Былы капітан МУС: Служба цяжкая, але прызвычайваешся, што заробак – у адзін і той жа дзень


Экс-капітан беларускай міліцыі Ягор Емяльянаў мусіў уцячы з Беларусі праз пераслед уладаў пасля таго, як адмовіўся выконваць загады і звольніўся. Мужчыну некалькі разоў затрымлівалі, а потым завялі супраць яго крымінальную справу. Былы сілавік распавёў «Белсату», што перажыў.

Перад выбарамі Емяльянаў прыблізна 6 гадоў быў на пасадзе камандзіра ўзводу Наваполацкага аддзелу дэпартаменту аховы МУС. Агульная выслуга складала 17 гадоў. У ягоным зводзе былі з 20 асобаў, сярод якіх – кінолагі і міліцыянты з аховы ведамасных пастоў.

«Асноўнаю нашаю задачаю было ахоўваць парадак і ўласнасць. Тыя задачы, якія варта было выконваць пасля выбараў, рэзка адрозніваліся ад нашых заданняў. Бо разгоны мітынгаў у нашыя задачы не ўваходзілі, гэта была вялікая рэдкасць – паездкі на трэнаванні. Нас да гэтага не рыхтавалі, але адпаведнае экіпаванне ў падраздзяленні было», – распавядае Ягор.

Былы міліцыянт Ягор Емяльянаў і журналістка Арына Маліноўская падчас здымкаў праграмы «Белсату» «Шчыра кажучы», прысвечанай беларускім сілавікам.
Фота: Белсат

Міліцыянта ніхто не прымушаў нічога рабіць, але інфармацыю падавалі гэтак, быццам удзельнікі мітынгаў ладзяць масавыя закалоты:

«Маё меркаванне было іншым. Надзяваючы рыштунак, каб ісці на разгон людзей, якія нічога не чыняць, захопліваць ці шкодзіць будынкаў не збіраюцца, большасць маіх супрацоўнікаў не збіралася нічога рабіць з тымі, хто мірна выходзіць на пратэсты. Але нам даводзілі інфармацыю, што ўдзельнікі пратэстаў чыняць нейкія актыўныя дзеянні, якія варта будзе спыняць».

Са сваім кіраўніцтвам Ягор актуальныя падзеі леташняга жніўня не абмяркоўваў:

«Усё было даволі стыхійна. Інфармацыя даходзіла з вялікімі цяжкасцямі. У тыя абрыўкі, што мы атрымлівалі, не хацелася верыць. Таму агульную карціну мы, ці лепей казаць толькі за сябе, я ўяўляў, але хацелася верыць, што гэта не зусім так і хтосьці дзесьці перабольшвае, аднабока падае інфармацыю, вырывае з кантэксту. Але за пару дзён людзі, якіх я ведаю і якія самі былі на мітынгах, мне ўсё гэта распавядалі. І фотаздымкі ды траўмы, атрыманыя людзьмі… Я быў не згодны з тым, што ад нас патрабавала кіраўніцтва – выходзіць і душыць мітынгі».

Былы міліцыянт Ягор Емяльянаў падчас здымкаў праграмы «Белсату» «Шчыра кажучы», прысвечанай беларускім сілавікам.
Фота: Белсат

Мужчына падкрэсліў, што ягонае кіраўніцтва было такім жа падначаленым, як і ён перад ім, і загады варта было выконваць, калі хочаш служыць: «Наколькі я ведаю, мае супрацоўнікі не ўжывалі фізічнай сілы да людзей. Мы былі не на перадавой, а на ахове гарвыканкаму. Пісталеты нам выдавалі, гэта стандартны наш рыштунак для нясення службы. Без баявых патронаў сэнсу ісці кудысьці, з пустым пісталетам, няма».

Адмовіцца выконваць службу Емяльянаў пастанавіў праз колькі дзён пасля выбараў, але вагаўся з самога пачатку: «З 8-га на 9-га, калі паступіў загад рушыць дапамагаць на нашую цэнтральную плошчу, у мяне адбыўся першы пераварот свядомасці. Я зразумеў, што катэгарычна не магу туды пайсці. Але варта было прымаць рашэнне даволі хутка. Бо быў і такі варыянт: прыйсці на плошчу і ўжо беспасярэдне там сысці ды кінуць сваіх калег. А гэтага я таксама не здолеў бы зрабіць. Таму я папрасіў аднаго з кіраўнікоў вызваліць мяне ад неабходнасці ісці на плошчу. Мой кіраўнік спакойна сказаў мне перадаць рыштунак іншаму супрацоўніку, пасля чаго я проста застаўся ў аддзеле.

Я разумеў, што калі б мне загадалі на плошчы ўжываць фізічную сілу да людзей, то не ўдалося б проста выканаць загаду і потым пераканаць сябе, што гэта была чужая воля і проста мая служба».

Абноўлена
У Кіеве затрымалі беларускіх уцекачоў, сярод іх – былы міліцыянт
2021.09.16 12:53

Рашэнне звольніцца не выклікала ў калег Ягора відавочнага асуджэння.

«Ні ад каго я не пачуў кепскага слова. Некаторыя мне нават ціснулі руку і казалі, што я мужык. І не толькі ў маім аддзеле, і на высокіх пасадах людзі. Хаця яны засталіся служыць на сваіх месцах. Мяне здзіўляе гэта. І тое, што цяпер, калі нехта звальняецца, яго пытаюць, ці я яго на гэта намовіў», – згадвае былы міліцыянт.

Разам з Емяльянавым пайшлі са службы 9 чалавек. Рашэнне іншых застацца на сваёй працы ён тлумачыць фінансавай стабільнасцю: «Хоць служба і цяжкая, ты прызвычайваешся, што ў цябе заробак – у адзін і той жа дзень. Ты ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Бо мы ж разумеем, што міліцыя будзе заўжды. Мае былыя калегі кажуць, што хочуць звольніцца, але не робяць гэтага, не зважаючы на сітуацыю ў краіне і на тое, што ў іх ёсць іншыя варыянты. Шмат хто прызвычайваецца да таго, што адпрацаваў і пайшоў дадому, не баішся нейкіх крызісаў. Кватэру калі будаваў, мне далі крэдыт пад 5 %.

Чалавек разумее, што там будзе цяжка, не будзе гэтай упэўненасці ў заўтрашнім дні. Трэба будзе шукаць працу, і, можа, будуць яшчэ нейкія цяжкасці. І чалавек застаецца, бо думае, што прэміі тут дадуць тым, хто маладзец, хто выканаў загад, хто працаваў у свой дадатковы час.

Пасля выбараў падчас асноўных мітынгаў мы амаль не бывалі ўдома. Прыходзілі толькі паспаць і зноў заступалі на содні на працу. І вось кожны выбірае сваё. Калі іх перастануць добра карміць, то і яны сыдуць. Бо чалавек жа шукае, дзе лепей».

Ягор прызнаўся, што пасля звальнення знайсці працу не было для яго праблемай, яму рабілі прапановы не толькі ў ягоным горадзе, але і ў Менску. Гэтак былы сілавік стаў фітнес-трэнерам. А пазней з’ехаў ва Украіну.

belsat.eu

Стужка навінаў