Генпракуратура пацвердзіла прыпыненне справы Рамана Бандарэнкі

Партрэт забітага Рамана Бандарэнкі. Фота: Белсат

Паведамленні аб прыпыненні крымінальнай справы аб забойстве Рамана Бандарэнкі пачалі з’яўляцца ўвечары 16 верасня. Цяпер жа Генпракуратура Беларусі дала афіцыйны каментар.

«Расследаванне крымінальнай справы па факце смерці Рамана Бандарэнкі прыпынена на падставе п. 1 ч. 1 арт. 246 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь з прычыны невысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага», – адзначылі ў ведамстве.

Справа была заведзеная па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у выніку якіх мянчук Раман Бандарэнка памёр у шпіталі. Да з’яўлення афіцыйнага каментара родным і адвакату нічога не паведамлялі аб прыпыненні справы.

Ад штрафаў і содняў да 8 гадоў турмы. Як улады караюць за справу Рамана Бандарэнкі

Трагедыя здарылася ў лістападзе 2020 года. Рамана затрымалі на Плошчы Пераменаў пасля канфлікту з людзьмі, якія зразалі стужкі. Мужчына сканаў у рэанімацыі Менскага шпіталю хуткай дапамогі, куды яго прывезлі пабітага ў цяжкім стане з Цэнтральнага РУУС. Раману быў 31 год.

Спачатку расследаваннем займаўся Следчы камітэт. Але хутка па загадзе Лукашэнкі справу перадалі Генеральнай пракуратуры, якая праз 10 месяцаў пасля забойства прыпыніла справу.

Блізкі сябар Рамана Бандарэнкі: Ён хацеў пачаць жыццё з чыстага аркуша

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны