Журналісту Пачобуту выставілі новае абвінавачванне


Палітзняволенаму журналісту і актывісту Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту выставілі новае абвінавачванне. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс і журналісту Анджэю Пачобуту. Беласток, Польшча. 2 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле звестак БАЖу, Пачобуту выставілі абвінавачванне паводле арт. 361 КК («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, скіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

Артыкул, што прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі, з’явіўся ў Крымінальным кодэксе ў снежні 2021 года, калі журналіст ужо быў за кратамі амаль 9 месяцаў.

Артыкулы
Стала вядома, у чым вінавацяць журналіста Анджэя Пачобута
2022.07.31 20:30

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Здзяйсненне групай асобаў наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і няроўнасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйсненне наўмысных дзеянняў у рэабілітацыі нацызму»).

У абвінавачанні вядзецца пра тое, што Пачобут публічна назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах справы фігуруюць заявы Пачобута ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра жорсткае здушэнне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў