Суд у «справе аб дзяржперавароце» абвясціў вялікі перапынак


17 жніўня на судзе ў справе «змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады» дапыталі ў якасці сведкаў палітыка Сяргея Калякіна і журналістку Святлану Калінкіну. Пасля гэтага быў абвешчаны вялікі перапынак: 26 жніўня, як чакаецца, пачнуцца спрэчкі бакоў. Пра гэта паведамляе «Sputnik-Беларусь».

Сёння ў судзе ў якасці сведкі дапыталі лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна. Пытанні пракурора да Калякіна тычыліся таго, ці запрашалі яго абвінавачваныя ўдзельнічаць у «змове з мэтай зрынання ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Калякін паведаміў суду, што ведае трох з пяцярых абвінавачваных – Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва і Юрыя Зянковіча.

Адказваючы на ​​пытанне дзяржаўнага абвінаваўцы, Калякін заявіў, што яму ніхто не прапаноўваў удзельнічаць у зрынанні ўлады неканстытуцыйным шляхам, таксама яму не прапаноўвалі ўдзельнічаць у Zoom-канферэнцыях. Калякін заявіў, што, на ягоную думку, абвінавачваныя не маглі мець намераў гвалтоўнага захопу ўлады ў краіне. Выходзячы з залы суда пасля допыту, Калякін пазычыў абвінавачваным поспеху.

Святлана Калінкіна, якую ў суд для дачы паказанняў выклікала абарона Фядуты, сказала, што ведае абвінавачванага з 1995 года. Яна назвала Фядуту чалавекам-энцыклапедыяй, прыхільнікам палітыкі здаровага сэнсу і адзначыла, што ніколі не сустракала ў ягонай публіцыстыцы экстрэмісцкіх матываў.

Калінкіна таксама кампліментарна выказалася ў дачыненні Кастусёва як палітыка і чалавека, нават папрасіла прабачэння за тое, што некалі дазволіла сабе рэзкае публічнае выказванне на ягоны адрас. У пракурора і суда да Калінкінай пытанняў не было.

Аналітыка
За тыдзень судовага разгляду справы «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады» сапраўднай змовы не выявілася
2022.08.05 18:44
  • Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве пры дапамозе ФСБ, а Рыгора Кастусёва ў той жа дзень у Шклове. Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады.
  • 17 красавіка 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі рыхтаваўся «вайсковы пераварот», маўляў, амерыканскія спецслужбы з санкцыі Джо Байдэна хацелі яго забіць. У сваю чаргу, ФСБ 17 красавіка апублікавала прэс-рэліз, дзе распавяла пра супольную спецаперацыю з КДБ: пра Байдэна там не было, але сцвярджалася, што «мяцеж» рыхтаваўся пры дапамозе ўкраінскіх нацыяналістаў.
  • Як паведамлялася ў заяве ФСБ Расеі, Зянковіч і Фядута зарганізавалі абмеркаванне ўзброенага мяцяжу ў прыватных чатах і сустракаліся ў Маскве з «апазіцыйна настроенымі генераламі» Узброеных сілаў Беларусі. Але пазней стала вядома, што ніякіх «апазіцыйна настроеных генералаў» не існавала, гэта былі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, якія выдавалі сябе за генералаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў