў выступіць, аднак яго не сталі слухаць. Сенатар ад «Единой России» Андрэй Клімаў патлумачыў, што ў работніка «Google» не было засведчанай даверанасці на выступленне ад імя карпарацыі.

vot-tak.tv

Стужка навінаў